“Не аддавайце грошы на вопратку — трацьце іх на падарожжы. Якая розніца, колькі гадоў вашым кедам, калі вы гуляеце ў іх па Парыжы?” З гэтым пагодзяцца ўсе, хто любіць падарожнічаць, адкрываць для сябе новыя краіны і запаўняць памяць незабыўнымі ўражаннямі і эмоцыямі.
Пра тое, якому адпачынку аддаюць перавагу беларусы, пра гарады, у якія хочацца вяртацца зноў і зноў, і пра тое, як падрыхтавацца да водпуску, каб быць гатовым да любых, нават самых непрадказальных, сітуацый, нам расказала дырэктар па адпачынку адной з турыстычных кампаній Валерыя Аляксандраўна ЯРОХІНА.
— Валерыя Аляксандраўна, на што трэба звяртаць увагу, выбіраючы курорт, атэль для адпачынку з дзецьмі? Якія кірункі найбольш папулярныя сярод беларусаў?
— Пытанне, куды лепш за ўсё паехаць адпачываць, асабліва востра стаіць перад сем’ямі, у якіх растуць маленькія дзеці. Бацькі перажываюць, каб дзіця змагло адаптавацца ў новым клімаце. Безумоўна, вялікая роля адводзіцца і пытанням дзіцячай кухні. Важна, каб непрывычная ежа не выклікала алергію. Выбіраючы месца для адпачынку з малышамі, трэба ўлічваць і дарогу, каб дзіця не стамілася ад доўгіх пераездаў, а таксама наяўнасць у атэлі добрай анімацыі. Менавіта па гэтай прычыне самае простае рашэнне — адправіцца на курорты, якія прызначаны для адпачынку з дзецьмі. Такія месцы можна знайсці ў кожнай краіне.
Давайце падсумуем і вызначым, чаму бацькі ўдзяляюць асаблівую ўвагу.
1. Якасць пляжа. Для маленькіх дзяцей ідэальным варыянтам будзе пясчаны пляж. Цудоўна, калі пляж знаходзіцца ва ўласнасці атэля. Гэта скарачае час хадзьбы да мора і назад. Пляж павінен мець зручны і паступовы ўваход у ваду.
2. Вялікая зялёная тэрыторыя вакол атэля з дзіцячымі пляцоўкамі, атракцыёнамі і аквапаркам.
3. Дзіцячае харчаванне. Мамы заўсёды клапоцяцца пра тое, каб можна было разнастайна і паўнавартасна накарміць дзіця.
4. Дзіцячая анімацыя, сямейныя забаўляльныя праграмы.
Што тычыцца тых месцаў для адпачынку, якім аддаюць перавагу беларускія турысты, то ўстойлівага спіса няма. Штогод перавагі нашых падарожнікаў мяняюцца, з’яўляюцца новыя цікавыя кірункі з прамымі вылетамі з Мінска. Але нязменнымі фаварытамі ў плане адпачынку застаюцца Балгарыя, Турцыя, Грэцыя, Чарнагорыя, Егіпет.
— Якія тыповыя памылкі робяць нашы турысты, калі збіраюцца на адпачынак у пэўную краіну?
— Вельмі часта турысты, калі збіраюцца на адпачынак і выбіраюць краіну, курорт, прыслухоўваюцца да рэкамендацый сяброў, знаёмых. Гэта нядрэнна, але я за асабісты вопыт падарожжаў, таму што ўсе людзі розныя і патрэбы ва ўсіх таксама розныя.
У якую краіну вы ні паехалі б, варта зрабіць акцэнт на наступных важных момантах. У першую чаргу трэба не забыць пра страхавы поліс. Вельмі многія турысты недаацэньваюць значэнне гэтага дакумента. А ён, між іншым, з’яўляецца асабліва важным, калі вы падарожнічаеце з дзецьмі. Кошт страхавога дакумента невялікі. Поліс можа дапамагчы значна скараціць бюджэт, затрачаны на адпачынак, або зусім яго пакрые, калі раптам вам давядзецца звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Мабільная сувязь. Тут я маю на ўвазе не тарыфы, якія лепш выбіраць, а гавару пра тое, каб турысты проста былі на сувязі. Гэта важна заўсёды, калі яны знаходзяцца ў іншай краіне.
Правілы паводзін. Зараз турысты трацяць вялікую колькасць часу на вывучэнне водгукаў на розных турыстычных рэсурсах, але зусім не ўдзяляюць увагі правілам паводзін у той краіне, у якую плануюць здзейсніць падарожжа. Памылкова меркаваць, што нашага турыста прымуць заўсёды, усюды і ў любым выглядзе. Тым не менш варта быць паважлівымі да прадстаўнікоў іншых краін, тады ніякіх канфліктаў не ўзнікне. Згадзіцеся, у кожнага свой характар, тэмперамент. Але мы адпраўляемся ў падарожжа, у госці, а значыць, павінны з павагай ставіцца да чужой культуры, краіны, людзей. Паважаць ці не паважаць — выбар кожнага, а адносіцца з павагай — гэта ўжо выхаванне.
