Многія дзяўчаты і жанчыны, якія сочаць за модай і любяць упрыгажэнні, напэўна бачылі, а можа, ужо і носяць кветкі канзашы. Гэтае незвычайнае слова — назва японскіх упрыгажэнняў для валасоў, іх абавязкова надзяваюць з кімано. Гісторыя канзашы, ці канзасі, пачалася ў ХVІІІ стагоддзі, калі ў Японіі стала модным упрыгожваць прычоскі грабянямі і заколкамі. Тады ж кветкі са стужак канзашы сталі абавязковым аксесуарам у касцюме жанчыны, які быў не толькі творам мастацтва, але і ўказваў на сацыяльны статус, сямейны стан і характар уладальніцы. Вельмі часта кошт канзашы перавышаў кошт кімано. За некалькі стагоддзяў з’явіліся розныя віды канзашы, але сярод сучасных рукадзельніц нашай краіны папулярны хана-канзашы. Гэта ўпрыгажэнні ў выглядзе кветак, зробленыя часцей за ўсё са стужак.
У разгар зімы асабліва прыемна пагутарыць пра такія незвычайныя кветкі з чалавекам, які валодае мастацтвам канзашы. Святлана Пятроўна Тапарова, настаўніца фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Крупак, якраз такі чалавек. “З дзяцінства ў мяне была схільнасць займацца творчасцю: вышывала, вязала. Аднак гэтыя заняткі не захапілі вельмі моцна, а хацелася знайсці справу па душы, займальную, яркую”, — менавіта так пачала нашу гутарку Святлана Пятроўна. Удалося знайсці такі занятак Святлане, калі стала працаваць настаўніцай. Убачыла ў навучэнкі заколкі ў стылі канзашы, якія ёй зрабіла матуля, і захапілася па-сапраўднаму. Пачала рабіць простыя кветкі са стужак. Вучылася пры дапамозе майстар-класаў у інтэрнэце. “Хто хоча, шукае магчымасці вучыцца і ўдасканальвацца”, — усміхаецца Святлана Тапарова. Зараз у яе цэлая папка матэрыялаў пра мастацтва канзашы, якая ўвесь час папаўняецца новымі ідэямі і эскізамі.
Традыцыйна хана-канзашы робяць з квадратных кавалачкаў шоўку, якія згортваюцца пры дапамозе шчыпцоў у тэхніцы цумамі. З кожнага кавалачка шоўку робяць адзін пялёстак. Потым пялёсткі склейваюць рысавым клеем ці збіраюць на шаўковую нітку — і кветка канзашы гатова. Безумоўна, каб зрабіць сапраўдную кветку канзашы, японскім майстрам патрабуецца вельмі шмат часу. Аднак асвоіць тэхніку вырабу простых кветак можа любы жадаючы. Галоўнае набрацца цярпення і прыдбаць неабходныя матэрыялы. Для вырабу кветак могуць спатрэбіцца: атласная стужка, нарэзаная на квадрацікі, пінцэт, іголка і ніткі таго ж колеру, што і стужка, клей, шпілька, прыгожыя металічныя і пластыкавыя аксесуары, шклярус і бісер, пацеркі, свечка ці запальнічка. Маленькі сакрэт: спачатку варта вучыцца рабіць пялёсткі канзашы большыя, з квадрацікаў 5 х 5 см. Калі тэхніка асвоена, палёсткі можна рабіць і меншыя.
Канзашы — гэта не звычайныя заколкі і ўпрыгажэнні з тканіны, не проста кветкі. Гэта цэлае мастацтва, якое дазваляе тварыць і ствараць надзвычайныя вырабы. Таксама ў тэхніцы канзашы можна зрабіць яшчэ птушак, матылькоў. Самай распаўсюджанай мастацкай формай усё-такі з’яўляюцца кветкі.
Перад пачаткам работы неабходна загадзя прадумаць ці намаляваць будучае ўпрыгажэнне. Якім яно будзе, колер, форма. Навічкі могуць пачынаць з простых пяціпялёсткавых кветачак. Не варта адразу брацца за складаныя мадэлі. У тэхніцы канзашы спяшацца не трэба. Можна хутка стаміцца і… сапсаваць выраб.
Як жа вырабляюцца канзашы-кветкі? Існуюць усяго толькі два віды формы пялёсткаў: вузкая і круглая. А ўсе астатнія — гэта фантазія аўтара і варыяцыі на базавай аснове. Пачынаецца работа з нарэзвання невялікіх квадратаў з тканіны ці атласных стужак. Ад велічыні квадрата залежыць памер будучага пялёстка. Край тканіны аплаўляюць запальнічкай ці свечкай (ці ў самым пачатку абразаюць спецыяльным паяльнікам). Проста край хутка праводзіцца ўздоўж полымя з боку адрэзу, каб не падпаліць.
