Гэтая цудоўная вечназялёная расліна сямейства кіпарысавых лічыцца непатрабавальнай. Зрэшты, так і ёсць. Вясной і летам туя практычна не патрабуе ўвагі. Усё, што неабходна расліне, — рэдкія палівы і ўмераная падкормка. А вось асенні догляд — падрыхтоўка да зімы — справа больш сур’ёзная.
Асенні догляд туй і падрыхтоўка іх да зімы — справа нескладаная. Галоўнае — своечасова і паслядоўна правесці ўсе працэдуры.
Па-першае, тую неабходна абрэзаць. Гэта дазволіць расліне нармальна развівацца наступнай вясной і захавае яе форму. Галоўнае — не перастарацца: празмерная абрэзка аслабіць расліну, а калі зіма будзе марознай, туя можа вымерзнуць. Дарэчы, праводзіць працэдуру варта, калі тэмпература паветра ўстойліва знізіцца да +5— -1°С і ў сухое надвор’е.
Па-другое, абавязкова трэба правесці шчодры прыкаранёвы паліў, бо каранёвая сістэма туй дрэнна пераносіць сухія, прамерзлыя глебы. Працэдуру праводзяць незалежна ад таго,
ідуць дажджы ці не.
Па-трэцяе, асаблівую ўвагу трэба звярнуць на маладыя (гадавалыя) туі і перасаджаныя ў верасні—кастрычніку на новае месца. Яны патрабуюць стымуляцыі росту каранёвай сістэмы. Тут дапамогуць “Цыркон”, “Карнявін” і “Карнярост”.
Па-чацвёртае, трэба ўхутаць крону. Туя марозу не баіцца, а вось вецер і зімовае сонца не надта любіць. Ад апошняга на ігліцы нават могуць быць апёкі. Таму туі і трэба закрываць святло- (для падтрымання фотасінтэзу) і паветрапранікальным (каб расліна не прэла) матэрыялам. Для гэтай мэты добра падыходзяць мешкавіна, марля, спанбонд, аграспан, крафт.
І апошні — пяты — пункт. У туі каранёвая вегетатыўная сістэма залягае паверхнева. Адпаведна, яе лепш замульчыраваць пілавіннем, саломай, трэскамі. Для дадатковага цеплаэфекту туды можна дабавіць торф, кампост, перагной. Перад мульчыраваннем варта старанна ачысціць прыкаранёвы круг ад пустазелля і смецця.
А цяпер пагаворым аб прычынах пажаўцення туі. Тут нам дапаможа наш пастаянны аўтар дачнік са шматгадовым вопытам Яўген Салановіч.
Такім чынам, асноўныя віды і прычыны пажаўцення туі:
— галіны падсыхаюць, а ігліца ападае — адсутнічаў паліў ці дрэва дрэнна перанесла зімовую спячку, але апошняе актуальна толькі для пасаджаных восенню раслін;
— карычневая знутры, але зялёная звонку — хутчэй за ўсё расліна проста ліняе. Дарэчы, лінька адбываецца кожныя 4—6 гадоў;
— ігліца становіцца залацістага ці бронзавага колеру, але не асыпаецца — асаблівасці гатунку (напрыклад, ужо летам становяцца залаціста-жоўтымі “Даніка”, “Аўрэа”, “Голдэн Глоб”);
— чэзне і засыхае цалкам — да гэтага прыводзяць памылкі пры пасадцы і доглядзе.
Падрыхтавала Вера НІКАЛАЕВА.