Энтанік, баіт, гаілэ, оіла, гэр булэ, дзьіэ кэргэн…

Няхай не бянтэжаць чытача гэтыя дзіўныя словы ў загалоўку. Усе яны азначаюць на мове розных народаў адно — сям’ю. Энтанік — сям’я па-армянску, баіт — на іўрыце, гаілэ — па-татарску, оіла — па-таджыкску, гэр булэ — па-бурацку, дзьіэ кэргэн — па-якуцку…

Адразу шчыра скажу: я не люблю гэты ўстойлівы выраз “інстытут сям’і і шлюбу”. Разумею, што сацыёлагі не маглі прыдумаць якое-небудзь больш дасканалае азначэнне, але душой яго не прымаю. Слова “інстытут” варожае паняццю “сям’я”. У сям’і не вучацца па загадзя ўстаноўленых правілах, у сям’і не атрымліваюць чырвоных ці сініх дыпломаў, у сям’ю не ўпісваюцца па нейкай зададзенай жыццём траекторыі. Сям’я — яна ёсць ці яе няма.


Усе мы — з добранадзейных ці нядобранадзейных сем’яў. Адтуль выходзім, туды прыходзім, самі ствараем новыя, працягваючы фамілію… Дарэчы, пішучы гэтыя радкі, задумаўся: у еўрапейскіх мовах сям’я атаясамліваецца менавіта з фаміліяй: family (англійская), familie (нямецкая), famille (французская). А ў нас, ва ўсходніх славян, крышку іншая семантыка: сям’я = 7 х Я. Давайце падлічым: я — гэта ёсць я, у мяне ёсць бацька і маці, а ў іх ёсць таксама бацька і маці. Вось і налічылася 7 мяне…


І таму сям’я — гэта ўсё-такі інстытут. Дзед вучыў бацьку, баба вучыла маці. Бацька і маці вучылі мяне. Сямейная навука выпрацоўвае свае правілы наведвання лекцый, здачы іспытаў і залікаў, выпускных вечароў. І яна, гэтая сямейная навука, з’яўляецца гарантыяй таго, што жыццё працягваецца, што мы будзем таксама вечныя ў сям’і — у нашых дзецях і ўнуках. Скажу больш: я ведаў некалькі чалавек — творчых, яркіх, вельмі таленавітых, якія ў свой час “бразгаталі” гучнымі словамі, маўляў, ім не трэба сям’я, маўляў, яны створаны толькі для творчасці, а сям’я гэтаму замінае. Да таго ж яны любілі спасылацца да геніяльных “несямейнікаў”: Ясеніна, Байрана, Ван Гога… Мае знаёмыя таксама не дажылі да “сямейнага ўзросту”. Самы яркі з іх не дажыў да 46, нехта — і да 35. Але я памятаю іх словы, сказаныя ў слязах незадоўга да смерці, яны гучалі ў розных варыяцыях: “Мне так не хапае мамы… Мне так не хапае жонкі… Мне так не хапае сына… Я хачу займець сваю сям’ю…” Цяпер я думаю: а можа, ім усё-такі не трэба было так адмоўна казырыцца наконт сям’і яшчэ па юрлівай сваёй маладосці? Можа, яны і сёння былі б з намі, калі б былі ў сям’і? Нават самы геніяльны з геніяльных — Аляксандр Сяргеевіч — быў жанатым. Сваіх верных жанчын на працягу ўсяго жыцця песцілі і крыўдзілі, але не адпускалі ад сябе Колас, Танк, Мележ, Броўка, Куляшоў, Брыль, Шамякін, Быкаў, Гілевіч, Барадулін… І гадавалі сваіх дзяцей і ўнукаў.


Такая мая працяглая прадмова нарадзілася пасля прагляду выставы “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе”, якая зараз экспануецца ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” (Музычны завулак, 5, колішні Дом масонаў). Гэтую экспазіцыю са збору Расійскага этнаграфічнага музея (Санкт-Пецярбург) варта паглядзець і тым, хто мае сваю сям’ю, і тым, хто хоча яе стварыць, і тым, хто прыдзірлівым вокам усё ж такі жадае зразумець, што гэта такое — сям’я.
Выстава “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе” — гэта адмысловы летапіс сямейнага жыцця на амаль палове тэрыторыі зямнога шара ХХ стагоддзя. Рускія, беларусы, украінцы, каўказцы, паволжцы, сярэднеазіяты, сібіракі — усе яны ў сваёй сям’і застылі ў аб’ектывах фатографаў ТАСС і іншых савецкіх інфармагенцтваў ды газет. Але гэта не той выпадак, пра які кажуць, што нехта рыецца ў чужых прасцірадлах. Гэта сапраўды жыццё. Такое, як ёсць. І такое, якога ўжо няма, але ёсць толькі на фотаздымках. Угледзімся ў гэтыя незабыўныя моманты ХХ стагоддзя.

Вось якутка едзе верхам на алені… Яна не проста якутка, а якутка-нявеста. Твар яе свеціцца дабрынёй і шчасцем. Яна і раней, маленькай дзяўчынкай і падлеткам, тысячы разоў забіралася на аленя і ездзіла на ім. Але гэтым разам у яе жыцці незабыўны момант: яе падсадзіў на аленя жаніх… 1913 год.


Вось сярод натоўпу сялян яны — жаніх і нявеста з Чарнігаўскай губерні. Ва ўсіх нібы асуджаны выгляд, і толькі жаніх неяк дзіўна ўсміхаецца… 1904 год.

