Мільён званочкаў

Апошнім часам асаблівай папулярнасцю карыстаецца расліна з дробнымі кветкамі — калібрахоа. Калібрахоа — на дзіва прыгожая і пяшчотная разнавіднасць ампельных раслін. Гэта шматгадовая расліна сямейства паслёнавых, у дзікай прыродзе распаўсюджана ў Аргенціне, Бразіліі і Уругваі. У садовай культуры вырошчваюцца гібрыды прыродных відаў, яны лічацца аднагадовымі раслінамі.

Кветкі калібрахоа маюць доўгія паніклыя сцябліны, з-за якіх расліну лічаць ампельнай. Даўжыня парасткаў у залежнасці ад гатунку вар’іруецца ад 0,5 м да 1,5 м. Сцёблы калібрахоа разгаліноўваюцца і з часам робяцца драўнянымі. Лісце дробнае, ланцэтнае, шырынёй каля 1 см і даўжынёй 3—4 см. Сцёблы і лісце апушаныя. Кветкі па форме нагадваюць маленькія грамафончыкі, дыяметр іх бутонаў прыкладна 2,5—3 см, а афарбоўка ў дзікай прыродзе фіялетавая. Аднак выведзены гібрыды з венчыкамі розных расфарбовак: белыя, ружовыя, жоўтыя, чырвоныя, малінавыя, сінія, карычневыя з рознымі адценнямі. Цэнтральныя жылкі ўздоўж пялёсткаў маюць больш насычаную афарбоўку.

Пасадка

Пры выбары месца для пасадкі трэба прасачыць, каб участак не быў залішне адкрытым для сонечных промняў. Рэкамендуецца таксама пазбягаць скразнякоў.

Ад ветру і гарачыні будуць пакутаваць карані і лісточкі расліны. У выніку далікатнае лісце сохне, а маладыя галінкі пачынаюць ламацца. Лепш, каб на кашпо з калібрахоа трапляла максімальная колькасць промняў ранішняга сонца і мінімум ветру.

Падрыхтоўваючы глебу пад калібрахоа, важна паклапаціцца пра ўрадлівы грунт. Гэтая кветка любіць сугліністую ці супясчаную глебу.

Вопытныя кветкаводы не раяць выкарыстоўваць для вырошчвання калібрахоа агародную зямлю, бо для расліны яна вельмі цяжкая. Такая глеба доўга не прасыхае і спрасоўваецца ў камякі, што можа прывесці да захворвання расліны. Можна набыць універсальны, кветкавы ці біягрунт. Пры выбары памеру гаршка варта ўлічваць, што на адзі­н куст расліны неабходна ад 3 да 4 літраў зямлі. Грунт павінен складацца з сумесі перагною, торфу, дзярновай і лісцевай зямлі з дабаўленнем пяску. Колькасць кожнага складніка можа быць рознай, галоўнае, каб субстрат атрымаўся даволі рыхлым, але вільгацяёмістым. Каб ён лепш утрымліваў вільгаць, рэкамендуюць дабаўляць мох сфагнум. Мох можна замяніць гідрагелем.

У продажы калібрахоа часта сустракаецца пад назвай “петунія дробнакветкавая”, але гэта не зусім правільна, таму што яны хоць і родзічы, але маюць безліч адрозненняў. Вызначыць, ці сапраўды перад вамі калібрахоа, можна па наступных прыметах:

  1. Па зеве, размешчаным каля асновы венчыка. У калібрахоа ён павінен быць жоўтым.
  2. Сцябло петуніі зялёнае і гібкае, у той час як парасткі калібрахоа з часам робяцца драўнянымі.
  3. Лісце — самая наглядная прымета адрознення: дробнае, падоўжанае, з кароткімі валаскамі, шырынёй 1 і даўжынёй 4 см.
  4. На лісточках і сцёблах калібрахоа ёсць пушок, у петуніі стволік і лісточкі гладкія.
  5. Памер кветкі калібрахоа не большы за 3 см, у петуніі кветка буйнейшая.

На дно гаршка ці скрынкі насыпаюць слой дрэнажу (каля 5 см), потым выкладваюць неабходную колькасць субстрату, паліваюць мінеральнымі ўгнаеннямі, укладваюць са­джанцы і прысыпаюць астатнім грунтам. Высаджваюць расаду ў скрынкі і кашпо вельмі шчыльна — амаль 60—70 саджанцаў на квадратны метр, каб атрымаць потым пышнае цвіценне.

