Марсдэнія

Гэтая расліна, вядомая таксама як мадагаскарскі язмін і сцефаноціс, адрозніваецца вытанчаным пахам цудоўных воскападобных кветак.

У асартыменце кветкавых крам часам су­стракаецца сцефаноціс — прыгожаквітнеючы павойны хмызняк з сямейства ластаўневых. У дзікім выглядзе расце на востраве Мадага­скар. Сучасная назва гэтай расліны — марсдэнія багатаквітнеючая. Па дэкаратыўных якасцях яна канкурыруе з такімі папулярнымі пакаёвымі ліянамі, як клерадэндрум і хоя.

У марсдэніі бліскучае зялёнае, авальнае, коратка завостранае на верхавінцы лісце і вытанчаныя воскападобныя кветкі — малочна-белыя альбо крэмавыя, сабраныя ў суквецці па 6—10 штук. Кветка складаецца з пяцічленнага падвяночка і пяцілопасцевага адгіну. Кветкі цудоўна пахнуць і доўга трымаюцца на расліне, што дазваляе выкарыстоўваць іх у тым ліку для ўпрыгожвання шлюбных гарсажаў.

У інтэр’еры марсдэніі адводзяць светлае і прасторнае месца, паколькі яна хутка расце і разгаліноўваецца. Пры вольнай пасадцы ў грунт зімовага саду марсдэнія так імкліва разрастаецца, што можа ператварыць адну сцяну ў жывы дыван.

У кватэры марсдэнію ўтрымліваюць у цесным посудзе, не даючы карэнню разрастацца, і праводзяць рэгулярную абрэзку, выдаляючы слабыя і падразаючы вельмі доўгія парасткі. Глебу для пасадкі рыхтуюць з драўніннай, лісцевай, перагнойнай, тарфяной зямлі, пяску і дробнага керамзіту. Абавязкова прадугледжваюць высокі дрэнаж.

З мая па верасень, калі расліна бесперапынна цвіце, яе шчодра палі­ваюць мяккай адстоенай вадой. Зімой паліў рэзка скара­чаюць і змочваюць зямлю настолькі, каб лісце не падсыхала. Пажадана забяспечыць марсдэніі халаднаватую зімоўку, каля 13°С. Гэта паспрыяе закладцы кветкавых пупышак.

У пастаяннай вільготнасці паветра расліна патрэбы не мае, але апырскванне з дробнага пульверызатара, а таксама частае праветрыванне неабходны для барацьбы са шкоднікамі, якія часам пасяляюцца на ніжнім баку лісця.

Дарослыя экзэмпляры пераса­джваюць раз у тры гады, маладыя — штогод. Раз у два тыдні апырскваюць угнаеннямі для квітнеючых кветак з павышаным утрыманнем калію, які неабходны для багатага цвіцення.

Размнажаюць марсдэнію верхавінкавымі сцябловымі чаранкамі з 3—5 міжвузеллямі, выкарыстоўваючы для гэтай мэты кавалкі парасткаў, знятыя падчас веснавой і летняй абрэзкі. Чаранкі ўкараняюцца доўга — 30—40 дзён, таму перад пасадкай іх трэба на працягу сутак патрымаць у водным растворы “Эпіна” альбо “Карнявіна”. Апрацаваныя са стымулятарамі росту чаранкі напалову пагружаюць у вазончыкі з пяском. Калі ёсць магчымасць — пагружаюць у цяплічку. Калі не — закрываюць поліэтыленавым пакетам альбо слоікам.

Укаранёныя чаранкі саджаюць па тры ў ёмістасць вялікага памеру, а далей робяць па сваім жаданні: вырошчваюць кустом, пакарочваючы для надання формы, альбо робяць дугападобную апору. Адрослыя парасткі падвязваюць, раўнамерна размяркоўваючы іх па апоры альбо дузе.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота Святланы ІЛЬЮК і з інтэрнэту.