Сад дружбы

Дзень пры дні мы ўсё больш задумваемся аб нашай планеце і аб нашай будучыні. Бо паміж паняццямі “шчаслівая будучыня” і “здаровая планета” можна паставіць знак роўнасці. Усё больш людзей выступаюць у абарону лясоў ад высякання, а таксама прымаюць удзел у розных акцыях, звязаных з азеляненнем. У народзе Беларусь называюць “зялёнай” за нашы бязмежныя векавыя лясы, якія вабяць —  як мясцовых жыхароў, у тым ліку навукоўцаў-біёлагаў, даследчыкаў, так і турыстаў.

Навучэнцы нашай школы, члены Клуба інтэрнацыянальнай дружбы, і навучэнцы Вальдорфскай школы Равенсбурга (Германія), якія супрацоўнічаюць больш за 10 гадоў, прыйшлі да рашэння аб стварэнні на тэрыторыі сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Саду дружбы. З сакавіка 2019 года пачалася рэалізацыя асноўных мерапрыемстваў праекта і яго карэкціроўка: разам вывучалі ландшафтны дызайн, былі падабраны расліны для Саду дружбы, выбрана месца, вывучана глеба. Падчас прыезду нямецкіх падлеткаў у нашу школу маладыя людзі сумесна выса­дзілі першыя дрэвы і кусты: туі, рабіны, вішні, яблыні. Навучэнцы сустракаюцца двойчы на год у рамках міжнароднага супрацоўніцтва, што дазваляе ім паэтапна мяняць аблічча саду. Першыя расліны на тэрыторыі нашай школы высаджаны ў красавіку 2019 года, а ўвосень у школьным садзе Вальдорфскай школы Равенсбурга навучэнцы вывучалі вопыт працы па ландшафтным дызайне Германіі. У сакавіку 2020 года Сад дружбы быў пашыраны шматлікімі кветкамі: касачы, хосты, гейхеры, лі­леі і інш. З’явіліся кусты спірэі, бэзу і фарзіцыі. Летам члены КІДа ўпрыгожылі сад фігурамі: веласіпеды з кветкамі, садовыя гномы.

Пасадка саду — гэта па-сапраўднаму важная і добрая справа, якая аб’ядноўвае ўсіх, хто неабыякавы да праблемы захавання экасістэмы. Мы не хочам спыняцца на дасягнутым. Плануем развіваць міжнароднае су­працоўніцтва ў гэтай сферы і прымаць актыўны ўдзел у азеляненні прышкольнага ўчастка. Рэалізацыю праекта рэгламентуюць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, канвенцыя ААН “Аб правах дзіцяці”, Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі.

У рамках гэтага праекта навучэнцы су­працоўнічаюць з настаўнікамі біялогіі, са спецыялістамі экалагічнага аддзела Брэсц­кага абласнога цэнтра турызму і краязнаў­ства, аналізуюць навуковую літаратуру і вынікі даследаванняў па дадзенай праблеме. Хлопцы і дзяўчаты праводзяць даследаванні відавой разнастайнасці дзікарослых травяністых раслін, даследаванні разнастайнасці дрэў і кустоў на прышкольнай тэрыторыі. Сістэматычна праводзяцца экалагічныя акцыі “Даглядай дрэва”, “Палі наш сад”. Члены КІДа выступаюць з экалагічнымі праектамі, праводзяць PR-акцыі “Мой экаслед”, афармляюць брашуры, буклеты па выніках працы і падводзяць прамежкавыя вынікі праекта.

 “Сад дружбы” — доўгатэрміновы праект, які плануе ахапіць некалькі соцень школьнікаў Брэста і Равенсбурга. Паступова мы становімся экалагічна адукаванымі людзьмі, і галоўная задача — смела вырашаць пытанні ўзаемаадносін чалавека і прыроды.

Работа членаў КІДа ў рамках праекта “Сад дружбы” — годны прыклад беражлівых адносін дзяцей да прыроды, да кожнага яе дрэўца і правільнага яго догляду. І самае галоўнае, маладыя людзі ў жывой прыродзе судакранаюцца з жывымі аб’ектамі, адчуваюць іх, назіраюць за імі, на практыцы прымяняюць свае веды, уменні, тым самым фарміру­юць навыкі беражлівых адносін да экалагічных аб’ектаў. Гэтымі думкамі школьнікі Брэста і Равенсбурга пастаянна абменьваюцца падчас скайп-канферэнцый, тэлемастоў, міжнародных сустрэч у Брэсце і Равенсбургу. Патэнцыял развіцця праекта велізарны. Да яго мы плануем далучыць і бацькоў.

Мы лічым, што стварэнне Саду дружбы ў рамках работы Клуба інтэрнацыянальнай дружбы стала асобным радком у гісторыі абедзвюх школ Брэста і Равенсбурга. Дзякуючы гэтаму праекту нам удаецца зацікавіць маладых лю­дзей праблемамі навакольнага асяроддзя, навучыць несці адказнасць за будучыню.

Святлана ШЛОМА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава.