Эфектная аралія

Дзякуючы элегантнаму, вельмі прыгожаму лісцю, гэта адна з самых распаўсюджаных пакаёвых раслін. Аралія — буйная вечназялёная расліна з разлапістым, шырынёй 15—45 см, скурыстым, лопасцевым, чымсьці падобным на раскрытую далонь лісцем на доўгіх чаранках.

Аралія (альбо фатсія) адносіцца да сямейства араліевых. У пакаёвым кветкаводстве часцей сустракаецца фатсія японская. Яе радзіма — Японія і Паўднёвая Карэя. У прыродзе вырастае да 6 м, а ў пакаёвых умовах — не больш за 1,5—2 м.


Глянцавае лісце звычайна цёмна-зялёнага колеру. Існуюць формы са стракатым лісцем, афарбаваным на канцах у белы альбо крэмавы колер. Маладыя лісцікі спачатку суцэльныя, а па меры росту набываюць характэрную пальчатую форму. Пры спрыяльных умовах утрымання лісце пакрывае амаль усё сцябло, а ад каранёвай шайкі адрастаюць бакавыя парасткі.

Для ўзмацнення разгалінавання кожны год вясной падразаюць канцы парасткаў. Абразаюць толькі маладыя расліны, у больш сталых экзэмпляраў абрэзка псуе знешні выгляд.

У памяшканні фатсія цвіце даволі рэдка дробнымі, белымі альбо жаўтавата-зялёнымі кветкамі, сабранымі ў парасон. Часам могуць завязвацца цёмна-сінія плады.

Для пасадкі гэтай расліны лепш падрыхтаваць свабодны гліняны вазон з добрым дрэнажным слоем. Субстрат павінен быць лёгкім, яго можна зрабіць з дзвюх частак драўніннай зямлі з дабаўленнем па адной частцы перагною, торфу і рачнога пяску. Чаранкі можна змясціць па 2—3 штукі ў адну ёмістасць для атрымання большай колькасці зеляніны. Маладыя хмызнячкі можна перасаджваць кожны год вясной у большы па памеры вазон. А дарослыя расліны дастаткова перасадзіць раз у два-тры гады.

Фатсія лёгка размнажаецца верхавінкавымі чаранкамі, бакавымі атожылкамі і паветранымі адводкамі. Вясной трэба зрэзаць верхавінкі на чаранкі і змясціць да акаранення ў лёгкі глебавы субстрат, а потым перасадзіць на пастаяннае месца. Для атрымання паветраных атожылкаў на галінцы трэба зрабіць надрэз, абгарнуць яго мхом-сфагнумам і абвязаць зверху плёнкай. На месцы зрэзу ўтвараецца карэнне. Потым галінку зразаюць і перасаджваюць у глебу.

Увогуле гэта вельмі непераборлівая расліна і прыстасоўваецца амаль да любых умоў. Добра расце на яркім рассеяным святле, у цені і нават пры штучным асвятленні. Зялёналісцевыя формы больш ценявынослівыя, а вось расліны са стракатым лісцем патрабуюць больш святла. Ад прамых сонечных промняў фатсію трэба берагчы, інакш утворацца апёкі на лісці. Вясной і летам расліне патрабуецца тэмпература 20—22°С, пры больш высокай тэмпературы расліна скідвае лісце. Таму летам яе трэба змясціць у самае халоднае месца ў памяшканні. Восенню і зімой дастаткова тэмпературы 10—12°С і пажадана дасвятленне.

Пакой, дзе знаходзіцца фатсія, абавязкова трэба праветрываць, аднак скразнякоў яна не любіць. Летам можна ўтрымліваць расліну на лоджыі альбо на балконе.

Важна падтрымліваць высокую вільготнасць паветра, гэта значыць апырскваць расліну альбо змясціць у вазон з вільготным керамзітам. Можна перыядычна рабіць для расліны душ.

З сакавіка па верасень раз у дзесяць-дванаццаць дзён фатсію падкормліваюць угнаеннем для дэкаратыўна-лісцевых раслін. У астатні час фатсія не мае патрэбы ў падкормках.

Перыядычна хмызняк трэба аглядаць, выдаляць засохлае лісце. Яно жаўцее, калі ў памяшканні вельмі сухое паветра. Калі кончыкі лісця сухія, ломкія, гэта значыць, што расліну недастаткова паліваюць. Пры залішнім увільгатненні лісце становіцца мяккім, вялым, вісне ўздоўж сцябла. Чарнее ствол — гніллё паразіла карэнне. На жаль, у такім выпадку расліну ўжо не выратуеш, хіба што ўзнавіць з дапамогай чаранкавання. Белы налёт на лісці — гэта мучністая раса. Зараз з’явілася шмат прэпаратаў для барацьбы з хваробамі раслін. Як правіла, пры правільным прымяненні яны бясшкодныя і з іх дапамогай вы можаце выратаваць упадабаную расліну.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з інтэрнэту.