Вось карцінка таксама з Чарнігаўскай губерні: ганчар з жонкай. Усміхаюцца крыху з-пад ілба, але і без гэтай усмешкі бачна: яны шчаслівыя быць разам, яны добрыя людзі, яны шмат працуюць, яны любяць не толькі сябе, але і ўвесь свет… 1908 год.

Вось грамадскія арэлі ў Яраслаўскай губерні: мацяркі паселі на лавачцы, а дзеткі ўжо ўсе трапечуць ад нецярпення, ад моманту, калі яны ўздымуцца на трохметровую вышыню… 1915 год.

Вось тры стрыечныя сястры з Тульскай губерні ў нацыянальных строях: дзве з іх смяюцца, ажно заліваюцца, а трэцяя сціпла апусціла вочы. Што з табой здарылася, мілая юная тульчанка? 1902 год.

Вось дужа каларытная казахская пара з Петрапаўлаўскага павета: ён — ювелір, яна — швачка. Нават на фотаздымку яны з галавой у працы — засяроджаныя, маўклівыя, сур’ёзныя… 1908 год.

Вось муж з жонкай з Палтаўскай губерні размешваюць гліну для абмазвання падлогі. Яны не глядзяць у камеру. Ім не да фота. Гліна — матэрыял, які не церпіць прамаруджвання. 1908 год.

Вось дзед-нянька з Арлоўскай губерні. Люляе калыску і так па-добраму, па-старэчы ўсміхаецца! Ідылія па-руску. 1908 год.

Вось малады мужчына з дзіцяткам на руках. Пскоўская губерня. Ён таксама ўсміхаецца, але неяк тужліва, праз сілу. Усё тлумачыцца ў анатацыі да фота: “Удавец з дзіцём”. 1927 год.

Вось бацька з сынам-падлеткам падрыхтаваліся да лоўлі рыбы. Табольская губерня. Каля плеценых пастак — іх сабака. Яму ж таксама цікава! 1909 год.

Вось прадавец морквы з Самарканда акуратна выкладвае на прылавак свой тавар. Здаецца, вось-вось пачне гарланіць на ўвесь кірмаш: “Морква! Свежая морква! Людзі добрыя, падыходзьце! Морква! Нядорага! Свежая!” 1902 год.

Вось жанчыны на Сахаліне займаюцца такой далікатнай справай, як… даенне аленяў. Нават на фотаздымку бачна, што яны робяць гэта вельмі спрытна і хутка, а алені так пакорліва стаяць… 1911 год.

А вось і наша беларуска з Мінскай губерні з пераноснай калыскай. Такую ці падобную да яе дзяўчыну я ўчора бачыў на сваёй роднай вуліцы… Яна быццам прыйшла да нас з 1906 года.

І вось яшчэ адны беларусы — ужо з Магілёўскай губерні. Яны калядоўшчыкі. З зоркай. 1903 год. Дарэчы, гэты фотаздымак ужо знайшоў свой пастаянны прытулак у калядным аддзеле Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Выстава “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе” сапраўды заварожвае, прымушае падоўгу ўглядацца ў кожнае фота. Гэтыя чорна-белыя сведкі сямейнага жыцця пачатку мінулага стагоддзя валодаюць нейкім невытлумачальным шармам. Міжволі праецыруеш гэты фоталетапіс на сённяшняе жыццё. Што мы ўбачылі б? Маладыя стаяць на парозе ЗАГСа, а жаніх тым часам размаўляе па мабільным… Мама ў дворыку гуляе з каляскай і адначасова размаўляе па мабільным… Тата робіць хатняе заданне па матэматыцы з дванаццацігадовым сынам і шукае адказ у “рашэбе” ў сваім мабільным… Хочацца, каб гэтая карціна была антыўтопіяй і наша з вамі жыццё ў фотавыявах было б настолькі ж цікавым для нашых спадкаемцаў праз стагоддзе, наколькі цікавым нам здаецца сёння сямейнае жыццё нашых продкаў на абшарах Еўразіі.

Сям’я… Для кожнага з нас гэтае слова нясе свой сэнс, свой пасыл, свой лейтматыў. Пра некага з нас гавораць, маўляў, ён сямейны, усё, што ні робіць, ён робіць для сям’і. Пра іншага так не скажуць, часам нават папракнуць у бяздзейнасці. На кагосьці ўвогуле махнуць рукой: гэты для сям’і не створаны… Я заканчваю свае нататкі, мабыць, з таго, з чаго пачынаў. Усё адно ніхто не паспрачаецца з тым, што сям’я — гэта каштоўнасць, якая не ведае катэгорый часу ці прасторы. Сям’я была, ёсць і будзе, пакуль будзе чалавецтва.

На афішу выставы “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе” вынесены фотаздымак, які я не магу назваць інакш як геніяльным. Тады, у пачатку мінулага стагоддзя, не было ні крутых люстэркавых “ніканаў” і “кэнанаў”, ні тым больш фоташопу. Але як удалося фатографу тады гэта зняць?

Маладая мама ў хустцы корміць грудзьмі сваё немаўля.

Адным вокам глядзіць на камеру. А другім — на дзіця.

Адно вока поўнае даверу і страху.

Другое вока поўнае любові і шчасця.

І ўвесь свет застыў у шчаўчку фотаапарата…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.