Ужо не адзін год паміж кветкаводамі ідуць спрэчкі, што лепш вырошчваць на клумбе і ў палісадніку — шматгадовыя расліны або аднагадовыя. Маўляў, ці варта кожную вясну важдацца з насеннем, расадай, ламаць галаву, што і дзе пасадзіць. Пасадзіў аднойчы — і ніякіх табе клопатаў. Тыя ж, каму падабаюцца аднагадовыя кветкі, прыводзяць свае аргументы: кожны сезон можна вырошчваць навінкі дый правераныя экзэмпляры, і выглядаць кветнік будзе добра з ранняй вясны да позняй восені.
Шчыра кажучы, за выключэннем цыбульных і хіба што півонь, я люблю аднагадовыя кветкі. Кожны год позняй восенню, калі настрой крыху паніклы, заходжу ў кветкавыя магазіны, выбіраю насенне, уяўляю, якая прыгажосць чакае мяне ў наступным сезоне. Абавязкова стараюся купіць нешта новае, часам нават не ведаючы, ці здолею вырасціць тое, што бачу на малюнку.
Тым не менш у шматгадовых кветках таксама ёсць свае добрыя бакі. Большасць пачынае цвісці ў пачатку чэрвеня, у той час, як аксаміткі, цыніі, скабіёза, петунія, гацанія — у ліпені-верасні.
Пра некаторыя я і хачу расказаць.
Рудбекія
Для гэтай кветкі цудоўную назву прыдумалі немцы: “сонечны капялюшык”. І сапраўды, жоўтыя або жоўта-аранжавыя з чорнай ці карычневай сярэдзінкай рамонкападобныя суквецці нагадваюць капялюшык. Расліна гэтая даволі высокая, таму абавязкова патрабуе апоры. Асабліва прыгожа выглядае яна ў трох-чатырохгадовым узросце, калі вырастае ў некалькі сцёблаў. Размяшчаць яе трэба ў цэнтры кветніка ці на заднім плане.
Што тычыцца глебы, то рудбекія непераборлівая. Добра пераносіць і паўцень. Праўда, на сонцы суквецці больш буйныя. Два-тры разы за сезон расліну можна падкарміць комплексным угнаеннем. У дажджлівае надвор’е пажадана яе падрыхліць.
У вырошчванні гэтай кветкі ёсць адзін нюанс. У кампазіцыі клумбы жоўты колер трэба выкарыстоўваць вельмі асцярожна. І хаця некаторыя аматары манахромных кветнікаў любяць жоўты колер, я лічу, што куды больш цікава выглядаюць жоўтыя кветкі ў спалучэнні з сінімі. Рудбекія асабліва прыгожая побач з сінімі валошкамі, званочкамі, сінім познім касачом. А вось садзіць разам з рудбекіяй высакарослыя аксаміткі я не раю: сваю непаўторнасць згубяць абедзве кветкі.
Цвіце рудбекія амаль да верасня. На зіму яе трэба коратка абразаць і прыкрываць абрэзанымі сцёбламі.
Манарда
У сваім кветкавым дзённіку за 2011 год восенню я запісала, што мне не хапае на клумбе чырвоных кветак. Нават цынія вырасла жоўтага і аранжавага колераў. Манарда ў мяне ўжо была, і я вырашыла рассадзіць яе ў розных месцах. Што цікава, гэтая расліна была не вельмі высокай, але мажнай, з густым зялёным лісцем і ярка-чырвонымі кветкамі. Прыгожыя суквецці, па форме падобныя на дудачкі, упісаліся ў кветкавую кампазіцыю вельмі арганічна. Цвітуць яны не вельмі доўга, каля месяца, але гэтага хапае, каб палюбавацца імі ўволю.
Манарда — ураджэнка Паўночнай Амерыкі. У Еўропу была завезена іспанцам Нікаласам Манардэсам, адсюль і атрымала сваю назву.
Гэтая кветка вельмі любіць сонца. Паліваць яе трэба асцярожна. На жаль, пашкоджваецца тлёй. У гэтым выпадку дапамагаюць спецыяльныя прэпараты.
У свой час я купляла гатовую расаду манарды, але вырасціць яе можна і самастойна. Насенне ў яе вельмі дробнае. Сеюць яго ў хатніх умовах у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Не заглыбляюць, а толькі злёгку прысыпаюць пажыўным грунтам. Калі саджанцы дасягаюць вышыні 4—5 см, іх можна пікіраваць. У грунт высаджваюць у пачатку чэрвеня. Паліваюць умерана.
Кветка добра размнажаецца і дзяленнем куста (гэта можна рабіць у маі-чэрвені або восенню, але не пазней за кастрычнік). А вось самапасеву манарды, у адрозненне ад рудбекіі, я не назірала.
Манарда бывае не толькі чырвонага колеру. Ёсць гатункі ружовыя, белыя, бэзавыя.