— Працягваючы размову пра поліс, скажыце, якія выпадкі падпадаюць пад азначэнне страхавых. І якім павінен быць алгарытм дзеянняў, калі турыст трапіў у нечаканую сітуацыю, напрыклад, у дзіцяці паднялася тэмпература альбо дарослы турыст стаў выпадковым удзельнікам бойкі і атрымаў траўмы? Ці можа страхоўка, што ўваходзіць у кошт пуцёўкі, стаць своеасаблівай падушкай бяспекі альбо неабходна афармляць дадатковае страхаванне?
— Да асноўных страхавых выпадкаў, з якімі сутыкаюцца нашы турысты падчас адпачынку, адносяцца харчовыя атручванні, удары, пераломы, сонечныя апёкі, цеплавыя ўдары, укусы насякомых.
Падчас афармлення страхавога поліса ў страхавой кампаніі або калі турыст атрымлівае поліс разам з пакетам дакументаў, заказваючы тур, варта азнаёміцца з памяткай, дзе пазначаны ўсе тэлефоны, па якіх можна звяртацца з адпаведнымі пытаннямі.
Але бываюць выпадкі, калі, напрыклад, страхавы поліс застаўся ў нумары, а турысты адправіліся на экскурсію, падчас якой спатрэбілася дапамога ўрача. Тады неабходна самастойна выклікаць доктара, аплаціць лячэнне, сабраць усе чэкі і медыцынскае заключэнне, а потым, вярнуўшыся дадому, напісаць у страхавой кампаніі заяву на кампенсацыю.
Да нестрахавых выпадкаў адносяцца наступныя:
• сонечны апёк, які атрымаў дарослы (дзецям, вядома, дапамога будзе аказана);
• зубны боль; па страхоўцы вам могуць зняць толькі востры боль, а далейшае лячэнне, як правіла, будзе адбывацца за ўласны кошт;
• хранічныя захворванні, пра якія турыст ведае.
— Многія, збіраючыся ў чужую краіну, баяцца не сарыентавацца, згубіцца там. Як пазбегнуць такіх сітуацый? Ці здаралася нешта падобнае з нашымі турыстамі?
— Страх — гэта нармальнае пачуццё, асабліва калі турысты падарожнічаюць упершыню. Калі мы гаворым пра набыццё пуцёўкі ў турагенцтве, пра пакетны тур, я параіла б пачынаючым падарожнікам не баяцца задаваць вашаму менеджару, які браніруе для вас тур, усе пытанні. Важна ўдакладніць усё, што вас цікавіць, усе падрабязнасці. І самае галоўнае, не трэба саромецца паказаць сваё няведанне. Усё калі-небудзь адбываецца ўпершыню. Менеджар раскажа, што па прылёце ў любой краіне вас абавязкова сустрэнуць, адвязуць у атэль і будуць з вамі на сувязі на працягу ўсяго вашага адпачынку. Калі страх згубіцца прысутнічае ўсё роўна, параю заўсёды мець кантактны тэлефон гіда, а таксама картку атэля, у якім будзеце жыць.
— Як вы ставіцеся да самастойна арганізаваных паездак, калі турысты з дапамогай, напрыклад, такога сэрвісу, як Booking, ці іншых дапаможных рэсурсаў вырашаюць усе турыстычныя пытанні? Наколькі гэта выгадна для эканоміі ўласнага бюджэту і ў чым небяспека такіх тураў?
— Да самастойных паездак стаўлюся вельмі добра. Я разумею, што для турыстаў ёсць свае плюсы ад самастойна арганізаваных падарожжаў. Напрыклад, калі з’явілася жаданне правесці выхадныя ў якой-небудзь еўрапейскай краіне, вядома, больш выгадна самастойна браніраваць Low coast airlines і атэль, які спадабаўся.
