Сад вострых і лекавых траў

Вострымі называюць расліны, якія збіраюць у лістках, каранях, пладах, карэні­шчах і іншых частках духмяныя або вастрасмакавыя рэчывы. Іх карысныя ўласцівасці вызначаюцца складаным хімічным складам, у якім многа арганічных кіслот, эфірных масел, фітанцыдаў, гліказідаў, вітамінаў і іншых біялагічна актыўных рэчываў.

У цяперашні час вядома больш за 200 відаў вострых раслін. Вострыя расліны ўмеранай зоны — гэта духмяныя травы: аніс, кмен, сельдэрэй, каляндра, ажгон, пятрушка, меліса, базілік, чабор, тархун, аксаміткі і інш.

Эстрагон (тархун)

Эстрагон — шматгадовая вострая расліна, карысная трава з сям’і складанакветных… Па-сапраўднаму пікантным смакам валодае толькі адна разнавіднасць, якую ў заходняй традыцыі называюць эстрагон французскі. Нярэдка памылкова замест яе вырошчваюць 2 іншыя разнавіднасці (эстрагон рускі і эстрагон дзікі), падобныя знешне і больш холадаўстойлівыя, але яны не валодаюць вострым смакам і пахам эстрагону французскага. Выкарыстоўваюцца звычайна маладыя парасткі з лісткамі. Цвіценне тархуну прыпадае на жнівень — верасень.

Вырошчванне

Эстрагон надзвычай просты ў вырошчванні, як і большасць вострых траў. Ён мае патрэбу ў больш ці менш урадлівай глебе з добрым дрэнажом: расліна не пераносіць застою вады. Сонечнае размяшчэнне лепшае для эстрагону, аднак расліну задаволіць і паўцень. Паліў умераны. На зіму эстрагон абразаюць пад корань і мульчы­руюць шчодрым пластом садовага кампосту або іншых арганічных матэрыялаў. Можна пры­крыць на зіму галінкамі зверху мульчы.

Неабходна своечасова збіраць ураджай эстрагону. Чым больш абрэзаць эстрагон, тым больш кусцістым і пышным вырасце гэтая вострая трава. Захоўваць зрэзаны эстрагон на працягу некалькіх дзён можна як кветкі — у шклянцы з вадой у цені пры пакаёвай тэмпературы. Каб захаваць эстрагон на доўгі тэрмін, лісткі засушваюць у цені.

Лепшы спосаб размнажэння эстрагону — дзяленне каранёў. Эстрагон выдатна разрастаецца ўшырыню, лёгка паддаецца дзяленню, якое можна рабіць у любы час, не баючыся пашкодзіць мацярынскую расліну. Такім жа спосабам амалоджваюцца паста­рэлыя расліны. Эстрагон французскі — найбольш пікантны востры эстрагон, які не размнажаецца насеннем, толькі вегетатыўна. Яго можна набыць у выглядзе маладой расліны ў магазіне або па­прасіць выкапаць невялікую дзялянку ў тых, хто яго вырошчвае.

Гарбата з эстрагону

Эстрагон здаўна выкарыстоўваўся ў якасці заспакаяльнага сродку. Каб зрабіць гарбату з эстрагону, бяруць лісткі прыкладна з трох галінак даўжынёй каля 20 см на кубак кіпню і настойваюць 10 хвілін.

Як і іншыя вострыя травы (мята, фенхель), эстрагон прымяняюць для паляпшэння стрававання.

Выкарыстанне ў кулінарыі

Дзякуючы свайму мяккаму і востраму смаку, эстрагон аднолькава паспяхова ўзбагачае стравы з мяса, рыбы, курыцы, агародніны і яек. Эстрагон шырока прымяняюць пры кансерваванні агуркоў, памідораў і іншай агародніны. Таксама ён выдатная дабаўка да свежай салаты або да салаты і сатэ з агародніны.

Чабор

“мужны”. Найбольш вядомыя гатункі — “чабор лімонны”, “чабор паўзучы”, “чабор звычайны”.

Вырошчванне

Паўхмызняк вырошчваюць з насення. Насенне можна пасадзіць у зямлю як вясной, так і восенню. Пасадка чабару адбываецца ў цёплы день. Ва ўмовах цяпліцы насенне прарастае ўжо праз два тыдні. Догляд паўхмызняку зводзіцца да рэгулярнага паліву.

