Вясна ідзе — творцам дарогу!

Адзін чалавек — як чароўны куфэрак з казкі. З выгляду сціплы, а раскрый яго — якіх толькі багаццяў і цудаў там не знойдзеш! Менавіта так можна сказаць і пра нашу гераіню Іну Аляксандраўну Садзілаву. Яна сама творчы чалавек, захоплена выяўленчым мастацтвам, ды яшчэ ў яе выдатна атрымліваецца да гэтага мастацтва далучаць малодшых школьнікаў. Іна Аляксандраўна — педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 96 Мінска.

— Іна Аляксандраўна, наколькі важна школьнікам займацца маляваннем, бо яны і так многа часу ў школе праводзяць, стамляюцца?

— Вось таму і трэба прыйсці дзіцяці ў нашу “Крыніцу” і далучыцца да крыніцы радасці, энергіі, натхнення — выяўленчага мастацтва.

— Назва прыгожая і сімвалічная ў вашага гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як іменна дзеці разам з вамі, Іна Аляксандраўна, могуць сябе праявіць?

— Я прапаную такія віды творчай дзейнасці, якія могуць быць па сілах дзецям, цікавыя ім і ўпрыгожаць іх быт. Спачатку вяду натхняльныя гутаркі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, потым уцягваю ў працэс вырабу. Працуем з імі ў тэхніках дэкупажу, пап’е-машэ, роспісу па шкле, робім вітражы. Дзяніс Кухарчук папрасіў нават навучыць яго разьбе па дрэве. Ён стараўся так для свайго класнага кіраўніка. Хацелася Дзянісу зрабіць асаблівы падарунак сваёй настаўніцы.

Дзяўчынкі з “Крыніцы” любяць ласунак “Кіндар-сюрпрыз”. Скардзяцца, што бацькі не часта ім яго купляюць. Я параіла сваім гурткоўцам самім назбіраць на жаданае. Прапанавала зрабіць дзяўчынкам скарбоначку сваімі рукамі. Соф’і Акіншынай, Эвяліне Смірновай, Настассі Яновіч вельмі спадабалася рабіць скарбонку з пап’е-машэ. Размалёўвалі яе потым вобразамі розных жывёл: дэльфінаў, медзведзянят, катоў, сабак.

Прыйшлося даспадобы дзецям малодшых класаў размалёўванне спецыяльнымі фарбамі кубкаў. Да навагодніх свят на кубкі наносілі контур, залівалі яго вітражнымі фарбамі. А абпальвалі малюнкі для трываласці ў духоўцы дома пад кіраўніцтвам бацькоў. Нават педагогі нашай школы зацікавіліся роспісам па шкле. Ужо калі гэтая тэхніка цікава дарослым, то ўявіце, якая захапляльная яна для дзяцей, якія вучацца ў малодшых класах школы. У гэтым годзе дапамагала ўпрыгожваць школы да Новага года. Святочна выглядаў наш роспіс па шкле і кампазіцыі з шароў. Дакладна ведаю, што да свята апошняга званка і выпускнога балю спатрэбяцца нашы вынікі творчай працы. Да вясенняга свята 8 Сакавіка дзеці з “Крыніцы” ўручылі сваім педагогам і мамам аб’ёмныя герберы, выкананыя сваімі рукамі ў тэхніцы арыгамі.


— Іна Аляксандраўна, а калі вярнуцца да вытокаў вашай асабістай творчай крыніцы, што вам успамінаецца?

— Успамінаецца прабабка Вольга. Ёй вельмі падабаліся мае малюнкі. Я памятаю сваю першую работу. Гэта была ваза з ружамі на фоне акна і яблык побач з вазай — нацюрморт. Работа была намалявана яркімі фарбамі. Яна вісела ў лепшым пакоі нашага дома на сцяне. Прабабка лічыла, што мне неабходна вучыцца ў мастацкай школе. І я абяцала ёй там вучыцца. Памятаю сябе, як малюю з 8 гадоў. Калі мне споўнілася 11, я сама пайшла даведвацца пра мастацкую школу. Мама Жанна Сцяпанаўна сумнявалася, ці атрымаецца ў мяне там вучыцца, бо сям’я мнагадзетная, нас сямёра. Але я самастойна прыняла рашэнне здаць экзамен, і ў мяне атрымалася. Сям’я вырашыла завязаць больш туга паясок і ўсё ж забяспечыць мне навучанне.

Пасля 9 класа паступіла ў Бабруйскі каледж імя А.Я.Ларына (БДПТМК). З задавальненнем там вучылася. Асабліва добра ў той час у мяне атрымлівалася аплікацыя з саломы, роспіс па дрэве з жывапісам. Дарэчы, мой тата Аляксандр Уладзіміравіч вельмі любіў маляваць, выразаў па дрэве. Яшчэ яму падабалася ствараць іконы. Рабіў ён гэта ва ўнікальнай манеры з каляровага дроту.

— У вашай уласнай сям’і таксама пануе творчая атмасфера, як і ў бацькоўскай?

— Магчыма, мы з мужам Мікалаем Уладзіміравічам пайшлі яшчэ далей. Калекцыянуем антыкварныя самавары, гадзіннікі, статуэткі. Нам падабаецца рэстаўраваць старыя карціны на тэму сялянскай працы, ваеннай тэматыкі. Мікалай з задавальненнем рэстаўрыруе не толькі карціны, але і самавары: выраўноўвае ўвагнутасці, паяе, выцягвае, вяртае бляск. У нас ёсць самавары з Тулы, Санкт-Пецярбурга. Дачка Паліна, якой пяць гадоў, падала цікавую ідэю размаляваць адзін з самавараў, якая нас натхніла. Самавар адрозніваецца ад чайніка не толькі па знешнім выглядзе, але і смакам чаю, які з яго выходзіць. У гэтым мы пераканаліся на сваім вопыце.

— Ці правільна я разумею, што вы гадуеце юных мастакоў не толькі ў школе, але і ў сваёй сям’і?

— Так. У мяне дзве дачкі — Паліна і Алёна. Алёна пакуль яшчэ зусім маленькая для малявання (ёй усяго два гады), а Паліна ўжо праяўляе сябе на гэтай ніве. Яна мае сваё бачанне сюжэта карціны, колеру, кампазіцыі. У яе ёсць упэўненасць у сваёй правільнасці і своеасаблівасць успрымання. Спачатку я сумнявалася ў яе бачанні і спрабавала ўплываць на яго. Цяпер разумею, што менавіта такая самастойнасць і арыгінальнасць з’яўляюцца самымі каштоўнымі ў творчым развіцці юнага таленту.

Іне Аляксандраўне і яе цудоўнай творчай аўдыторыі ў школе і дома мы жадаем росквіту, актыўнасці, яркасці, сакавітасці, якія магчымы толькі вясной. Менавіта яна зараз выпроствае нам плечы, падахвочвае ўважліва прыгледзецца да абуджэння прыроды, адчуць прасвятленне прасторы і сваёй душы.

Святлана РАДЗЬКОВА.