У дзейнасці кожнага настаўніка важны творчы падыход. А што калі педагагічная дзейнасць сама па сабе пастаянная, бесперапынная творчасць? Як, напрыклад, у выхавальніцы ясляў-сада № 5 Чавус Валянціны Мікалаеўны Вячора.
У дашкольнай адукацыі В.М.Вячора плённа працуе ўжо 27 гадоў. У прафесію яна прыйшла свядома. З дзяцінства дакладна ведала: будзе працаваць педагогам.
— Мне падабалася гуляць у настаўніцу. Як зараз памятаю: рассаджвала цацкі і вучыла іх, выхоўвала. У юнацтве прыйшло разуменне, што хацелася б працаваць з самымі маленькімі дзеткамі. Таму пасля заканчэння школы я апынулася ў ліку навучэнцаў сучаснага Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа, дзе атрымала дыплом выхавальніка, — расказала Валянціна Мікалаеўна.
Маладым педагогам яна накіравалася на працу на малую радзіму — у Чавускі раён. Пачынала педагагічны шлях у дзіцячым садзе вёскі Дужаўка. Менавіта там прайшла прафесійнае станаўленне, паралельна атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю. Але галоўнае: у свае першыя гады педагагічнай дзейнасці яна дакладна зразумела ўсю значнасць выбранай прафесіі.
— Выхоўваць дзяцей — гэта вялікая адказнасць. Перад выхавальнікам не проста дзіця, а будучы інжынер, урач, рабочы ці нават палітык. Тое, кім стане малыш і якім ён будзе, шмат у чым залежыць ад выхавальніка. Таму ў нашай прафесіі проста неабходна пастаяннае прафесійнае развіццё і творчы пошук, арыентаванасць на асобу дзіцяці, — лічыць В.М.Вячора.
У пачатку прафесійнай дзейнасці вызначыўшы для сябе галоўныя педагагічныя прынцыпы, Валянціна Мікалаеўна працягвае іх прытрымлівацца і цяпер, працуючы ў яслях-садзе № 5 Чавус. Штодзённую працу яна выконвае творча, з душой. Імкнецца да кожнага малыша знайсці свой падыход і напоўніць яго знаходжанне ў дзіцячым садку радаснымі момантамі і запамінальнымі падзеямі. Дзеля гэтага выкарыстоўвае разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і методыкі. Але асноўнае, на што робіць упор выхавальніца, — гульня і творчасць.

— Гульня — вядучы від дзейнасці ў дашкольнікаў. Не менш прывабліваюць дзетак і заняткі творчасцю, таму ў мяне ўзнікла ідэя займацца з выхаванцамі стварэннем цацак сваімі рукамі, — паведаміла В.М. Вячора.
Валянціна Мікалаеўна вырашыла вырабляць не проста цацкі, а беларускія народныя лялькі, бо ў яслях-садзе № 5 прыярытэтную ўвагу ўдзяляюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей.
— Мы далучаем выхаванцаў да нацыянальных традыцый. Робім гэта з улікам іх узроставых асаблівасцей. У асноўным — праз адраджэнне беларускіх народных гульняў, правядзенне разнастайных мерапрыемстваў. Кожная пятніца ў нас — беларускамоўны дзень. Акрамя таго, мы рэгулярна ладзім беларускія тыдні, падчас якіх праводзім тэматычныя гульні, забавы, святы. Да роднай культуры дзяцей далучаюць выхавальнікі, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, — расказала загадчык ясляў-сада № 5 Т.А.Вінкевіч. — А Валянціна Мікалаеўна Вячора, акрамя выкарыстання традыцыйных метадаў работы ў гэтым кірунку, вырашыла ствараць народныя цацкі. І значна, што гэта вельмі захапіла і педагогаў, і дзетак, і іх бацькоў. Яны з цікавасцю займаюцца гэтым відам творчасці. А выкарыстанне цацак у адукацыйным працэсе дазваляе ў гульнявой форме істотна пашыраць веды выхаванцаў аб гістарычнай і культурнай спадчыне свайго народа.
Па меркаванні В.М.Вячора, цацкі, зробленыя сваімі рукамі, — цудоўная альтэрнатыва тым, што набыты ў магазіне.
— Сучасных дзяцей акружае вялікае мноства цацак. Магазіны прапануюць іх у велізарнай колькасці і на любы густ. Але што развіваюць у малыша сучасныя цацкі? У чым іх педагагічная каштоўнасць? Ад гэтых цацак нікуды не дзенешся, аднак мы можам дапоўніць свет цацак дзіцяці лялькамі, зробленымі сваімі рукамі. Пазнавальная каштоўнасць народнай цацкі заключаецца ў тым, што яна ў даступнай форме адлюстроўвае з’явы рэальнага свету, садзейнічае развіццю вобразнага мыслення, маўлення, эмоцый, фантазіі, эстэтычных уяўленняў малыша. Народная цацка прываблівае сваёй разнастайнасцю, вобразнасцю, абуджае цікавасць да далейшага пазнання гістарычна-культурнай спадчыны, выхоўвае ў дзіцяці нацыянальныя рысы, — адзначыла Валянціна Мікалаеўна.