Вырасціць чабор можна і на падаконніку. У хатніх умовах паўхмызняк вырошчва­юць расадным спосабам або насеннем. Чабару неабходна падабраць прасторны вазон, але пры ўмове, што карані расліны здолеюць ахапіць зямлю, інакш чабор загіне. Чабор любіць сонечнае святло і не выносіць пераўвільгатнення — вось што трэба памятаць пры вырошчванні паўхмызняку. Калі вырошчваць чабор дзеля зяленіва, то неабходна яго часцей зразаць і не даваць паўхмызняку цвісці.

Да цяперашняга часу чабор прымяняецца ў побыце як пахучая вострая прыправа пры засолцы агуркоў, марынаванні груш і ­яблыкаў, у якасці прыправы ў соусы, супы, мясныя і рыбныя стравы.

Загатоўваюць сцёблы расліны з галінкамі ў час цвіцення, акуратна зразаючы нажом. Пасля сушкі лісты і кветкі абмалоч­ваюць і прасяваюць праз сіта.

Лекавыя ўласцівасці

Сучасныя навуковыя даследаванні даказалі, што чабор з’яўляецца эфектыўным бактэрыцыдным сродкам. У паўхмызняку было знойдзена эфірнае масла, галоўным рэчывам якога з’яўляецца тымол, а таксама дубільныя рэчывы, вітаміны, алеінавая кіслата.

Шырокі спектр дзеяння чабару дазваляе выкарыстоўвацаь яго як мачагонны, гарачкапаніжальны, заспакаяльны сродак. Чабор дапамагае ператраўліваць цяжкія прадукты, мае жаўцягонныя ўласцівасці. Трава лічыцца добрым кроваачышчальным сродкам.

Адвар чабару эфектыўны пры гаймарытах і сінусітах. Таксама адварам расліны лечаць хворае горла і хваробы ротавай поласці. Бактэрыцыднае дзеянне чабару дапамагае абеззаразіць ротавую поласць, ліквідаваць не­прыемны пах.

Пры ўнутраным прыёме чабару адбываецца нармалізацыя сардэчнага рытму, знікаюць вегетатыўныя парушэнні, павышаецца працаздольнасць.

Меліса (мята лімонная)

Меліса вельмі папулярная ў нашай краіне лекавая расліна, якая валодае прыемным асвяжальным лімонным пахам. У медыцыне яе лісткі выкарыстоўваюць для лячэння хвароб, таму яе часта ўключаюць у склад многіх збораў, гатуюць настоі, гарбату.

Расліна змяшчае вялікую колькасць эфірных масел, вітамінаў, дубільных рэчываў. Валодае спазмалітычнымі, болесуцішальнымі, а таксама раназагойнымі і заспакаяльнымі ўласцівасцямі.

Настой, гарбату з лісткоў ужываюць пры хваробах сэрца, гіпертаніі. Выкарыстоўваюць пры лячэнні задышкі, бяссонніцы. Эфектыўна прымяненне пры комплекс­ным лячэнні неўрозаў, падагры. Сродкі на аснове расліны вельмі добрыя для нервовай сістэмы. Свежыя або сухія лісткі выкарыстоўваюць у якасці кулінарнай прыправы.

Парасткі, маладыя лісткі збіраюць перад тым, як меліса зацвітае, калі яе пах найбольш моцны. Лісткі ўжываюць свежымі або су­шаць у зацененым памяшканні, якое добра праветрываецца, расклаўшы на чыстай паверхні тонкім слоем. Захоўваюць у добра зачыненых сухіх слоіках.

Вырошчванне

Расліна непатрабавальная, мароза­ўстойлівая. Добра расце на ўрадлівых і ўвільготненых глебах. На адным месцы можа расці вельмі доўга — да 10 гадоў.

Для пасадкі трэба выбіраць цёплае, абароненае ад моцных вятроў месца, якое добра асвятляецца сонцам. Лепш высадзіць мелісу на невялікім узвышэнні. На зацененых месцах у лістках зніжаецца колькасць каштоўнага эфірнага масла, таму расліна страч­вае яркі пах, зніжаюцца яе лекавыя ўласцівасці.

