Праектная дзейнасць, якая накіравана на супрацоўніцтва педагога і навучэнца, развіццё яго творчых здольнасцей, дапамагае рэалізаваць самыя разнастайныя ініцыятывы. Для навучэнцаў нашай школы цікавым і карысным стаў удзел у конкурсе “Экалогія. Чалавек. Будучыня”.
Дзейнасць навучэнцаў была накіравана на вырашэнне цікавых праблем, якія яны самі сфармулявалі: як вырабіць птушак з прыродных матэрыялаў, каб яны былі падобныя на падабраныя фатаграфіі, малюнкі; якія тэхналогіі выкарыстоўваць; які прыродны матэрыял ужыць? Праца над творчымі праектамі дазволіла навучэнцам праявіць сябе індывідуальна і ў групе, паспрабаваць свае сілы, прыкласці свае веды, паказаць публічна дасягнуты вынік.
У конкурснай праграме ўдзельнічалі 6 каманд. У першым (адборачным) этапе конкурсу “Птушкі і жывёлы нашага краю” неабходна было зрабіць птушак з прыродных матэрыялаў. Навучэнкі 8 “В” класа Эльвіра Ступновіч і Марыя Запаснік, навучэнка 9 “А” класа Юлія Швакель захоплена працавалі над творчымі праектамі “Качкі ў сажалцы”, “Снегіры”, “Цецярук”. Качак склеілі пры дапамозе тэхнікі пап’е-машэ, пафарбавалі пёры ў колер пяра качак акрылавымі фарбамі, высушылі і наляпілі гарачым клеем на аснову. Снегіроў зрабілі з ваты і размалявалі гуашшу, цецерука — з сухіх траў.
Па выніках першага этапу ў другі (раённы) этап выйшлі навучэнцы 9 “А” класа Лізавета Загдай, Дзіяна Дапіра, Вераніка Кахно, Юлія Швакель і Валерыя Швакель.
Трэці этап (рэгіянальны) праходзіў на базе мастоўскага музея “Лес і чалавек” з удзелам каманд-пераможцаў другога этапу з Лідскага і Мастоўскага раёнаў. Навучэнцы сярэдняй школы № 8 Ліды прадэманстравалі інтэлектуальныя здольнасці. Яны шмат ведаюць пра жывёльны і раслінны свет нашага краю, выдатна валодаюць звесткамі пра птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Школьнікі таксама праявілі творчыя і артыстычныя здольнасці. Па выніках трэцяга этапу конкурсу каманда Лідскага раёна заняла першае месца.
Ларыса БАТУРА,
Тэрэза КУЗЬМА,
настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 8 Ліды.