Чэмпіянат свету па хуткіх шахматах і бліцы сярод кадэтаў прайшоў у Мінску з 22 па 24 чэрвеня. 747 дзяцей з 27 краін пазмагаліся за ўзнагароды Міжнароднай шахматнай федэрацыі.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтва наведалі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў.
— Мне вельмі прыемна ўжо другі раз прысутнічаць на адкрыцці такога цудоўнага форуму, — падкрэсліў В.Дурноў. — Упэўнены, што ён атрымае “прапіску” ў нашым слаўным Мінску.
Чэмпіянат праходзіць у сталіцы другі год запар, прыме яго Мінск і ў наступным годзе. Галоўны суддзя спаборніцтваў міжнародны арбітр Такіс Нікалоўлус запэўніў, што прычына такога рашэння — актыўнасць нашай краіны на міжнароднай шахматнай арэне і той узровень гасціннасці і сэрвісу, якія прапануюцца ў Беларусі.
Калі прагучала каманда рыхтавацца да гульні, Палац спорту быў цалкам напоўнены роўнымі радамі сталоў з шахматнымі дошкамі. Правілы вельмі строгія: хадзіць паміж сталамі могуць толькі арбітры, прэсе нельга сыходзіць са спецыяльных чырвоных дываноў, а бацькам і трэнерам — нават пакідаць трыбуны. Самі ўдзельнікі мусяць быць вельмі дысцыплінаванымі: гутарыць з блізкімі ці нават з сапернікам не дазваляецца, уставаць, не перадаўшы дакладныя вынікі гульні арбітрам, — таксама. Ды шахматыстам было не да размоў або прагулак, яны не адрывалі вачэй ад фігур. Такой колькасці дзяцей, сканцэнтраваных і засяроджаных на справе, пазайздросціць любы настаўнік!
Праз аб’ектыў фотакамеры было добра відаць, як мяняліся твары дзяцей: развага, пошук, азарэнне, рашучасць. І ўсё — за секунды. У хуткіх шахматах гульня доўжыцца менш за гадзіну. Неўзабаве першыя сталы пачалі пусцець. А праз паўгадзіны трыбуны загудзелі: дзеці расказвалі трэнерам пра свае рашэнні і вынікі, былі і слёзы.
— Прайгралі! — у адзін голас заявілі Глеб і Аліна са Смаленска і пачалі наперабой тлумачыць, што пайшло не так і як трэба было зрабіць.
Шахматамі яны займаюцца ўжо каля чатырох гадоў. Аліна ўступіла ў шахматны клуб, а Глеб гуляе з настаўнікам па Skype. Юлія Андрэеўна — мама Глеба і цётка Аліны — заўважыла, што шахматы не толькі развіваюць дысцыпліну і логіку, але і дапамагаюць хутка прымаць рашэнні. Таму сіл на такія паездкі сям’я не шкадуе: прывозіла Аліну і ў мінулым годзе, а ў наступным, магчыма, прыедзе і з малодшымі дзецьмі — шахматамі займаюцца ўсе трое.
У нядзелю сталі вядомы вынікі чэмпіянату: у агульным заліку перамаглі шахматысты з Узбекістана. Беларусь — на 5-й пазіцыі. Медалі заваявалі тры нашы ўдзельнікі: Кацярына Зубкоўская (бліц, да 8 гадоў) атрымала “золата”, Міхаіл Спіжарны (бліц, да 12 гадоў) і Арцём Стрыбук (рапід, да 12 гадоў) — “бронзу”.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.