Дарэчы, зрабіць народную ляльку даволі проста і для гэтага спатрэбяцца звычайныя, спадручныя матэрыялы.
— Пачынаць рабіць ляльку неабходна з галавы. Для яе вырабу спатрэбяцца капронавыя калготкі (цялеснага колеру), сінтэпон, дзве швейныя іголкі, ніткі (цялеснага колеру), фурнітура (вочкі, вейкі). Першым крокам будзе фарміраванне галавы. Для гэтага кавалак сінтэпону ў форме шара закладваюць у капронавы мяшочак. Потым пачынаем фармаваць у лялькі тварык. Спачатку невялікім шарыкам сінтэпону мадэлюем нос (фота 1, фота на стар. 15). Затым звязваем верхнюю частку калготак і пры дапамозе ніткі з іголкай ствараем пераноссе: працягваем іголку паралельна падлозе і крыху сцягваем нітку (фота 2). Калі працягнуць іголку з ніткай на носе справа і злева перпендыкулярна падлозе, атрымаецца сфармаваць ноздры (фота 3). Пасля гэтага ствараем крылы носа: працягваем іголку зноў у тыя ж адтуліны, што і пры фармаванні ноздраў, але з кожнага боку трэба зацягваць пятлю ніткі (фота 4). Каб зрабіць ляльцы шчочкі і раток, трэба ўставіць у калготкі яшчэ сінтэпону паабапал носа, на лобік і падбародак (фота 5). Рот ствараем палосамі ніткі (фота 6), а ўцягваннем фармуем прыгожыя шчочкі і падбародак (фота 7). У апошнюю чаргу прымацоўваем вочкі. Набыць фурнітуру ў выглядзе вачэй можна ў спецыялізаваным магазіне, а можна ўзяць гузік на ножцы, размаляваць яго, як вочкі, і прыляпіць вейкі. Анатамічная дакладнасць неабавязковая. Галоўнае, каб тварык лялькі быў ветлівым і мілым, каб на яго было прыемна глядзець, — патлумачыла В.М.Вячора.
Каб завяршыць выраб народнай лялькі, трэба выканаць наступныя крокі:
1. На галаву лялькі завязваецца хустка (кавалак тканіны 25х80см). Спераду яна завязваецца вузельчыкам і акуратна замацоўваецца клеем.
2. Для вырабу шыі, ад утулкі папяровых ручнікоў адразаецца кольца 3,5 см. Яго трэба абгарнуць мешкавінай і замацаваць з дапамогай клею.
3. Далей робяцца далонькі і рукі. Адпаведны каркас з дроту абмотваецца сінтэпонам, замацоўваецца ніткай. Зверху “апранаем” капрон. Далонька завязваецца ніткай, асобна прашываецца кожны пальчык. Рукі абгортваем белай тканінай — гэта рукавы кофты. Прымацоўваем да тулава з дапамогай клею (фота 8, 9).
4. Для тулава спатрэбіцца рулон папяровых ручнікоў. Абгортваем яго белай тканінай (кофтай), па баках робім невялікія надрэзы і працягваем рукі, акуратна замацоўваем кофту з дапамогай клею. Шыем спадніцу з мешкавіны і апранаем на тулава (фота 10—12).
5. Вырабляем ногі. Утулку ад папяровых ручнікоў наразаем на часткі па 5 см, абгортваем мешкавінай, замацоўваем з дапамогай клею. Потым выразаем два авалы са шчыльнага кардону і дзве падкоўкі крыху шырэйшыя за авалы. Абгортваем мешкавінай авалы і падкоўкі, злучаем (у выглядзе чаравічка), замацоўваем усе дэталі з дапамогай клею (фота 13, 14).
6. Упрыгожваем вопратку: па нізе спаднічкі і па краі рукавоў прышываецца або прыклейваецца тасьма, карункі або нейкае іншае аздабленне. Лялька гатова! (фота 15).
У планах творчага педагога — пачаць вырабляць з папяровых трубачак прадметы побыту старажытных беларусаў. На думку В.М.Вячора, гэта таксама дазволіць істотна пашырыць веды і ўяўленні дзяцей аб жыцці і звычаях іх продкаў.
…Цяпер В.М.Вячора працуе ў другой малодшай групе. На выхаванні ў яе 20 дзяцей. Кожнае з іх раніцай з задавальненнем і жаданнем ідзе ў дзіцячы сад. Некаторыя з яе сённяшніх выхаванцаў — дзеці тых, каго яна калісьці выпусціла ў школьнае жыццё. Ужо дарослыя выпускнікі мэтанакіравана прыводзяць сваіх дзетак менавіта да Валянціны Мікалаеўны, бо з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць гады свайго дашкольнага маленства, праведзеныя побач з ёй.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва В.М.Вячора.