Агарод у слоіку

На падаконніку дзіцячага садка “Дубок” вырас агарод. Пасаджаны рукамі дзетак, ён радуе невялікімі раслінамі, якімі могуць любавацца і дзеці, і дарослыя.

Сёлета дашкольнікі ў сваім агародзе пасадзілі цыбулю — у невялікія пластыкавыя ёмістасці і ў трохлітровы слоік. Дзеці асабліва ганарацца гэтым слоікам-парніком. Цыбуліны, апушчаныя ў ваду, падымаліся вельмі хутка. Пёркі не гнуліся і не ламаліся, а цягнуліся ўгору і выраслі на 40 сантыметраў. А ў пластыкавых ёмістасцях з глебай цыбулька расці не спяшаецца — чакае свайго часу.

Дзеці з задавальненнем даглядаюць свой агародчык. Разам з пеўнікам Пецям, які таксама сочыць за ростам цыбулі, дашкольнікі паліваюць свае пасадкі. А на абед у іх заўсёды свежая зеляніна, якую кухар дадае ў суп.

— Ну і што, што горкі?! Затое карысны. У ім шмат вітамінаў, — гаворыць Віка Шкабара.

— І мінералаў, — дадае Сеня Кавяза.

Дзеці з задавальненнем каштуюць цыбулю. Крыху моршчацца, а потым з усмешкай гавораць: “Самі вырасцілі — самі і есці будзем! Прыходзьце ў госці — і вас пачастуем!”

Марына БАРАДЫНКА,
выхавальніца ясляў-сада “Дубок” Астраўца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*