Пісьмы сабе і іншым

Адным з яркіх уражанняў для мяне ў годзе, які надышоў, стала кніга — перапіска Астрыд Ліндгрэн з падлеткам Сарай Шварт (Юнгкранц). Выданне знайшлося ў адной незвычайнай кнігарні. Назва ў кнігі арыгінальная: “Вашы пісьмы я захоўваю пад матрацам”, і гэта зразумела, бо ўдзельніцы гэтай перапіскі — людзі незвычайныя, адной з якіх у той час было 63, а другой — 12 гадоў. Перапіска завязалася ў 1971 годзе і скончылася толькі са смерцю пісьменніцы ў 2002-м. Узроставая розніца ў 50 гадоў не перашкаджала іх сяброўству і адкрытаму дыялогу пра жыццё. “Ужывую” Астрыд Ліндгрэн і Сара Юнгкранц так і не сустрэліся. Але ў гэтых пісьмах мы пазнаем вялікую пісьменніцу з невядомага боку і зразумеем, як важна падлетку быць зразумелым і пачутым. А ці толькі падлетку?

Гэта важна людзям усіх узростаў. Астрыд Ліндгрэн нам, на жаль, ужо ніколі не напіша, можа, і іншым значным для нас людзям не хопіць сіл ці часу хутка адказаць на выклікі нашага жыцця, затое мы самі заўсёды ёсць у сябе і час ад часу можам карыстацца эпісталярным жанрам, ствараючы пісьмы для сябе натхнёна і радасна. Гэта пісьмы, якія не трэба адпраўляць па пошце (хаця, і можна), гэта немагчымыя пісьмы, якія ўсё ж магчымы. Выбірайце тэму, ракурс, стыль, час і карыстайцеся рэсурсам, надзвычайным па прастаце і складанасці, даступнасці і недасягальнасці, статычнасці і зменлівасці, рэальнасці і эфемернасці, — псіхалагічным пісьмом да сябе або іншага. Выбірайце варыянт з прапанаванага або дазвольце разгуляцца сваёй фантазіі.

Псіхалагічныя пісьмы служаць цікавым і захапляльным сродкам пошуку рашэнняў у цяжкіх сітуацыях, сродкам выяўлення і абароны сваёй пазіцыі. Пісьмы спрыяюць самавыяўленню, вучаць нас прадбачыць магчымую рэакцыю іншых. Акрамя таго, яны дазваляюць нам навучыцца атрымліваць задавальненне ад гэтай класічнай, распаўсюджанай ва ўсіх культурах формы зносін. Тое, што на першы погляд здаецца незразумелым, неймаверным і немагчымым, напісаным становіцца больш зразумелым і менш пагражальным. Пісьмы здольны гасіць страх перад моцнымі адчуваннямі і дзёрзкімі думкамі і часта становяцца своеасаблівымі “пробнымі дзеяннямі”. Нярэдка яны становяцца першым дзейсным крокам да праяснення ўласнай пазіцыі і да зніжэння напружанасці ва ўзаемаадносінах з іншымі. Дзякуючы сваёй спецыфічнай форме пісьмы даюць многім людзям неабходнае адчуванне бяспекі.

Варыянт 1.

Незвычайнае пісьмо

Такое пісьмо можа быць адрасавана жывым істотам і нежывым прадметам, жывёлам і раслінам, месяцу і зоркам, прадметам мэблі. З яго дапамогай мы можам узмацніць сваю сувязь з жыццём і светам, вярнуцца да таго спосабу перажывання, якім мы ўсе валодалі ў дзяцінстве, калі яшчэ не ведалі, што размаўляць можна толькі з людзьмі, і спакойна і бесперашкодна мелі зносіны з усім, што нас акружала. Зразумела, той прадмет або істота, якой мы напішам пісьмо, можа напісаць нам адказ.

Гэтае практыкаванне любяць дзеці. Чаму б і нам не напісаць пісьмо якому-небудзь каменю? Што гэта за камень? Можа, каштоўны камень? Валун? Каменьчык у ручаі?

Што вы паведаміце каменю? Ці адчуваеце вы сябе часам таксама, як ён? Ці можаце ўявіць, што камень таксама можа адчуваць і думаць? Што-небудзь яшчэ? Калі хочаце, камень можа адказаць вам невялікім пісьмом. Што ж ён вам скажа?

Варыянт 2.

