Рыхтуемся да Вялікадня

Да ўсялякага свята мы рыхтуемся. Да Вялікадня — асабліва. Вялікдзень — гэта свята шчодрых страў пасля Вялікага посту. Традыцыйна святочны стол складаецца з пірагоў, мясных страў і, канечне, яек-крашанак.

Справа № 1: пафарбаваць яйкі.

Нашы бабулі адварвалі яйкі ў цыбульніку — адвары шалупіння цыбулі, якое дазваляе дабіцца залаціста-карычневага колеру (чым больш цыбульніку, тым адвар больш насычаны). Можна пайсці арыгінальным шляхам і з дапамогай натуральных прадуктаў дабіцца яшчэ і карычневага (кава ці чай), бэзавага (буракі), светла-зялёнага (шпінат ці крапіва), жоўтага (морква) адценняў.

У магазінах прадаюцца спецыяльныя налепкі, фарбавальнікі і нават бліскаўкі з пацеркамі. Іх можна таксама выкарыстоўваць і рабіць прыгажосць.

Яшчэ адзін цікавы варыянт — выраб мрамарных яек з дапамогай зялёнкі: вараныя яйкі зма­чыць у вадзе, абва­ляць у шалупінні цыбулі, завязаць у марлю. Затым апусціць у кіпень, у які дадалі зялёнку.

Справа № 2: спячы куліч.

Куліч — не толькі добрая традыцыя, але яшчэ і надта смачна. Яго можна набыць да свята ў магазінах. Але дамашнія кулічы, канечне, самыя лепшыя!

Куліч з цукатамі

Інгрэдыенты. Цеста: малако — 500 мл, дрож­джы — 50 г, мука — 1 кг, яйкі — 6 шт., сметанковае масла — 200 г, цукар — 300 г, 250—300 г цукатаў. Глазура: цукровая пудра — 100 г, бялок 2 яек.

Прыгатаванне. Замешваем цеста з усіх інгрэдыентаў. Накрываем ручніком, ставім у цёплае месца на 2—3 гадзіны.

У гэты час рыхтуем цукаты: заліваем кіпенем на 10 мінут, прамываем, сушым. Дабаўляем у цеста.

Запаўняем формы на 1/3. Выпякаем 30—45 мінут пры 180°С.

Глазура. Бялкі яек узбіваем, дабаўляем цукровую пудру і пакрываем гарачыя кулічы.

Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы.