Табе, любімы горад!

Напярэдадні святкавання 1000-годдзя Брэста сярэдняя школа № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава прыняла актыўны ўдзел у гарадскім фестывалі-конкурсе “Фарбы Брэста”. Па выніках конкурсу школа другі раз адзначана дыпломам пераможцы гарадскога фестывалю ў намінацыі “Найлепшае афармленне ўстановы сацыяльнай сферы”.

Школа размешчана ў цэнтральнай частцы горада на перасячэнні дзвюх вуліц — Карбышава і Бу­дзёнага, і стан тэрыторыі заўсёды ў полі зроку жыхароў. На прышкольнай тэрыторыі выдзелены тры зоны: спартыўны комплекс, прышкольны ўчастак, сад. Для нашага калектыву працэс добраўпарадкавання і азелянення прышкольнай тэрыторыі з’яўляецца вельмі важным і адказным. Мы бачым у гэтым забеспячэнне спрыяльных і бяспечных умоў для правядзення спартыўных заняткаў, адпачынку, гульняў і забаў навучэнцаў, а таксама стварэнне прывабнага аблічча школьнага двара. Прыгожа аформлены школьны двор стварае настрой, станоўча ўплывае на здароўе дзяцей і дарослых. Ён выглядае як паркавая зона, якая нагадвае жыхарам і гасцям Брэста Царскае Сяло пад Пецярбургам. Добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі — творчы працэс. Выкладчыкі і навучэнцы сумесна падбіраюць і высаджваюць расліны, падтрымліваюць чысціню тэрыторыі школьнага ўчастка. На тэрыторыі нашай школы ў жніўні ўстаноўлена інсталяцыя “Наталля Пушкіна (Ганчарова)” у дадатак да інсталяцыі “Пушкінскія матывы”, вырабленая вядомым кавалём горада Аляксандрам Віктаравічам Чумаковым, аўтарам работ, якія ўпрыгожылі прысаду на вуліцы Гогаля. Цяпер пры ўваходзе ў школу ўсе могуць любавацца цудоўнай парай — А.С.Пушкіным і Наталляй Мікалаеўнай.

Мы з радасцю займаемся ландшафтным дызайнам. Гэта не проста комплекс работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, гэта погляд у будучыню. Участак, натуральна, мяняецца кожны сезон і радуе вока новымі, цудоўнымі і загадкавымі экспазіцыямі. У гэтым годзе высаджаны клумбы “Брэст. 1000 гадоў”, аформлена малая архітэктурная кампазіцыя “20 школа. Чарніліца з пяром”. Гэта падарунак нашаму любімаму гораду да 1000-годдзя. На школьных клумбах высаджаны яркія бягоніі, аксаміткі, сальвіі, агератум, хрызантэмы, хосты, канны, віёлы, петуніі, цыніі і іншыя расліны. Сярод кустоў і дрэў можна ўбачыць туі, гартэнзіі, вейгелу.

Вясной закладзены сад сяброўства ў рамках супрацоўніцтва школы з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія). 10 гадоў навучэнцы дзвюх устаноў наведваюць адно аднаго і маюць зносіны. У садзе беларускія і нямецкія школьнікі высадзілі туі, яблыні і рабіны.

Добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі прадугледжвае наяўнасць спартыўнай пляцоўкі з зонамі для правядзення камандных гульняў (футбол, баскетбол, валейбол). 26 ліпеня 2019 года, у год тысячагоддзя нашага горада, Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт і Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”, старшыня Уладзімір Аляксандравіч Базанаў, дэпутат, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Бедарусь, аказалі школе вялікі гонар, зрабілі падарунак навучэнцам і педагагічнаму калектыву — рэканструявалі і абнавілі спартыўную пляцоўку школы. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Валянцін Станіслававіч Мілашэўскі, дэпутат Уладзімір Аляксандравіч Базанаў, прадстаўнікі адміністрацыі, упраўлення па адукацыі, педагогі, бацькі і навучэнцы.

Права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь давалася Дзмітрыю Мазалеўскаму, выпуск­ніку школы, аднаму з найлепшых гульцоў, нападаючаму каманды “Дынама-Брэст”, галоўнаму трэнеру дубліруючага складу “Дынама-Брэст”, і вучню 4 “Б” класа Даніілу Басу, найлепшаму гульцу школьнай каманды, якая заняла 1-е месца ў гарадскіх спаборніцтвах па футболе. Абноўленае поле стадыёна адкрыў матч па міні-футболе паміж камандамі школы.

На першым паверсе школы аформлены стэнд “Да 1000-годдзя Брэста”, дзе размя­шчаюцца дыпломы, граматы, фотаздымкі, інфармацыя пра мерапрыемствы да юбілею нашага цудоўнага горада.

Ірына НІКІФАРАВЕЦ,
дырэктар сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава.