Час клапатлівага догляду вінаградных кустоў

Мой шматгадовы вопыт вырошчвання вінаграду дазваляе вызначыць месяцы асаблівага догляду гэтай далікатнай расліны. Зразумела, што патрэбны ён круглы год, але ёсць перыяды (чэрвень — жнівень) асаблівага клопату, незалежна ад гатунку вінаграду.


Штогадовы летні догляд вінаграду мае неацэннае значэнне. Яго нельга пакідаць на волю лёсу, інакш вінаградныя кусты могуць ператварыцца ў дзікія зараснікі.

Пасля таго як мы пасадзілі куст ці некалькі кустоў вінаграду, 2—3 гады яго практычна не трэба чапаць — няхай падрастае. Потым ужо пачынаецца яго далікатнае вырошчванне. У першыя тры гады патрабуецца рыхленне глебы, праполка і лёгкі паліў, два разы на тыдзень, а таксама падкормка суперфасфатам і сернакіслым амоніем. На зіму вінаград трэба накрываць. З трохгадовага ўзросту неабходны пастаянны догляд — абрэзка і іншыя “зялёныя” аперацыі.

Са з’яўленнем лісткоў на маладых парастках і трох-чатырох галінках, што вырастуць, у чэрвені мы пакідаем толькі адну, найбольш моцную, каб расліна ўсе сілы накіроўвала на рост гэтай галінкі. Тады да восені можна атрымаць добра развітую доўгую лазу. Такім чынам, трэба навучыцца правільна выдаляць пасынкі. Для добрага развіцця каранёвай сістэмы ў глыбокіх пластах глебы неабходна выдаляць паверхневыя карані на падземнай частцы ствала. Рабіць гэта варта ў канцы чэрвеня, а потым яшчэ і ў жніўні. Вакол вінаграднага парастка робім ямку глыбінёй 15—20 см і зразаем секатарам верхнія карані, блізкія да ствала. Пасля першай абрэзкі ямку закопваем да зялёнага прыросту парастка, а пасля другой абрэзкі пакідаем крыху меншую лунку.

Вопытныя вінаградары ведаюць, што калі расліну своечасова не абрэзаць, то можна не атрымаць добрых гронак ягад. Добрая абрэзка куста спрыяе развіццю вінаграду і хуткаму выспяванню яго пладоў. Таксама трэба прарэджваць лісце і пасынкаваць вінаград.

Сухая падвязка — гэта першая працэдура, з якой пачынаюцца клопаты пра вінаграднік. Бяром леташнія лозы і падвязваем да шпалеры, задаючы ім напрамак для росту. Робяць гэта вінаградары, як правіла, у пачатку чэрвеня, а вось абрэзку парасткаў — у перыяд распускання пупышак, калі выдаляюцца бясплодныя галіны ля асновы кустоў, а таксама лішнія парасткі, што растуць з аднаго вочка. Пасля падвязкі вінаградных лоз трэба таксама выдаляць усе слабыя галіны і тыя, што адстаюць у росце.

Потым робіцца зялёная падвязка. Яна праводзіцца некалькі разоў на працягу сезона, калі парасткі перарастаюць і пераходзяць на чарговы дрот на шпалеры.

Прышчыпку неабходна праводзіць у канцы чэрвеня на пладаносных лозах, скарачаючы пладовыя расткі, каб да гронак паступала больш пажыўных рэчываў. Для гэтага макушкі расткоў трэба абразаць пасля вусікаў, пакідаючы 5 лісткоў пасля другой гронкі. Таксама неабходна прышчыпваць верхавінку лазы, калі яна дасягае вельмі вялікай даўжыні, каб гронкі спелі хутчэй, а ў ягадах было больш цукру. Па гэтай прычыне маладыя парасткі, якія з’яўляюцца з сучка замяшчэння, прышчыпваць не трэба. Патрэбна таксама выдаляць частку суквеццяў. Ягады ад гэтага растуць больш буйнымі і салодкімі.

З чэрвеня па жнівень трэба будзе вышчыпваць усе пасынкі, якія зараджаюцца ў пазухах лісткоў, і заадно выразаць усе вусы, каб расліна накіроўвала свае сілы на будучы ўраджай. Абразанне парасткаў трэба рабіць у першай палове жніўня, калі верхавінкі парасткаў зразаюцца да першага нармальнага ліста. Дзякуючы абразанню, рост галін запавольваецца, а гронкі пры гэтым лепш выспяваюць. Неабходна таксама прарэджваць лісты, прыкладна тыдні за тры да збору ўраджаю: выдаліць усе старыя, якія растуць у ніжняй частцы куста, а таксама тыя, што зацяняюць гронкі з ягадамі.

Улічваючы наш клімат, які часам не дазваляе вінаграду паўнавартасна выспяваць, даводзіцца ахвяраваць часткай ураджаю. На кожным парастку трэба пакідаць адну ці дзве вялікія гронкі, а выразаць дробныя, недаразвітыя. Рабіць гэта трэба ў жніўні, пакуль ягады яшчэ невялікія. Пасынкі, што з’явяцца зноў, варта адразу ж вышчыпваць.

Усё, пра што гаварылася вышэй, актуальна толькі для дарослых кустоў вінаграду.

Не забывайце ўносіць угнаенні ў перыяд бутанізацыі і пры выспяванні гронак. Апырсквайце вінаградныя кусты ў жніўні настоем драўнянага попелу, што забяспечвае лепшае выспяванне лазы і набіранне цукру ў ягадах. Таксама трэба прышчыпваць пупышкі на моцнарослых парастках — гэта спрыяе лепшаму апыленню ў перыяд цвіцення. Перад цвіценнем вінаграду неабходна ўносіць комплексныя мінеральныя ўгнаенні, а пасля цвіцення — даваць пазакаранёвую падкормку “Акварын”. У час наліву ягад таксама добра падкормліваць вінаград прэпаратамі з вялікай колькасцю калію, азоту і фосфару.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.