Да новага навучальнага года ў нашай школе значна абнавілі кабінет псіхолага. Зараз тут створаны спрыяльныя ўмовы для ўзаемадзеяння псіхолага з дзецьмі рознага ўзросту, педагогамі, бацькамі.
Кабінет падзелены на зоны, дзе можна аказваць розныя віды псіхалагічнай дапамогі. Для працы з дзецьмі большую частку кабінета займаюць гульнявая і карэкцыйна-развіццёвыя зоны. Тут размешчана шафа з цікавымі настольнымі гульнямі, канструктарамі, мяккімі цацкамі, створана ўтульная дамашняя абстаноўка. Наведваючы кабінет, дзеці абавязкова знойдуць чым заняцца, бо так цікава разам складаць з маленькіх элементаў прыгожую карціну-мазаіку, удзельнічаць у марскім настольным падарожжы, разыгрываць лялечнае прадстаўленне.
Частымі гасцямі гульнявой зоны з’яўляюцца першакласнікі. Тут з імі праводзяцца развіццёвыя заняткі, якія дапамагаюць адаптавацца да школьнага рэжыму, наладжваць узаемаадносіны, развіваць дробную маторыку. Прыцягвае ўвагу дзяцей дошка з размешчанымі на ёй астраўкамі прымірэння і настрою. З іх дапамогай можна вырашыць канфліктную сітуацыю, даведацца пра настрой дзіцяці перад пачаткам або ў канцы заняткаў.
З падлеткамі праводзяцца трэнінгавыя прафілактычныя заняткі ў інтэрактыўнай форме. Для гэтага выкарыстоўваецца ўся свабодная прастора кабінета, ёсць неабходныя матэрыялы для заняткаў: алоўкі, фарбы, фламастары, альбомы і інш.
Кансультатыўная і інфармацыйная зоны выкарыстоўваюцца часцей у працы з педагогамі і бацькамі. У гэтым годзе яны сталі больш утульнымі, чаму спрыяе марскі пейзаж на адной са сцен кабінета.
Да пачатку навучальнага года ў кабінеце “вырасла” дрэва мудрых думак. Так мы рэалізавалі сваю колішнюю задумку. Зараз ўсе, хто наведвае кабінет псіхолага, могуць знайсці на ім карысную параду на кожны дзень.
Кабінет педагога-псіхолага стаў яшчэ больш утульным і не падобным на школьны клас, што дае магчымасць правесці душэўную размову, пагаварыць аб хвалюючых праблемах, а значыць, дзеці і дарослыя могуць атрымаць своечасовую псіхалагічную дапамогу.
Жанна ГРЫБОК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы Пагранічнага
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.