Наш фізічны стан і наш настрой кіруюць жыццём больш сур’ёзна, чым мы думаем. У летні час мы лягчэй набываем выдатнае самаадчуванне і добры настрой. У гэты сезон усё схіляе да дабрабыту, радасці. Мы адчуваем менш прафесійнай нагрузкі ці ўвогуле адпачываем ад яе, менш стрэсаў, таму што можам жыць павольней. Мы з задавальненнем асвойваем новае, бо для гэтага ёсць і час, і жаданне. А калі дапусціць, што новыя псіхалагічныя ўменні дапамогуць у больш напружаны час, то знаёмства з імі і проба на зуб цалкам могуць аказацца справай па душы.
Чалавеку любой прафесіі дапамагаюць добрыя адносіны ў сям’і, узаемаразуменне. Як мы падтрымліваем такую каштоўную атмасферу ў сваім дамашнім асяроддзі? У кожнага ёсць свае спосабы і сакрэты. Здараецца ўсё ж, што назапашваюцца недагаворванні, недастатковае разуменне, раздражненне, злосць. А гэта значыць, патрабуецца высвятленне адносін. Як зрабіць гэта найлепшым чынам? Напрыклад, з дапамогай псіхагарнітуры — крэсла чорнага і крэсла белага (паводле У.Леві). Чорнае крэсла — сімвал нашага ўнутранага негатыву, яно прызначана для выказвання ўсіх відаў незадавальнення, неадабрэння, непрымання. Белае крэсла — сімвал унутранага пазітыву, прызначана для ўсіх відаў выказвання любові, прымання, адабрэння, падтрымкі, пахвалы. Правілы работы ў крэслах наступныя.
Узаемнасці: калі вы селі ў чорнае крэсла, то блізкі павінен заняць белае. Абавязак чаргавання: калі вы выказаліся ў чорным, то абавязаны выказацца і ў белым. Права падсоўвання чорнага крэсла: калі негатыў выказваецца ў ваш адрас без папярэджання, без лакалізацыі ў чорным крэсле і без абавязацельстваў сесці потым у белае. Абавязак непадсоўвання белага крэсла: нельга абавязваць блізкага да пазітыву. Забараняецца адсоўваць як чорнае, так і белае крэсла з прычыны пазбягання траўматызацыі.
Такім чынам, практыкаванне “Пагуляем адно ў аднаго”.
Сядзьце ў чорнае крэсла. Расслабцеся, засяродзьцеся і ўявіце сябе сваім блізкім. Няхай адначасова ваш блізкі — той самы, кім вы сябе ўявілі, — сядзе насупраць вас, у белае крэсла, і ўяўляе сябе вамі. А цяпер смела выказвайцеся наконт мужа, жонкі, нявесткі — сябе самога з пункту гледжання блізкага. Выказвайце негатыў больш смела, рэзка, не шкадуйце фарбаў, не цырымоньцеся. Увайдзіце ў вобраз, разгарачыцеся.
А цяпер, калі вы скончылі, няхай вам адкажуць з белага крэсла — з вашага вобраза. Няхай той “вы” прызнае свае памылкі, няхай тлумачыць, як і чаму добра ставіцца да таго, хто сядзіць у чорным крэсле. Цяпер памяняйцеся месцамі. Гульня можа запатрабаваць напружання, але калі паспрабуеце, то пераканаецеся, што атрымліваюцца цудоўныя вынікі. Што адбудзецца? Разрадка ўзаемнай напружанасці, захаваецца і ўмацуецца шчырасць ва ўзаемаадносінах, а таксама будуць плённа абмеркаваны праблемы. Пры гэтым будзе выканана псіхалагічная бяспека пры выказванні адно аднаму сваіх незадавальненняў.
Ад стрэсаў, ад сваёй зласлівасці і агрэсіі мы не абаронены ў любую пару года, бо здараецца, што находзіць. Як спраўляцца? Супрацьстаяць? Творчы спосаб работы з негатыўнымі эмоцыямі — “Псіхадрама”.
