Пранікненне ў душу шахматнай партыі

60 юных аматараў шахмат сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага шахматнага турніру “Чорная пешка — 2021”, які адбыўся ў Гродне. Удзел у ім прынялі хлопчыкі і дзяўчынкі 2011 года нараджэння і маладзейшыя. А самым юным гульцом стаў шасцігадовы гродзенец Міраслаў Лебедзь.

І хоць удзельнікі турніру былі зусім юнымі, усё было арганізавана па-даросламу.

— Турнір праходзіць па швейцарскай сістэме ў сем тураў з кантролем часу: кожнаму ўдзельніку 10 мінут на партыю з дабаўленнем 5 секунд за кожны ход, пачынаючы з першага, — расказала дырэктар турніру Кацярына Таберка. —  Хлопчыкі і дзяўчынкі гуляюць разам, але з асобным залікам.

Для ўдзелу ў турніры, які арганізавала мінская шахматная школа “Чорная пешка”, прыехалі дзеці з Мінска і абласных гарадоў, Мастоў, Вілейкі, Кобрына, Ліды, Пінска, Светлагорска. 

— Пераможцы і прызёры вызначаліся па найбольшай суме набраных ачкоў. У выпадку роўнасці ачкоў у двух і больш удзельнікаў улічваліся наступныя дадатковыя паказчыкі: усечаны каэфіцыент Бухгольца, поўны каэфіцыент Бухгольца, каэфіцыент Бергера, — дадае галоўны суддзя турніру Андрэй Малюш. 

 На такіх турнірах дзеці не толькі ўдасканальваюць сваё майстэрства, знаёмяцца, але і вучацца спраўляцца з эмоцыямі, загартоўваюць спартыўны характар, бо была не толькі радасць ад перамогі, але і слёзы ад пройгрышу.

Пераможцаў вызначалі сярод хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікат, а пераможцы — падарункі, кубкі, медалі і дыпломы. Пераможцамі рэспубліканскага шахматнага турніру “Чорная пешка — 2021” у Гродне сталі Захар Емяльянаў (шахматны клуб “9 ферзей” з Вілейкі), Мікіта Новікаў (спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 4 Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці), Міхаіл Дзенісеня (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”, Мінск), Аліса Малюш (шахматная школа “Ферзь”, Гродна), Ніка Венская (Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках, Мінск), Ганна Шылко (шахматная школа “Ферзь”, Гродна).

Самы юны ўдзельнік Міраслаў таксама прадэманстраваў добры патэнцыял, замацаваўшыся ў сярэдзіне турнірнай табліцы.

Як паведаміла Кацярына Таберка, юных аматараў шахмат запросяць на чарговы турнір у Гродне ў дні навагодніх свят. Улічваючы зацікаўленасць удзельнікаў, колькасць іх будзе павялічана да 200 чалавек.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.