Калі вырошчваць гэтую расліну ў экалагічна чыстых умовах, яе можна заварваць як гарбату. Яна мае смак мяты. Манарду можна выкарыстоўваць у якасці саліцёра. Цікава выглядае кампазіцыя з рамонкам, белай цыніяй, белай петуніяй, белым агератумам.
Гайлардыя
Гэтую кветку я назвала б цыганскім рамонкам. Яна мае чырвона-жоўты, аранжавы колер. У яе бываюць суквецці двух відаў — з перавагай чырвонага або жоўтага. Можна сказаць, яна чэмпіён па цвіценні — пачынае ў чэрвені і цвіце аж да пачатку кастрычніка.
Вырошчваецца як насеннем, так і дзяленнем куста. На ўраджайнай глебе вырастае ў даўжыню больш за паўтара метра. Калі глеба крыху бяднейшая, гайлардыя бывае не такой высокай, але пры гэтым не страчвае сваёй прыгажосці.
Я параіла б гэтую кветку тым, у каго ёсць магчымасць даць ёй свабодна расці. Яна не патрабуе ніякіх “кампаньёнаў”, куточак у кветніку будзе самадастатковым. А калі атрымаецца стварыць клумбу толькі з гайлардыяй, то яшчэ лепш. Пасадзіўшы вясной невялікі кусцік, не перасаджвайце яго, не дзяліце, а дайце магчымасць развівацца самастойна.
Пры жаданні можаце пасадзіць побач з гайлардыяй звычайную зялёную хосту. Яны будуць добра дапаўняць адна адну. А калі вы любіце стракатасць, то пасадзіце гайлардыю з рудбекіяй. Магчыма, некаму спадабаецца такое суседства, тым больш што догляд гэтых кветак амаль аднолькавы.
Гайлардыю можна перасаджваць нават у час цвіцення, але ў такім выпадку яе трэба шчодра паліваць. На некаторы час яна страціць сваю дэкаратыўнасць, аднак хутка прыйдзе ў форму.
Горная валошка
Гэтая цікавая кветка нагадвае звычайную палявую валошку, але мае крыху большы памер. З маленькага парастка, які я набыла ў 2008 годзе, у мяне ўжо вырасла амаль 20 кустоў — вось такая ўрадлівая кветка. Яна непераборлівая да глебы, хіба што не любіць вельмі цяжкую гліністую. У падкормках амаль не мае патрэбы.
У вырошчванні валошкі ёсць адна асаблівасць: кветку трэба ўдала размяшчаць у кветніку. Калі вы не будзеце дзяліць куст, праз некаторы час ён ператворыцца ў пустазелле і страціць сваю дэкаратыўнасць. Напрыклад, сёлета я зрабіла наступным чынам: разбіла вузкую доўгую клумбу тыпу рабаткі і высадзіла туды 8 кустоў горнай валошкі, а паміж імі — пару кустоў белага рамонка. Праўда, па вышыні гэтая расліна не вельмі падыходзіць валошцы, але па стылі — самы раз. Дарэчы, пасля цвіцення, якое пачынаецца цёплай вясной ў сярэдзіне мая і доўжыцца да ліпеня, адразу падзяліце горную валошку, каб яна не вельмі разрасталася. Часта яна цвіце паўторна — у верасні.
Для тых, хто любіць кветнікі ў стылі кантры, горная валошка — сапраўдная знаходка.
Касачы
Некаторыя кветкаводы настолькі захоплены касачамі, што маюць некалькі дзясяткаў гатункаў гэтых кветак. Іншыя лічаць, што няма сэнсу вырошчваць расліну, якая цвіце ад сілы два тыдні.
Я вельмі люблю касачы. Мабыць, за тое, што гэта кветка дзяцінства, а можа, за тое, што у свой час я пасадзіла на яшчэ пустую клумбу некалькі лапатак касачоў і з гэтага ўсё пачалося.
Калі ўбачу недзе касач незвычайнай афарбоўкі, магу стаяць гадзіну і любавацца ім. Магу купіць за амаль апошнія грошы. І яшчэ многа “магу”.
У вырошчванні касачоў, напрыклад, у мяне цяжкасцей не было. Цвіце кветка добра, не пашкоджваецца ніякімі хваробамі. А нядаўна я даведалася, што, калі касачы адцвітаюць, перыядычна ў іх трэба выдаляць толькі пажоўклае лісце (зялёнае ж захоўваецца да верасня). І абразаць яго трэба веерам, на вышыні 10—15 см ад зямлі.
Перасаджваюць і рассаджваюць касачы або ранняй вясной, або ў другой палове лета, пачынаючы з другой паловы ліпеня. Два-тры разы за сезон даюць падкормку.
Касачы бываюць некалькіх відаў: сібірскія, балотныя, японскія, нават цыбульныя, якія цвітуць у той час, калі і крокусы. Усе яны маюць асаблівасці догляду, але ў цэлым ён не вельмі складаны.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.