Унукі – гэта шчасце і маладосць

У Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці Валянціну Аляксандраўну Мармыш ведаюць як добрага педагога, дырэктара Азёркаўскай сярэдняй школы. А зараз да яе вядомасці дабавілася і званне супербабулі. Валянціна Аляксандраўна стала пераможцай раённага конкурсу “Мудрасцю вы будзеце дзяліцца”.

Усе ўдзельніцы конкурсу — паспяховыя ў жыцці і прафесіі жанчыны, шчаслівыя маці і бабулі, актыўныя, прыгожыя і таленавітыя. Вось Валянціна Аляксандраўна — маці дачкі і сына, бабуля двух унукаў, якія разам з ёй выходзілі на сцэну і дапамагалі прадстаўляць таленты свайго роднага чалавека. А талентаў у Валянціны Аляксандраўны шмат: больш за трыццаць гадоў спявае ў вакальнай групе “Азяраначка”, любіць чытаць, вяжа, шые, вышывае. Любіць актыўны адпачынак: экскурсіі па блізкім і далёкім замежжы, паходы па родным краі з начоўкай у палатках, удзельнічае разам з калектывам школы ў турыстычных злётах — раённых і абласных. Любіць прымаць гасцей і смачна іх пачаставаць. Любіць спяваць песні. З ся­строй іграюць на акардэоне, дачка — на гітары, а ўнукі пакуль акампаніруюць на шумавых інструментах.

Пра сябе расказала так:

— Я звычайная вясковая жанчына. Паведаю зусім не па сакрэце гісторыю аб тым, як я жыву на свеце. Гісторыя майго жыцця пачалася задоўга да гэтага дня, пачалася тады, калі мае бацькі Аляксандр Кіслы і Вольга Ацьман пакахаліся. Бог падарыў маім бацькам дзвюх дачок і сыночка. А гадавала нас і ўсё жыццё жыла з намі мама таты. Жылі мы шчасліва і дружна, але сям’ю нашу напаткала вялікае гора — смяротная хвароба мамы. І дзеці засталіся без маці. Пасля 8 класа вырашыла стаць настаўніцай. Размеркаванне атрымала ў Вялікія Азёркі. Тут жыву ўжо 33 гады. Працавала настаўніцай пачатковых класаў, адначасова скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Потым была пасада намесніка дырэктара. Выконвала абавязкі класнага кіраўніка. І вось ужо некалькі гадоў я дырэктар. Мая кар’ера паспяховая дзякуючы падтрымцы сям’і. 32 гады мы з маім каханым мужам Уладзімірам жывём у шлюбе. Бог падарыў нам сына Паўла і дачку Вольгу. А дзякуючы дачцэ, сям’я папоўнілася зяцем і сватамі. Але самае вялікае шчасце — гэта ўнукі Сымон і Лідачка. Мы часта збіраемся ўсім родам, бо нам вельмі добра разам. І жыццё наша не мае канца, бо нашы нашчадкі робяць яго бясконцым.

Да ўдзелу ў конкурсе, які праходзіў у два этапы — занальны і раённы — рыхтаваліся ўсёй сям’ёй. Удзельніцам трэба было прадставіць сваю творчасць. У “Візітнай картцы” — расказаць пра сваю сям’ю, работу.

Такія мерапрыемствы, лічыць Валянціна Аляксандраўна, збліжаюць сям’ю, умацоўваюць каштоўнасці, дапамагаюць набрацца вопыту. А на сцэне былі прадстаўлены чатыры пакаленні.

— У цёткі я вучылася чалавечнасці і мудрасці, сёстрам я абавязана за адданасць.Дзецям удзячна за паслухмянасць, разуменне і клопат. У сватоў я атрымала падтрымку. І ў гароце, і ў радасці са мной людзі рознай ступені сваяцтва. Унукі — гэта камплімент майму жыццю! Яны вярнулі мне маладосць! Усё мае родныя дапамаглі мне пабудаваць дом, у якім пасялілася шчасце, — гаворыць Валянціна Аляксандраўна.

Ганарыцца Валянціна Аляксандраўна і Азёркаўскай сярэдняй школай, яе традыцыя­мі і людзьмі. У школе праводзяцца народныя святы, абрады, іншыя мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел вучні разам з настаўнікамі. І тут дырэктар заўсёды паказвае прыклад. Візітнай карткай Азёркаў стаў мясцовы танец “Котчынская кадрыля”. Танцавальны стыль уключаны ў Дзяржаўны спіс гі­сторыка-культурных каштоўнасцей краіны як узор нематэрыяльнай культуры. Тры ўзроставыя групы выконваюць кадрылю, і дырэктар школы таксама.

Актыўнасць Валянціны Аляксандраўны праяўляецца і ў грамадскім жыцці — з 2017 года яна з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” Азёркаўскай  сярэдняй школы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.