Пісьмо гістарычнаму персанажу

Гэтае практыкаванне дазволіць сфармуляваць погляды на жыццё, нестандартна выказаць свае каштоўнасці і ўстаноўкі. Гэты варыянт дае цікавую магчымасць супаставіць агульнапрынятыя каштоўнасці і ўяўленні са сваімі меркаваннямі і думкамі. Падлеткам таксама спадабаецца такое заданне. Дзеці больш малодшага ўзросту могуць уявіць, што ў іх ёсць чароўныя паштовыя маркі, якія дазваляюць пісьму пераадольваць вялікія адлегласці ў часе і прасторы. Можна прыдумаць і пісьмо з адказам ад гістарычнага ці літаратурнага персанажа. Ці не напісаць нам пісьмо Зігмунду Фрэйду? Пішыце паралельна са сваімі дзецьмі, а потым захоўвайце пісьмы ў дамашняй калекцыі як каштоўнасць.

Варыянт 3.

Паслухай сваё цела

У сучасным жыцці праблемы здароўя хвалююць усё больш людзей. Гэты варыянт пісьма добры тым, што ў ім даецца слова самому целу. Пры гэтым гаворка можа ісці пра хваробу, траўму, небяспечную цягу, прафілактыку або рэабілітацыю. З іншага боку, пісаць можна і пра работу над сваім цялесным вобразам.

Ці гаворыць вам што-небудзь ваша цела? Ці задаволена яно тым, як вы пра яго клапоціцеся? Або ж яно часам адчувае, што вы ад яго вельмі многа патрабуеце? Магчыма, нейкія органы або часткі цела скардзяцца? Або ваша цела адчувае, што вы яго няправільна корміце? Ці ёсць якія-небудзь прыкметы, якія паказваюць на гэта? Ці даяце вы свайму целу дастаткова часу для адпачынку? Ці клапоціцеся вы пра захаванне свайго здароўя?

Калі хочаце быць упэўнены ў тым, што абыходзіцеся з целам добра і яно ў будучыні зможа вам дарыць радасць, зрабіце наступнае… Выберыце частку цела або орган, які вас асабліва цікавіць, і ўявіце, што гэтая частка цела піша вам пісьмо. Прычым гэтая ваша частка вельмі прагматычная. Яна гаворыць без хітрыкаў і пераходзіць адразу да справы. Чвэрць гадзіны папрацуйце сакратаром ва ўсяго або часткі вашага цела…

Варыянт 4.

“Пісьмо з нябёсаў”

Уявіце, што вы на прагулцы. Ідзяце па дарозе, якая вам падабаецца, атрымліваеце асалоду ад навакольнага свету. Вы адчуваеце сябе лёгка і свабодна, вы адкрыты да ўсяго, што можаце бачыць і чуць, да ўсяго, што адбываецца вакол вас. Уявіце, што з неба да вас павольна апускаецца нейкае пісьмо і кладзецца на зямлю якраз каля вашых ног. Вы спыняецеся і падымаеце яго. Што аказалася ў вашай руцэ? Гэта запячатаны канверт, складзены лісток ці штосьці іншае? Ці напісана на ім імя адпраўшчыка? Хто адзначаны ў якасці адрасата? Ці хочацца вам прачытаць гэтае пасланне? Ці можаце вы яго разабраць? Яно напісана ад рукі ці надрукавана? А можа, яно выканана неяк інакш? Што там напісана?

Што вам хочацца зрабіць з гэтым пасланнем? Задумацца над ім? Выкінуць яго? Забыць пра яго? Можа, штосьці яшчэ? Вазьміце лісток паперы і напішыце на ім тое, што было ў атрыманым вамі пасланні. Вы можаце змяніць у ім штосьці, калі гэта зробіць яго больш зразумелым. Такімі пісьмамі мы многае выцягнем на свет, разгледзім пільна, выберам: пакінуць нязменным ці ўдасканаліць.

Астрыд Ліндгрэн напісала дзяўчынцы Сары 35 пісьмаў. Вялікая пісьменніца сказала: “Так, у нас з табой была доўгая перапіска — паштовыя расцэнкі выраслі з 55 эрэ да адной кроны 10 эрэ, нішто сабе!” Пісьмы засталіся ў асабістай гісторыі ўжо дарослай Сары і ў гісторыі тых, хто калі-небудзь прачытае кнігу-перапіску. Так і тое, што будзе напісана намі сабе, іншым (а мы праз час таксама становімся іншымі), ёсць і застанецца каштоўнасцю для нас саміх, нашай сям’і і ўсяго свету, бо гэта ўклад у ПАМЯЦЬ ЧАСОЎ. Няхай на нейкі час справай па душы для нас стане не толькі запісванне ўласных думак, але і зварот да тых, што для нас вызначаны некалі.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.