Сальвія (шалфей) — кветка, якой аддаюць перавагу пры ўпрыгожванні сваіх клумбаў кветкаводы. Яе можна сустрэць на прышкольных участках, каля адміністрацыйных будынкаў. Каб сальвія радавала пышным і працяглым цвіценнем, я хачу падзяліцца сваім вопытам.
Сальвія — прыгожая расліна для клумбаў, яе можна выкарыстоўваць як вазонную культуру, асабліва нізкарослыя гатункі. Любяць гэтую кветку і ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Яе можна ўбачыць на клумбах вакол школы і каля дзіцячага садка.
Для таго каб сальвія прыгожа і працягла цвіла, вельмі важна вырасціць здаровую расаду. На ўроках грамадска карыснай працы ў лютым вучні рыхтуюць насенне для пасеву.
Замочваем насенне сальвіі на 20 мінут у растворы марганцоўкі (0,5 г марганцоўкі на 100 мл вады)— гэта знішчае ўзбуджальнікаў хвароб.
Затым з вучнямі рыхтуем глебу. Лепш падыходзіць тарфяная глеба: торф добра трымае вільгаць. Калі мы праводзім падкормку расады, то торф разбухае і затрымлівае ўсе пажыўныя рэчывы ў сабе, аддаючы затым іх расліне. У загадзя прыгатаваныя і апрацаваныя марганцоўкай скрынкі засыпаем торф, дабаўляем трошкі драўніннага попелу. Прыгатаваны ў скрынках субстрат паліваем светлым растворам марганцоўкі з мэтай дэзынфекцыі ад грыбковых захворванняў. Пасеянае ў прыгатаваную тарфяную глебу насенне з пульверызатара апырскваем слабым растворам марганцоўкі.
Паліваем, стараючыся не даць торфу падсохнуць, пакуль не з’явяцца ўсходы. Усходы з’яўляюцца дружна. Расада кветак вырастае здаровай, не падае, не пашкоджваецца грыбковымі захворваннямі.
Вельмі важна правесці падкормку расліны. Ужо некалькі гадоў мы ў школе практыкуем падкормку сальвіі глюкозай і вітамінам В1: у сезон пяць разоў з інтэрвалам у два тыдні (на 5 л вады дабаўляем 5 мл глюкозы і 1 мл вітаміну В1).
Раю аматарам кветак выкарыстоўваць гэты метад, і сальвія вас заўсёды будзе радаваць сваім цвіценнем.
Уладзімір БЯЛУШКА,
настаўнік біялогіі Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.