Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці прапаноўвае школьнікам 7 гурткоў рознага кірунку: “Саламяныя цуды” (саломапляценне), “Ткалля” і “Кросны” (ткацтва), “Каляровыя пацеркі” (бісерапляценне), “Прыродная майстэрня” (прыродны матэрыял) і інш. Іх кіраўнікі Святлана Луцык, Ала Назарук, Людміла Сакалюк і Валянціна Струнец — надзвычай творчыя, захопленыя і ініцыятыўныя людзі, якія ахвотна дзеляцца вопытам, талентам, уменнямі і ведамі з дзецьмі. Майстры народных рамёстваў не толькі забяспечваюць пераемнасць духоўных традыцый, але і зберагаюць, развіваюць іх. Вывучаючы ўмовы жыцця і побыт продкаў, супрацоўнікі цэнтра дапамагаюць дзецям авалодваць майстэрствам ткацтва, вышыўкі крыжыкам, салома- і бісерапляцення, канструявання.
Не адзін год ва ўстанове дзейнічае клуб аматараў вышыўкі “Чароўная нітачка”, якім кіруе Людміла Сакалюк. На яе занятках дзеці вучацца пераносіць даўнія маларыцкія ўзоры на тканіну, надаючы ім пэўныя сюжэтныя формы і завершанасць. Атрымліваецца непаўторна, ярка і прыгожа.
— Захоўваючы ў сваіх работах узоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, яго колеравую гаму, дзеці зберагаюць традыцыі багатай спадчыны роднага краю, якая стваралася на працягу многіх стагоддзяў, — гаворыць Людміла Сакалюк. — У клубе з задавальненнем займаюцца не толькі дзяўчаты. Амаль штогод у ім ёсць і хлопцы. Сярод іх — Мікіта Філіповіч, надзвычай адказны і старанны хлопчык, адзін з лепшых у нашым клубе. За 7 месяцаў вучобы ён ужо дасягнуў пэўных поспехаў у вышыўцы крыжыкам. За яго можна толькі парадавацца.
— Кожныя заняткі чакаю з нецярпеннем, — расказвае трэцякласнік з сярэдняй школы № 2 Маларыты. — У клуб прыйшоў сам. Бацькі падтрымалі маё жаданне.
У сям’і Мікіты ніхто раней вышыўкай не займаўся. Як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, Мікіта бярэцца за работу. Іголка, ніткі, канва, нажніцы — яго любімыя “цацкі”. Пакуль малюнкі для вышыўкі прапаноўвае Людміла Сакалюк, але Мікіта знаходзіць іх таксама ў спецыялізаваных часопісах і інтэрнэце. Хлопчык не прытрымліваецца пэўнай тэматыкі — вышывае розныя сюжэты, выбар якіх залежыць ад настрою.
— Калі вельмі старацца, абавязкова ўсё атрымаецца, — упэўнены Мікіта. — Ужо вышыў шмат чаго: сурвэткі, невялікія карціны, ручнік на Вялікдзень. Цяпер працую над сюжэтнай карцінай, схему якой выбраў сам. Адным падабаецца маляваць пэндзлем і фарбамі, а я вось чарую іголкай і ніткай. Прыгожа атрымліваецца! Гэты занятак выхоўвае ўседлівасць, уважлівасць, цярпенне, сілу волі.
Сёння Мікіта імкнецца дасканала асвоіць тэхніку вышыўкі крыжыкам, роўняддзю. Калі падрасце і стане больш вопытным, марыць набыць спецыяльную адукацыю і адкрыць сваю майстэрню. А там, можа, стане і дырэктарам Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.