Сырнікі з тварагу на снеданне

Усе мы ведаем, што настрой на ўвесь дзень задаецца з самай раніцы. Вось чаму свае першыя гадзіны пасля абуджэння варта правесці максімальна станоўча і прадукцыйна, каб напоўніць сябе сіламі і энергіяй для наступнай працы. Прапаную вам свой рэцэпт надзвычай смачных сырнікаў з тварагу. Яшчэ гэтая страва выдатная тым, што прадукты, з якіх яна гатуецца, спалучаюцца з любой садавіной, а таксама з арэхамі, сіропамі, соусамі, мёдам і некаторымі салодкімі агародніннымі падліўкамі. Пасля гатавання стравы абавязкова прыгожа яе аформіце.

Cырнікі смела можна назваць нацыянальным снеданнем у Беларусі, бо шмат чаго ў нас гатуюць з тварагу: запяканкі, тварожныя палачкі, пірагі, а нашы сырнікі прадстаўлены ў фармаце “тварожных аладак”, у той час як самая распаўсю­джаная варыяцыя сырнікаў на Захадзе — гэта знакаміты тварожнік-чызкейк. Нягледзячы на тое, што гатуюцца яны вельмі проста, нюансы ўсё ж ёсць. Тут трэба сачыць, каб цеста добра ляпілася, не было занадта густым, але і не расцякалася па патэльні. Прадукты, з якіх складаецца страва, павінны быць натуральнымі і свежымі, а дадаваць інгрэдыенты трэба паслядоўна і добра іх змешваць.

Вельмі мяккія сырнікі, якія хутка гатуюцца! На першы погляд — звычайныя класічныя сырнікі. Але таямніца майго рэцэпта ў тым, што я дадаю муку ў яшчэ сухі тварог, і мука як бы ахутвае кожнае зернейка. Цеста застаецца лёгкім, і смак тварагу не забіваецца — гэта ацэняць гурманы! А можна і адразу ўсё змяшаць — будзе класіка. Вядома, смак у многім залежыць ад якасці тварагу. Чым больш вільготны тварог, тым больш трэба дадаць мукі.

Для гатавання сырнікаў нам спатрэбяцца наступныя інгрэдыенты:

  • тварог — 500 г;
  • пшанічная мука — 6 ст. л.;
  • курынае яйка — 1 шт.;
  • цукар — 4 ст. л.;
  • соль — 0,5 ч. л.;
  • ванілін — 0,5 г;
  • алей — 4 ст. л.

У тварог дадаць 3—4 ст. л. мукі, перамяшаць. Дадаць цукар, соль, ванілін, расцерці відэльцам, каб не было буйных камякоў. Потым дадаць яйка і яшчэ раз добра змяшаць, а можна і адразу, за адзін раз, змяшаць усе інгрэдыенты — каму як падабаецца. Цеста павінна атрымацца вельмі мяккім і трымаць форму.

Стол прысыпаць мукой. Скруціць каўбаску і разрэзаць яе на роўныя круглякі памерам 2—3 см. Кожны кавалачак трэба абка­чаць з двух бакоў у муцэ і злёгку прыплюснуць, падраўняўшы форму, або сфармаваць сырнікі вільготнымі рукамі і потым абкачаць іх у муцэ.

Нагрэць патэльню з маслам на сярэднім нагрэве і выкласці сырнікі, перад гэтым стрэсці з іх лішкі мукі, каб яна не гарэла і не сапсавала знешні выгляд.

Абсмажыць з двух бакоў, каб падрумяніліся. Зменшыць нагрэў да мінімуму і давесці пад накрыўкай за пару мінут да поўнай гатоўнасці. Падавайце да стала з тымі прадуктамі, якія вам падабаюцца. Я звычайна падаю сырнікі са смятанай або варэннем.

Адна заўвага: калі тварог сухі, дадайце пару лыжак смятаны. Чым менш мукі, тым сырнікі больш мяккія.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.