Кактус без калючак

Шлюмбергера (каляднік, Варварына кветка, бабуліна кветка, ракавая шыйка, зігакактус) — даволі незвычайны кактус. Для яго не характэрны калючкі, ён не любіць сонца і жыць не можа без вады. Акрамя гэтага, кветка радуе вока яркім цвіценнем у халодную пару года. Догляд хатняга дзекабрыста не цяжкі, але ўсё ж пэўныя правілы неабходна выконваць.

Расліна гэтая непатрабавальная, але для багатага цвіцення трэба выконваць шэраг правіл і ведаць перыяды жыццёвага цыкла, у якія догляд яе адрозніваецца. Такіх перыядаў налічваецца чатыры:

1. Канец зімы і вясна. Час спакою. У гэты перыяд кветцы неабходна яркае ці рассеянае асвятленне, паніжаная тэмпература — +12—15°С, умераная вільготнасць і рэдкія палівы.

2. Лета. Час актыўнага росту. Няяркае святло, высокая вільготнасць, частыя палівы і апырскванні. Тэмпературу трэба павялічыць да +17—22°С.

3. Восень. У перыяд спакою расліну лепш выставіць на акно з паўночна-ўсходняга ці паўночна-заходняга боку, тэмпературу паветра зноў панізіць да +12—15°С, скараціць палівы і зменшыць вільготнасць.

4. Пачатак і сярэдзіна зімы. У перыяд цвіцення тэмпературу трэба павысіць да +17—22°С, павялічыць вільготнасць паветра і паліў.

Асвятленне

Каляднік не любіць яркае сонца і прамыя прамяні святла. Лепш за ўсё вазон з кветкай паставіць у паўцень. Самым правільным месцазнаходжаннем будзе падаконнік з заходняга боку. Калі надыхо­дзіць лета, бабуліну кветку лепш выставіць на свежае паветра, але загарадзіць ад скразнякоў. Калі святла мала, расліна не цвіце ці выпускае некалькі слабых бутонаў.

Тэмпература

Змяненні ў тэмпературных паказчыках расліна пераносіць добра, таму яна выдатна жыве і ў +2°С, і нават у +37°С. Але ўсё ж лепш усцерагчы яе ад такіх перападаў, таму аптымальная тэмпература для яе ў летні час — +18—25°С; зімой — не менш за 12°С, але не больш за 16°С.

Калі кактус пачынае зацві­таць, правільны тэмпературны рэжым трэба падтрымліваць на ўзроўні 20°С, а потым перамясціць расліну ў халаднаватае месца.

Вільготнасць паветра

Паколькі гэта трапічная расліна, вільготнасць для яе адыгрывае вельмі вялікую ролю. Яе неабходна падтрымліваць на ўзроўні 60%. Побач можна паставіць сподкі з вадой, мохам. Калі ж паветра будзе перасушана, расліна можа пачаць вянуць, а бутоны стануць асыпацца. Догляд дзекабрыста ў час цвіцення прадугледжвае пастаяннае апырскванне паветра каля кветкі, але вада не павінна трапляць на бутоны.

Ваду бяруць фільтраваную і цёплую. Правільна даглядаць расліну неабходна для таго, каб яна радавала вас сваім цвіценнем доўгі час, а гэта 15—20 гадоў.

Паліў

Паліў — гэта адна з галоўных умоў здаровага росту і развіцця кактуса Шлюмбергера. Рэжым паліву мяняецца ў залежнасці ад пары года і стадыі актыўнасці расліны. Таму на тым, як паліваць дзекабрыста, трэба спыніцца падрабязней.

Паліў летам

Летам кактус адпачывае, таму падпойваць расліну трэба, калі зямля ў вазоне дастаткова прасохла. Акрамя гэтага, варта пастаянна апырскваць кветку. Калі будзе прымяняцца душ з цёплай вады, трэба сачыць, каб не намокла глеба ў вазоне.

Паліў зімой

Зіма — час актыўнага цвіцення дзекабрыста, таму часта ўзнікае пытанне, як паліваць яго ў перыяд цвіцення. У гэты час паліваць расліну трэба, нават калі глеба не сухая. Зямля ў вазоне павінна заставацца вільготнай. Залі­ваць расліну не трэба, бо карані могуць пачаць гнісці і кактус загіне. Калі каляднік перастае цвісці, паліў неабходны толькі пасля таго, як зямля пачала сохнуць.