Кожны пялёстак выконваецца індывідуальна. Потым пачынаецца работа па іх зборцы. Зручней і лягчэй аб’ядноўваць пялёсткі іголкай і ніткай. Пры такім спосабе выраб атрымліваецца больш акуратны, чым пры пасадцы на клеявую аснову.
З кветкай, якая атрымалася, можна зрабіць гумку для валасоў ці заколку або выкарыстаць яе як упрыгажэнне на адзенне. Кветак можа быць некалькі (у адзін ці некалькі ярусаў) ці цэлы букет у аздабленні карункавага пляцення з нітак ці дэкарыравання пацеркамі. Варта толькі крыху пафантазіраваць… Такі выраб — лепшы падарунак да любога свята. “Дарэчы, дома практычна няма маіх вырабаў, але мяне гэта не засмучае, бо яны падораны сябрам, проста добрым людзям, — працягвае аповед Святлана Пятроўна. — І ўсё ж сёе-тое захоўваецца дома. Гэта сняжынка, якую рабілі разам з сынам Цімафеем. У дзіцячым садку Цімафей атрымаў дыплом за такую незвычайную супольную творчасць з мамай. Бранзалет для дачкі Настассі, зроблены як дадатак да сукенкі, вельмі спадабаўся дзяўчынцы і гасцям на вяселлі, на якім мы былі ўсёй сям’ёй. Мужу Івану Анатольевічу падабаецца мой занятак — і таму, што ствараю прыгожыя рэчы, і таму, што ёсць любімая справа. Церпіць дома мае шматлікія скрыначкі са стужкамі, іншымі матэрыяламі. Я цяпер стала як Плюшкін, збіраю розныя дробязі для творчасці, якія раней неадкладна б выкінула. Гэта і фурнітура, шкарлупіны, дроцікі, бабіны ад скотча, ракавінкі.
Захапіла тэхнікай канзашы і сваю сястру Ганну. Мы з ёй жывём у розных гарадах, але па прычыне сумеснага захаплення дадаткова вядзём стасункі праз інтэрнэт, маем магчымасць паказваць адна адной свае вырабы. Іншы раз у нас адбываюцца творчыя спрэчкі. У кожнай з нас свае перавагі: я люблю ствараць канзашы з мяккай стужкі, Аня — з жорсткай. Захапленне канзашы ўсё роўна нас аб’ядноўвае. Абменьваемся пацеркамі, іншымі матэрыяламі, ідэямі. Абедзве рабілі кветкі канзашы па просьбе духоўных асоб з царквы і касцёла. Наша матуля Таццяна Мікалаеўна таксама ўцягнулася ў працэс. Дапамагае шукаць патрэбныя матэрыялы, часта купляе стужкі ў падарунак”.
Калегам Святланы таксама падабаецца стыль канзашы. Яны просяць яе наладзіць для іх майстар-клас. Захапіліся тэхнікай і дзяўчынкі-старшакласніцы. Больш за тое, Святлана Пятроўна арганізавала школьную бізнес-кампанію “Бізнес-СТАРТ”. “Вырабляем сувеніры ў тэхніцы канзашы. Выстаўляем іх на школьных кірмашах. Гэта банцікі, гумкі для валасоў, рамачкі для фота, абручыкі на галаву”, — тлумачыць наша суразмоўца.
“Планую ўпрыгожваць кветкамі канзашы вясельныя шкатулкі, рабіць брошкі і іншыя ўпрыгажэнні на адзенне, хачу навучыцца яшчэ і вышываць стужкамі. Увогуле люблю змешаныя тэхнікі. Напрыклад, тапіярый разам з канзашы. Падабаецца мне і папяровы канзашы. Можа, гэта я сама прыдумала аб’яднаць паперу і тэхніку канзашы, але хочацца паспрабаваць рабіць у гэтым стылі цукерачныя букеты. Тым больш, у лютым і сакавіку шмат свят. Упэўнена, што атрымаюцца цудоўныя падарункі”.
Калі я папрасіла даць параду тым, хто пачынае захапляцца канзашы, то Святлана Пятроўна адказала так: “У справе асваення тэхнікі галоўнае — жаданне. Калі не атрымліваецца — не здавайцеся. Пачынайце з асноўных відаў пялёсткаў, канцы стужкі падпальвайце, каб не сыпалася. Запальнічка лепш, чым свечка: можна рэгуляваць полымя. Клеявым пісталетам адразу не карыстайцеся, таму што прымацоўвае намертва, і калі зрабілі памылку, то яе ўжо немагчыма выправіць. Клей “Момант” — зусім іншая справа. Ён не адразу высыхае, а гэта значыць, што яшчэ можна ўдасканаліць пялёстак. Не бойцеся змешваць колеры. Ад гэтага вашы вырабы стануць толькі ярчэйшыя і больш выразныя, а значыць, і больш прывабныя.
Пажадаем Святлане Пятроўне энергіі для рэалізацыі новых ідэй, паболей аднадумцаў, радасці ад ажыццяўлення творчых задум, вострых нажніц і яркіх стужак!
Святлана РАДЗЬКОВА.