Як і многія іншыя вострыя прыправы, мелісу можна вырасціць дома ў вазоне. Хатняя расліна будзе цудоўна адчу­ваць сябе на асветленым, але без прамых сонечных пром­няў, падаконніку. Палі­ваць, рыхліць глебу, падкормліваць яе трэба крыху часцей, чым грунтавую.

Грунт лепш за ўсё браць рыхлы, які ўяўляе сабой сумесь ліставой глебы, пяску, перагною. Для зручнасці лепш за ўсё выкарыстоўваць гатовую грунтавую сумесь, прызначаную для хатніх кветак, якая добра ўтрымлівае вільгаць. Варта памятаць, што меліса дрэнна расце на закісленай глебе.

Размнажэнне

Размнажаць можна з дапамогай насення або высадзіць расаду. Добра размнажаецца адводкай, дзяленнем куста. Калі збіраецеся высяваць насенне, спачатку змяшайце яго з вільготным чыстым пяском. Сейце лепш вясной, калі глеба добра прагрэецца. Усходы трэба прарэджваць, каб паміж раслінамі была адлегласць 25—30 см.

Калі плануеце вырошчваць расаду, сейце насенне ў невялікія скрынкі прыкладна ў канцы сакавіка. Пасля гэтага трымайце іх у цяпліцы. Пасля з’яўлення двух першых ліст­коў расліны трэба пікіраваць. Праз 2 месяцы, калі міне пагроза магчымых замаразкаў, можна выса­дзіць у адкрыты грунт. Толькі перад гэтым добра ўгнойце глебу (3-4 кг угнаення на
2 кв.м). Для мелісы пады­дуць арганічныя ўгнаенні, напрыклад, кампост, перагной. Таксама можна выкарыстоўваць комплексныя мінеральныя ўгнаенні, напрыклад, суперфасфат, фасфат амонію, калійныя солі. Падкормлівайце расліну двойчы за лета. Пры апошняй за год падкормцы выкарыстоўвайце толькі фосфарныя або калійныя ўгнаенні.

Важна ведаць, што своечасовае ўвільгатненне глебы, дзе расце меліса, проста неабходна. Асабліва шчодра варта палі­ваць расліны ў засушлівае лета, лепш раніцай.

З надыходам глыбокай восені расліны пажадана абараніць ад моцных маразоў. Іх акучваюць зямлёй або прысыпаюць перагноем.

Аксаміткі (тагетэс)

Аксаміткі — непатрабавальныя цяплолюбівыя расліны, якія хутка растуць. Аддаюць перавагу адкрытым сонечным месцам, але растуць і пры невялікім зацяненні. Дрэнна пераносяць веснавыя і асеннія замаразкі. Вельмі добра растуць на пажыўнай, добра ўвільготненай глебе і спецыяль­ных угнаенняў не патрабуюць. Насенне прарастае на 5—6 дзень. Цвіценне пачынаецца праз 60—70 дзён пасля з’яўлення ўсходаў і працягваецца да першых асенніх замаразкаў.

У мінулым годзе я назірала дзіўную з’яву, якой не хацелі верыць калегі, але, убачыўшы фота, у здзіўленні пагаджаліся. 2 жніўня ў нас была праверка гатоўнасці школ да новага навучальнага года. Я сарвала некалькі маладых галінак і паставіла ў вазачку на свой стол. Недзе 5 жніўня я даставала аксаміткі і далівала вады, каранёў яшчэ не было. А 12 жніўня, дастаўшы аксаміткі з вазы, каб памяняць ваду, застыла ў здзіўленні: усе сцёблы раслін былі пакрыты густымі белымі карэньчыкамі (гл. фота). Гэта быў проста цуд! Ніколі і ні­дзе я не чытала і не чула, каб галінкі аксамітак пускалі карані. Мы вырашылі з дзецьмі на наступны год праверыць так іншыя гатункі аксамітак. Аксаміткі з карэньчыкамі выса­дзілі на клумбу, і яны прыжыліся.