Калі турысты падарожнічаюць вялікай сям’ёй і шукаюць прасторныя апартаменты, ім таксама будзе з чаго выбраць. У дадатак да гэтага на такіх рэсурсах бываюць акцыі, скідкі, а апошні нумар у ат элі ўвогуле можа дастацца па добрай цане. Такім чынам, выгада самастойнай арганізацыі падарожжаў у першую чаргу ў колькасці прапанаваных атэляў. Наконт цаны сказаць на 100% не магу, таму што ёсць напрамкі, якія нявыгадна браніраваць праз такія рэсурсы. Зараз маю на ўвазе Турцыю, Егіпет і інш. Справа ў тым, што сюды не будзе танных пералётаў Low coast airlines, у гэтыя краіны больш выгадна лятаць чартарнымі рэйсамі, набываючы пакетны тур у агенцтве. Ёсць яшчэ адзін важны момант для тых, хто браніруе апартаменты напрамую праз уладальнікаў. Не заўсёды гаспадары падаюць дакладную інфармацыю пра тэхнічныя характарыстыкі дома. Так, у пакоі можа не аказацца кандыцыянера, а гэта вельмі важны крытэрый, калі вы падарожнічаеце ў гарачыя месяцы і з дзецьмі. Ці, напрыклад, вам могуць загадзя не сказаць праўду пра наяўнасць хуткага інтэрнэту, які неабходны тым, хто на адпачынку не забывае пра работу.
Такім чынам, у самастойных падарожжах уся адказнасць ляжыць на вас. Ніхто не будзе вырашаць за турыстаў іх праблемы. І да гэтага трэба быць гатовымі.
— Валерыя, вы пабывалі ў многіх краінах. Якія з іх вам імпануюць? Куды больш за ўсё падабаецца вяртацца?
— Я люблю Еўропу. Мне падабаюцца Грэцыя, Харватыя. Увогуле, люблю краіны, дзе адчуваю сябе бяспечна, дзе рады турыстам. Грэцыю люблю за яе жыхароў, а таксама за тое, як яны ганарацца сваёй гісторыяй, як паважаюць сваю краіну. Грэкі ведаюць усе ўнутраныя праблемы сваёй радзімы, і ім вельмі падабаецца дзяліцца з кожным часткай сваёй гісторыі, культуры. Харватыю люблю за яе прыроду, за самае чыстае мора. Гэта не краіна, а адзін суцэльны санаторый, у якім мноства нацыянальных паркаў. Мне падабаецца, калі турысты пасля адпачынку дзеляцца не толькі інфармацыяй пра атэль, сэрвіс, харчаванне, але і ўражаннямі пра саму краіну, яе людзей.
Вельмі важна, выбіраючы краіну для адпачынку, кіравацца ўласнымі думкамі, уражаннямі. Зразумела, не пабываўшы на тым ці іншым курорце, цяжка зрабіць вывад, наколькі ўдалым будзе адпачынак, таму раю кожнаму, хто яшчэ не пачаў падарожнічаць, збіраць чамадан і ехаць па эмоцыі і пазітыў.
Адметнасці некаторых краін
Балгарыя больш падыдзе для тых, хто толькі пачынае падарожнічаць, хто жадае, каб пералёт не быў доўгім. Ляцець у Балгарыю каля дзвюх гадзін. Кухня ў гэтай краіне блізкая да нашай, моўны бар’ер адсутнічае. Увогуле, Балгарыя можа пахваліцца адносна невысокімі цэнамі на адпачынак.
Турцыя. На тэрыторыі гэтай краіны знаходзіцца вялікая колькасць курортаў на любы густ. Кожны турыст абавязкова знойдзе што-небудзь для сябе. Тыя, хто хоча прадоўжыць лета, выбіраюць Анталійскае ўзбярэжжа, дзе можна адпачываць яшчэ ўвесь кастрычнік. А вось у самыя гарачыя месяцы — ліпені і жніўні — камфортна будзе на Эгейскім узбярэжжы: яно больш халаднаватае.
Грэцыя. У Грэцыі пануе асаблівая культурная атмасфера. Апроч гісторыі, з якой можна сутыкнуцца на кожным кроку, турысты атрымліваюць асалоду ад грэчаскай кухні, віна. Гэтая краіна прываблівае добразычлівасцю і адкрытасцю мясцовых жыхароў. І зараз не мае значэння, пра якую частку Грэцыі гаварыць — мацерыковую ці астраўную. Грэцыя адкрыта для ўсіх і для кожнага.
Чарнагорыя — кампактная і дружалюбная краіна на поўдні Адрыятыкі. Краіна еўрапейская, але для беларускіх турыстаў бязвізавая, што, несумненна, з’яўляецца плюсам. Чарнагорыю, згодна з назіраннямі, для адпачынку часта выбіраюць тыя, у каго многа дзяцей. Звязана гэта з тым, што ў краіне вялікі выбар апартаментаў для вялікіх сем’яў.
Егіпет. Вядома, у Егіпет едуць пераважна з-за мора. Егіпет з’яўляецца папулярным круглагадовым кірункам. Клімат гэтай краіны дазваляе нашым турыстам адпачываць там не толькі ў летнія месяцы, але і ў зімовы перыяд, а для падарожнікаў з дзецьмі-школьнікамі — яшчэ і ў перыяд канікул.
Гутарыла
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.