Трэба ўявіць сваю злосць і крыўду або іншае пачуццё, якое дапякае, у выглядзе асобы. Уявіце яе насупраць сябе. Задайце пытанні, якія вас хвалююць: “Навошта ты прыйшла?”, “Чаго хочаш дабіцца?”, “Калі ты пойдзеш?”, “Што мне зрабіць, каб ты пайшла?” і інш. Задавайце пытанні бесперапынна, адно за адным. А потым памяняйцеся месцамі са сваёй эмоцыяй і адкажыце ад яе асобы на гэтыя пытанні. Гаварыце першае, што прыходзіць у галаву. Не спрабуйце ацаніць, наколькі гэта разумна або шалёна гучыць.
Гэтае практыкаванне, нягледзячы на ўяўную прастату, выяўляе тыя пласты, якія схаваны ў вашай падсвядомасці пад заслонай злосці, раздражнення або крыўды. Часам першапачатковая эмоцыя — гэта толькі паверхня, пад якой хаваюцца іншыя пачуцці. І часам немагчыма прааналізаваць вытокі пачуцця, калі не прымераць на сябе яго маску.
Эфектыўны спосаб барацьбы са стрэсам — тэхніка “Пярсцёнкі-бранзалеты”. Масажуйце пальцы рук так, быццам накручваеце нябачны пярсцёнак ад кончыка пальца да пачатку. А потым зрабіце масаж ад запясця да локця. Стымуляцыя нервовых канчаткаў дазваляе змяніць дамінуючы ўчасткак кары галаўнога мозга. Масажуючы і стымулюючы кісці, мы дазваляем перамясціцца ачагу ўзбуджанасці на той участак, які адказвае за нервовыя канчаткі далоней.
Спосабы, якія дапамагаюць нарасціць, абараніць і аднавіць свае асабістыя межы
“Мяшок для смецця”
Калі вы сутыкаецеся са спробай абразіць вас, зняважыць або справакаваць спрэчку, то адразу ўяўляйце, што побач з вамі ў паветры раскрываецца вялікі мяшок. І ўсе словы, якія гаворыць вам несімпатычны партнёр па зносінах, адпраўляюцца адразу ў гэты мяшок або пасудзіну, а вы проста стаіце побач і назіраеце гэты працэс вывяржэння смецця. Калі яно заканчваецца, вы акуратна закрываеце мяшок і са спакойнай душой ідзяце далей займацца сваімі справамі. Усё, што было сказана, ніяк вас не закранула і не парушыла вашых меж.
“Успаміны як пра дрэннае, так і пра добрае”
Вам варта прайсціся па нітачках сваіх успамінаў і, быццам зматаўшы іх у клубок, сабраць разам. Аддзяліць добрае ад дрэннага, боль ад радасці, ачысціць сваю памяць. Калі гаворка ідзе пра балючыя ўспаміны, сабраць усе рэчы, якія маюць з імі сувязь, і выкінуць.
Выкарыстайце лета для аздараўлення цела і душы. Набывайце здаровы “пафігізм”. Асвойвайце новае, але і не забывайцеся пра хараство ўжо прывычных і асвоеных заняткаў, задавальненняў. Успомніце, якіх людзей вы не бачылі даўно, а яны падабаюцца вам, чакаюць вас. Самі арганізуйце свята і запрасіце сяброў. Дарэчы, днямі я пабывала ў гасцях у сяброў. Сустрэча адбылася з нагоды цвіцення руж у садзе. Наша кампанія складалася з сябровак-мацярэй і іх ужо дарослых дачок. Любуйцеся, дарагія чытачы, ружамі ў сваіх і чужых садах, а таксама вырошчвайце прыгожыя кветкі ў сваіх душах. Дабрыня і радасць, шчодрасць і ўважлівасць — чым не кветкі, якія растуць у нашым унутраным свеце?
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.