Правілы перасадкі

Перасадка неабходна для расліны штогод, а для ўжо дарослага кактуса дастаткова садзіць яго ў новую глебу 1 раз у 5 гадоў. Вазон павінен быць шырокім, каб умясцілася паверхневая каранёвая сістэма. На дно ёмістасці кладуць дрэнаж, потым высыпаюць грунт.

Пры перасадцы важна правільна падабраць грунт, а лепш зрабіць яго самастойна. Для гэтага змешваюць:

  • 1 частку пяску;
  • 1 частку дзярновай зямлі;
  • 2 часткі ліставой зямлі;
  • 0,5 часткі вугалю;
  • 0,5 часткі крошкі цэглы.

Кіслотнасць грунту павінна быць нізкай. У адваротным выпадку расліна не зможа зацвісці.

Падкормка

Знаходзячыся ў натуральным асяроддзі, расліна атрымлівае не вельмі шмат карысных рэчываў ад дрэў. Таму ў спецыяльнай падкормцы яна не мае патрэбы. Але для таго, каб кактус мог добра і шчодра цвісці, трэба часам выкарыстоўваць універсальнае ўгнаенне. Падкарміць каляднік варта да перыяду цвіцення. Угнойваць яго трэба згодна з усімі рэкамендацыямі вытворцаў.

Абрэзка

Асноўны сакрэт добрага цвіцення — своечасовая абрэзка. Гэты працэс трэба ажыццяўляць у чэрвені, абразаць трэба парасткі, якія растуць няправільна і псуюць выгляд. Выдаляюць непатрэбныя расліны рукамі, пракручваючы іх па гадзіннікавай стрэлцы. Нажніцамі карыстацца не трэба.

Догляд і размнажэнне

Цвіценне ракавай шыйкі настолькі прыгожае, што кветкаводы часта адважваюцца на яго размнажэнне. Самы лёгкі спосаб размнажэння — з дапамогай пасынкаў. Правілы пасадкі наступныя:

  • падрыхтаваць пасынак, адарваўшы яго ад адной з верхавін расліны;
  • даць сегменту каля 3 дзён падсохнуць;
  • у падрыхтаваную тару насыпаць грунт і неглыбока апусціць пасынак;
  • на працягу 30 дзён павінны ўтварыцца карані, у гэты час неабходны пастаянны паліў;
  • тэмпературны рэжым трэба падтрымліваць на ўзроўні +20°С;
  • над ёмістасцю раз­мясціць пакет.

Размнажэнне пасынкамі лепш ажыццяўляць у пачатку лета. Такі метад размнажэння дзекабрыста можна прымяняць пасля абрэзкі, выкарыстоўваючы абрэзаныя часткі расліны. Але тады працэс размнажэння можа зацягнуцца месяцы на 3—4.

Магчымыя праблемы

У расліны вяне лісце. Гэта звязана з недахопам вільгаці і частаты апырсквання.

Расліна жаўцее. Прычына — праблемы з асвятленнем. Часцей за ўсё расліна пачынае жаўцець, калі на яе трапляюць прамыя прамяні сонца.

Лісце пачынае сохнуць. Прычынай гэтага можа быць няправільнае асвятленне або наяўнасць на расліне шкоднікаў.

Ападае лісце. Гэта звязана, у першую чаргу, з падкорм­кай расліны. Магчыма, яе недастаткова.

Лісце чырванее. Так расліна можа рэагаваць на прамое ўздзеянне сонца, а таксама вялікую колькасць парасткаў. Расліну неабходна абрэзаць і паставіць у паўцень.

Расліна не цвіце. Прычын можа быць некалькі.

Перад цвіценнем зігакактус павінен прайсці перыяд спакою. У гэты час ён набіраецца сіл і закладвае кветкавыя пупышкі. Калі дзекабрыст не набраў да лістапада бутоны, значыць, у перыяд спакою была вельмі высокая тэмпература ці залішні паліў.

Вельмі бедная глеба. Падкарміце расліну комплексным угнаеннем з борам.

Шкоднікі і хваробы

Зігакактус схільны да ня­многіх хвароб. Часцей за іншых шкоднікаў сустракаюцца павуцінны клешч, мучністы чарвец і розныя грыбковыя хваробы. Для вырашэння гэтых праблем выкарыстоўваюць спецыяльныя прэпараты.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.