Догляд

Для спрыяльнага росту калібрахоа неабходна забяспечыць камфортныя ўмовы, а менавіта добрае асвятленне (шмат святла, але не гарачае паўдзённае сонца), адсутнасць скразнякоў, глебу лёгкую (слабакіслую ці нейтральную) і добра дрэніраваную.

Паліваць яе трэба вельмі асцярожна, пазбягаючы пераўвільгатнення, інакш вельмі хутка пачнецца загніванне каранёў.

А вось увільгатняць кветку трэба рэгулярна, асабліва ў гарачыя дні. Апырскваць 3—4 разы за дзень, толькі не ў той момант, калі сонца свеціць на куст.

Падкормліваць расліну неабходна кожны тыдзень. Падчас размнажэння расаду ўгнойваюць складам, які змяшчае азот, а падчас цвіцення — з вялікай колькасцю калію і фосфару. Падкормкі — кожныя 7—10 дзён угнаеннем для раслін, якія цвітуць, ці комплексным “Фертыка-люкс”. Добры эфект даюць угнаенні працяглага дзеяння АVА. Іх уносяць у глебу пры пасадцы (2—4 таблеткі ў залежнасці ад памераў гаршка). Стымулюе цвіценне і калійнае ўгнаенне. Апырскваць лісце трэба сульфатам калію з разліку 1 ч. л. на 1 л вады.

Падчас зацяжных дажджоў кантэйнеры з калібрахоа лепш паставіць пад павець. Так захаваецца дэкаратыўнасць раслін і яны будуць цвісці да кастрычніка.

Абрэзка

У перыяд цвіцення, каб падтрымаць прыгожы від куста, праводзяць яго “зачыстку” — абрываюць завялыя кветкі і лісце. У перыяд аслаблення цвіцення, дзесьці ў сярэдзіне лета, абразаюць сцёблы на палову даўжыні, што добра стымулюе рост і разгалінаванне маладых парасткаў, павялічвае кветкавыя завязі.

Зімоўка

Многія лічаць, што гэта аднагадовая расліна, і таму пазбаўляюцца ад яе ў канцы сезона. Калі трымаць калібрахоа ў халаднаватым і вільготным памяшканні, напрыклад, на зашклёным балконе з тэмпературай паветра, якая не апускаецца ніжэй +5—+10°С, і калі кветка перазімуе, то вясной з яго зразаюць чаранкі і ўкараняюць (для далейшага размнажэння), а сам куст можа зноў зацвісці.

Размнажэнне

Да наступлення замаразкаў лепшыя кусты калібрахоа пераносяць у памяшканне і захоўваюць зімой для размнажэння. З вялікіх кантэйнераў іх перасаджваюць у гаршкі дыяметрам 18—20 см. Умовы ўтрымання — святло і халаднаватая тэмпература. Такі клімат можна стварыць на ўцепленай лоджыі ці халаднаватай верандзе. Паліваць умерана, толькі каб зямля не высыхала. У сакавіку прыступаюць да чаранкавання.

Размнажэнне чаранкамі

Чаранкаванне — найбольш распаўсюджаны метад размнажэння калібрахоа. Гэта абумоўлена эфектыўнасцю і гарантыяй таго, што маладая расліна нічым не будзе адрознівацца ад сваёй “маці”.

  1. Падрыхтоўваем глебу для пасадкі — пажыўную тарфяную сумесь. Ні ў якім выпадку нельга дапускаць, каб глеба была спадзістай і з часам зацвярдзела.
  2. З верхавіны дарослай расліны трэба зрэзаць чаранкі даўжынёй каля 4 см. Усё лісце з чаранка неабходна абарваць, пакінуўшы толькі два апошнія.
  3. Чаранкі заглыбляюцца ў прыгатаваны грунт прыкладна на чвэрць і накрываюцца плёнкай ці празрыстым каўпаком для ўтварэння эфекту цяпліцы.
  4. Адлегласць паміж саджанцамі — 1,5—2 см.
  5. Ставім у цёплае месца без скразнякоў. Аптымальная тэмпература для ўкаранення— 20—25°С.
  6. Расліны неабходна штодзённа праветрываць, прыпадымаючы плёнку 1—2 разы ў дзень ненадоўга, інакш яны могуць задыхнуцца. Таксама рэкамендуецца апырскваць чаранкі з пульверызатара, але не пераўвільгатняць глебу, бо гэта пагражае расліне чорнай ножкай.
  7. Поўнае ўкараненне адбываецца прыкладна праз 2—3 тыдні. У гэты час неабходна пікіраваць саджанцы ў асобныя невялікія ёмістасці.
  8. Праз некалькі дзён пасля пікіроўкі маладыя калібрахоа варта падкарміць, пажадана спецыяльным комплексным растворам.
  9. Праз два ці два з паловай месяцы расліну можна высадзіць у гаршчок або на клумбу.