З травы гэтых раслін гатуюць настоі і адвары для барацьбы са шкоднікамі, а паса­джаныя ў садах і агародах, яны абараняюць фруктовыя культуры і культуры агародніны ад розных шкоднікаў. У ежу ўжываюць высушаныя і размолатыя ў парашок кветкавыя кошыкі, якія сушаць у цені, таму што пры сонечнай сушцы колькасць эфірнага масла значна зніжаецца.

У кулінарыі аксаміткі ўжываюць у некаторых краінах Лацінскай Амерыкі і Еўропы, у Аргенціне і Чылі, у Грузіі і многіх іншых краінах. Спецыя ўваходзіць у склад розных вострых сумесей. Яна папулярна для рысавых страў, для надання паху тушаным стравам, яна абавязковы кампанент сумесі для супоў. Аксаміткі дабаўляюць ва ўсе закускі і стравы, у склад якіх уваходзяць грэцкія арэхі.

Шалфей

Шалфей — вядомая лекавая расліна. Уся расліна духмяная. Выкарыстоўваюцца лісткі, сабраныя ў перыяд цвіцення. Пах высушанай расліны духмяны, асабліва пры расціранні, смак гаркавата-востры, злёгку даўкі.

Вырошчванне

Вырасціць шалфей лекавы можна і на садовым участку, і на балконе, і дома на падаконніку. Расліна непатрабавальная, важна толькі забяспечыць ёй добрую асветленасць і не вельмі кіслую глебу.

Каб атрымаць якасную лекавую сыравіну, адвядзіце шалфею сонечны ўчастак з рыхлай, урадлівай, багатай на перагной глебай.

Размнажэнне

Размнажаць шалфей можна насеннем.Высяваюць насенне позняй восенню або ранняй вясной. Сеюць на глыбіню 3—5 см, міжраддзі робяць шырынёй 50—60 см. Пры сяўбе можна ўнесці ў кожную лунку аргана-мінеральныя ўгнаенні — па 0,5—1 кг перапрэлага гною або перагною з 3—4 г комплекснага мінеральнага ўгнаення.

Аптымальная тэмпература для прарастання насення — 20—25°С, тады ўсходжасць будзе максімальная — да 75%. Пры больш нізкіх тэмпературах усходжаць будзе невысокай (напрыклад, пры 5°С узыдзе толькі 15% насення). Прарастае яно звычайна праз
15—30 дзён. Пасевы трэба ахоўваць ад ветру. На расаду насенне шалфею выся­ваюць за 40—50 дзён да высадкі яе ў адкрыты грунт.

Догляд шалфею нескладаны: рэгулярная праполка, рыхленне міжраддзяў. Падкормку даюць 2 разы за лета — у пачатку адрастання парасткаў і ў перыяд бутанізацыі. Выкарыстоўваюць разведзеную гнаявую жыжку (1:10) або камбінаваныя мінеральныя ўгнаенні з разліку 15—20 г на м2.

Загатоўка шалфею

Шалфей збіраюць і загатоўваюць у час цвіцення, пажадана ў ранішнія часы. Лісткі збі­раюць 2—3 разы за лета, пачынаючы з моманту зацвітання і да восені, але не пазней як у верасні. У першыя гады жыцця расліны зрываць рэкамендуецца толькі ніжнія лісты, а ў далейшым — усе лісты і верхавіны парасткаў.

Перад сушкай сыравіну праглядаюць, выдаляюць ніжнія грубыя сцёблы, якія трапілі, пабурэлыя лісты. Сушаць сыравіну на паветры, у цені, у месцах, якія добра праветрываюцца; можна гэта рабіць і ў духоўцы або печы пры тэмпературы не больш за 50—60°С.

Прымяненне

Лісты шалфею валодаюць вяжучым, дэзынфіцыруючым, супрацьзапаленчым, змякчальным і кроваспыняльным дзеяннем. Выкарыстоўваецца расліна для паласкання пры крывацёку і запаленні дзясен, стаматытах, бранхіце, ангіне, катарах верхніх дыхальных шляхоў.

Эфірнае масла шалфею валодае антыбактэрыяльнай актыўнасцю, высокай раназагойнай здольнасцю і па эфектыўнасці прыраўноўваецца да мазі Вішнеўскага. Маслам з поспехам лечаць апёкі і язвы, якія доўга не загойваюцца, стаматыты.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.