Выхаванцы эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна любяць праводзіць розныя доследы і даследаванні з раслінамі. Мінулай вясной яны пазнаёмілі чытачоў “Настаўніцкай газеты” са сваім вопытам па прарошчванні насення таматаў у рулончыках. У гэтым годзе падобны метад навучэнцы вырашылі паспрабаваць пры размнажэнні розных відаў іглічных раслін.
З 1 верасня 2017 года ў эколага-біялагічным цэнтры Мастоўскага раёна ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта пачала сваю работу вучэбная бізнес-кампанія “Эрыда”. Яе мэта — развіццё прадпрымальнасці, фарміраванне ў дзяцей практычных навыкаў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, падрыхтоўка да свядомага прафесійнага самавызначэння.
Адным з кірункаў дзейнасці бізнес-кампаніі з’яўляецца размнажэнне шматгадовых дэкаратыўных раслін. Каб развіваць у дзяцей даследчыя навыкі, ім было даручана вывучыць інфармацыю аб розных цікавых і незвычайных спосабах вегетатыўнага размнажэння раслін. Прапрацаваўшы розныя крыніцы, падлеткі вырашылі спыніць свой выбар на зімовым чаранкаванні іглічных раслін.
Летняе чаранкаванне такое ж, як і зімовае, але яго не рэкамендуецца рабіць з-за кароткага лета і пагрозы вымарожвання маладых саджанцаў зімой. А паводле навуковых даных, у нашым кліматычным поясе гэты працэс зімой бывае нават больш паспяховым, чым у іншую пару года. Дык чаму б не заняцца размнажэннем туі і іншых іглічных раслін, такіх, як кіпарысавік, ядловец або елка?!
Зімовы спосаб чаранкавання мае свае асаблівасці. Менавіта туя належыць да тых хвойнікаў, якія лёгка размнажаюцца.
Падрыхтоўка чаранкоў
Гэты працэс павінен пачынацца не раней 21—22 лютага. Для чаранка неабходна адламаць (рэзка адарваць) ад дрэва бакавую галінку. Ігліца павінна быць здаровай, насычанага зялёнага колеру. Сам чаранок павінен быць даўжынёй не больш за 10—12 см са шматком драўніны, так званай “пятачкай”. Калі адарвецца доўгая “пятка”, можна падрэзаць яе вострым секатарам.
Далей неабходна ачысціць ніжнюю частку чаранка (2—2,5 см) ад ігліцы і трохі падрэзаць верхавіну.
Падрыхтаваныя такім чынам чаранкі ставім у ваду з любым стымулятарам росту на 8—12 гадзін або ў адталую ваду са снегу або лёду. Яна мае магутныя энергетычныя запасы і дапаможа чаранку ўкараніцца.
Укараненне
Рыхтуем мох сфагнум. Добра вымочваем яго. Далей трэба зліць лішнюю ваду і раскласці мох шырокай паласой на поліэтыленавую плёнку.
Кожны чаранок кладзецца на паласу сфагнуму, зверху можна пакласці пласт туалетнай паперы або сурвэтак. Чаранкі прыкрываюцца другім бокам плёнкі і закручваюцца ў рулончык.
У такім выглядзе ўсе чаранкі змяшчаюцца ў прыдатны кантэйнер або поліэтыленавы пакет з зашпількай і прыбіраюцца ў халаднаватае месца. Вясной чаранкі выстаўляюцца на падаконнік, але не на прамое сонца. Аптымальная тэмпература для прарастання — ад 18 да 23°С. Праз два месяцы можна высаджваць укаранелыя чаранкі ў грунт.
Высаджванне чаранкоў у грунт
Высаджваць прарошчаныя чаранкі лепш пасля заканчэння зваротных замаразкаў і толькі пасля правядзення акліматызацыі і загартоўвання. Для гэтага іх перыядычна выносяць у сад у цень пад кусты. Важную ролю адыгрывае водны рэжым і наяўнасць добрага дрэнажу. Паліваць чаранкі лепш, рассейваючы ваду па магчымасці больш дробнымі кроплямі. Пасля ўкаранення ў чараночніку неабходна падтрымліваць вільготнасць. Для гэтага можна апырскваць расліны з пульверызатара раз у дзень і накрыць іх нятканым матэрыялам. На зіму іх абавязкова прыкрываюць лапкамі.
Па выніках доследаў, іглічныя ўкараняюцца лепш, калі побач размяшчаюцца чаранкі драўняных ліставых парод, таму свае чаранкі туй мы высадзім побач з чаранкамі шматгадовых ліставых дэкаратыўных раслін, якія ўжо растуць у нашай цяпліцы-чараночніку.
Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.