 

Пасля абрэзкі чаранкоў іх неабходна адразу ж садзіць у глебу, інакш яны страчваюць здольнасць укараняцца. Ужо праз 1,5—2 гадзіны чаранкі калібрахоа амаль цалкам становяцца не здольныя да ўкаранення.

Размнажэнне насеннем

Размнажэнне насеннем мае пэўныя асаблівасці. Калі і прымяняць такі спосаб, то толькі кожны раз купляючы сартавое насенне. У наш час большасць раслін — гібрыдныя гатункі, часта расліны, вырашчаныя з дамашняга насення, зводзяцца. Таму ёсць рызыка атрымаць зусім не падобнае на “маці” калібрахоа — іншы колер, інтэнсіўнасць цвіцення, даўжыню плеці і іншыя сюрпрызы. Але ўсё ж не варта адмаўляцца ад метаду размнажэння насеннем. Калі няма жадання эксперыментаваць, то можна набыць сартавое насенне, з якога вырасце менавіта тое, што трэба. Калі насенне было куплена негрануляванае, то пажадана яго апрацаваць стымулятарамі росту — часцей за ўсё замочваюць на працягу сутак у “Эпіне” ці “Цырконе”.

Падрыхтоўка да пасеву

Нават з папярэдне падрыхтаваных пладоў прарасце толькі невялікая частка. Але гэтае мерапрыемства варта правесці толькі дзеля таго, каб павялічыць шансы для прарастання. Падрыхтоўка адбываецца наступным чынам:

  1. У ёмістасць наліце стымулятар росту. Калі няма магчымасці купіць прэпарат, выкарыстайце слабы раствор марганцоўкі.
  2. У гэтым сродку насенне павінна правесці 24 гадзіны.
  3. Пасля несенне неабходна дастаць і вылажыць на чысты ручнік для прасушкі.
  4. Апошнім крокам стане высяванне падрыхтаваных зярнят у грунт.

Лепш за ўсё прарошчваць насенне калібрахоа на тарфянай таблетцы. Але можна выкарыстоўваць і спецыяльныя земляныя сумесі, якія вызначаюцца вельмі высокай рыхласцю. Варта таксама паклапаціцца, каб земляная сумесь мела высокую ступень пажыўнасці, таму лепш яе набываць у магазіне.

Па той прычыне, што ўсходжасць насення гэтай кветкі  вымушае жадаць лепшага, высяваць яго трэба густа, не менш як 50 зярнятак на 10 см2.

Ёмістасць з пасеянымі зярнятамі варта зацягнуць плёнкай. Апырскваць глебу неабходна як мінімум 2—3 разы ў суткі і сачыць за тым, каб зямля была вільготнай, але не мокрай.

Кожны тыдзень трэба падкормліваць расаду як метадам паліву, так і праз апырскванне. Саджанцы калібрахоа вельмі любяць вадкія падкормкі. Лепш праводзіць іх комплекснымі водарастваральнымі ўгнаеннямі.

Калі ў парастка з’явяцца першыя лісточкі, расаду трэба паставіць у добра асветленае месца. Можна таксама вынесці яе на вуліцу, але толькі пры тэмпературы не ніжэйшай за +20°С, у ідэале — +25.

Калібрахоа вырошчваецца як ампельная расліна ў падвесных кашпо ці кошыках. Кветкай упрыгожваюць інтэр’еры, балконы, веранды і тэрасы. Пасадзіўшы ў адзін кантэйнер некалькі гатункаў калібрахоа, можна стварыць фантастычную кампазіцыю. Кусты будуць цудоўна выглядаць на пустых участках, як у адзіночку, так і ў спалучэнні з садовай геранню, калеусам ці дэкаратыўнай крапівой, дэкаратыўнай асакой, ангелоніяй.

Памятайце!

  • Шмат сонца і цяпла — галоўная ўмова для пышнага цвіцення калібрахоа. Важны таксама добры дрэнаж слоем каля 5 см з гравію ці керамзіту.
  • У субстрат перад пасадкай трэба дабавіць буйназярністы пясок і вапну. Першы створыць неабходную рыхласць, а другая — кіслотнасць.
  • Для выключэння розных захворванняў расліны неабходна сачыць за рыхласцю зямлі.
  • Для падкормкі нельга выкарыстоўваць гной: ён можа справакаваць розныя захворванні каранёвай сістэмы.
  • З апырскваннем лепш не скнарнічаць. Штодзённае арашэнне вадой пойдзе толькі на карысць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.