Час кветак і букетаў

Лета — час кветак і букетаў… Яркімі ўзорамі расцвілі гарадскія балконы і клумбы, рознакаляровымі блікамі зайгралі дачныя ўчасткі. Чаго варты адны толькі назвы: ад сціплых браткаў да велічнай “царскай кароны” і рамантычных “пырскаў шампанскага”. Самы час радаваць кветкавымі кампазіцыямі сябе і блізкіх. І хіба для гэтага патрэбна прычына?
Наш чэрвеньскі майстар-клас прысвечаны каркаснаму букету, паколькі фларысту-пачаткоўцу лягчэй размясціць кветкі ў букеце пры дапамозе каркаса. Азірніцеся навокал! Букет можна зрабіць з любых раслін.
Каркас робіць букет устойлівым і надае яму неабходную форму. Каркасныя букеты — захапляльнае баўленне часу: з аднаго боку — лёгкае, а з другога боку — складанае. Лёгкае, таму што каркас служыць асновай і падтрымлівае кветкі. А складанае, таму што стварэнне самога каркаса патрабуе намаганняў.

Для стварэння букета на каркасе нам спатрэбяцца наступныя матэрыялы і інструменты:

а) для каркаса — галінкі (можна, напрыклад, вярбы ці ясеня), дрот, сякатар;
б) для букета — кветкі, зеляніна (у нашым прыкладзе гэта ружы, лаванда, гваздзік турэцкі, гусялапка, снітка, суквецці і лісце хосты).
Ход работы:
1. Галінкі ясеня ачышчаем ад лісця. Разразаем іх на патрэбныя кавалкі, складваем з галінак каркас. Усе перасячэнні галінак звязваем дротам.
2. Ручку для букета робім з дроту. Для гэтага возьмем тры кавалкі дроту даўжынёй каля 30 см і прымацуем іх у розных месцах каля цэнтра каркаса, а потым злучым (скруцім) у адзін. Каркас гатовы.
3. Далей пачынаем тварыць, папярэдне ачысціўшы кветкі ад ніжняга лісця. Устаўляем кветкі ў каркас на свой густ, толькі не забывайце камбінаваць іх па колеры, форме, памеры (буйныя і дробныя). Размяшчаем кветкі так, каб букет добра выглядаў з усіх бакоў.
4. Знізу букет падбіваем лісцем хосты. Перавязваем букет стужкай і падразаем усе сцябліны на адну даўжыню. У ідэале букет павінен складаць 2/3, а ручка (сцябліны знізу) — 1/3.5 copy.jpg(сайт)

 

 

Наталля ГРЫШАЛЬ,
педагог фларыстычнай кампаніі “Поспех”.