Нечароўныя пухіры

Сярод вірусных інфекцый асаблівае месца займае герпетычная. Асаблівасцю гэтай інфекцыі з’яўляецца паўсюднае распаўсюджванне і здольнасць пашкоджваць усе органы і сістэмы чалавека, выклікаць развіццё пухлінных працэсаў і імунадэфіцытных станаў, аказваць уплыў на працяканне цяжарнасці і родаў.

Вірусаў герпесу, патагенных для чалавека, існуе некалькі тыпаў. Яны выклікаюць самыя розныя захворванні (герпес скуры і слізістых, генітальны герпес, ветраную воспу, апяразваючы лішай, інфекцыйны монануклеёз, цытамегалавірусную інфекцыю, герпетычнае пашкоджанне вачэй, нервовай сістэмы, паражэнне печані і страўнікава-кішачнага тракту).
Найбольш распаўсюджаны вірус простага герпесу. Інфіцыраванасць насельніцтва вірусам простага герпесу 90—95%. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты віруса. Вірус змяшчаецца ў сліне, насаглотачнай слізі, слёзнай вадкасці, змесціве везікул, похвенным сакрэце.
Механізм перадачы інфекцыі — праз посуд, цацкі, прадметы ўжытку, пры пацалунках. Вірус можа перадавацца паветрана-кропельным шляхам, палавым і вертыкальным (ад маці плоду).
Уваходнымі варотамі інфекцыі служаць скурнае покрыва і слізістыя абалонкі. Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы, адчування пякоты і хваравітасці на асобных участках скуры або слізістых, агульнага недамагання. У месцах пранікнення віруса з’яўляюцца гіперэмія, пухіры, напоўненыя вадкасцю, якія ў далейшым лопаюцца і пакрываюцца скарынкамі. Захворванне доўжыцца ад 10 дзён да 2 тыдняў, часам даўжэй. Сам вірус па атожылках нервовых клетак дасягае нервовых гангліяў спіннога мозгу і захоўваецца там пажыццёва. Пры пэўных умовах (пераахаладжэнне, перанесенае захворванне, эмацыянальны стрэс) надыходзіць актывацыя віруса і развіваецца рэцыдыў герпетычнай інфекцыі. Частата рэцыдываў можа быць ад 1-2 да 20 разоў у год.
Клінічныя праяўленні залежаць ад уваходных варот, ад узросту. У дзяцей ад 6 месяцаў да 5 гадоў герпетычная інфекцыя працякае часцей у выглядзе афтознага стаматыту. Дзясны ацякаюць. На слізістай поласці рота ўтвараюцца болькі, што абцяжарвае прыём ежы, піццё. У старэйшых дзяцей высыпанні на вуснах, часам на скуры ў выглядзе везікулярнага дэрматыту. Колькасць везікул можа быць ад адзінкавых да вялікай колькасці.
Тыповай лакалізацыяй простага герпесу з’яўляецца скура твару: акружнасць рота, край вуснаў, крылы носа, вушныя ракавіны, лоб, павекі. Нярэдка маюцца высыпанні на скуры геніталій, ягадзіц, сцёгнаў, паясніцы.
Генітальны герпес можа працякаць бессімптомна, аднак хворыя пры гэтым служаць крыніцай інфекцыі для палавых партнёраў. Пры генітальным герпесе жанчына можа інфіцыраваць плод і нованароджанае дзіця.
Паражэнне вачэй пры герпесе працякае ў выглядзе кератыту, блефарыту, увеіту, што можа прывесці да зніжэння вастрыні зроку.
Лячэнне: шпіталізацыі падлягаюць хворыя з цяжкім працяканнем інфекцыі. Хворыя з лакалізаванымі формамі лечацца амбулаторна.
Памяшканне, дзе знаходзіцца хворы, трэба сістэматычна праветрываць, рабіць вільготную ўборку. Неабходна строга сачыць за чысцінёй сподняй і пасцельнай бялізны. Пры паражэнні слізістай поласці рота (афтозны стаматыт) неабходна рэгулярна рабіць паласканні адварамі шалфею, рамонку, кары дуба, настойкі святаянніку.
Пры скурных праяўленнях рэкамендуецца мясцова супрацьвірусныя крэмы або мазі (гевіран, ацыклавір, завіракс). Пры рэцыдыўным цячэнні праводзіцца агульнаўмацавальнае лячэнне, курсамі прымаюцца супрацьвірусныя прэпараты; прэпараты, накіраваныя на павышэнне імунітэту.
Неабходна ведаць, што чым раней пачаць лячэнне, тым хутчэй можна купіраваць працэс.

Тамара БУКАЦЮК,
урач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.