Беражыце голас!

Голас — падарунак прыроды чалавеку, такі ж унікальны, як адбітак пальцаў ці радужная абалонка вока. Па голасе можна многае даведацца пра чалавека: пол, узрост, статус, настрой, стан здароўя, адносіны да суразмоўцы. Для педагога голас мае асаблівае значэнне: гэта яго рабочы інструмент. І, як любы іншы інструмент, ён патрабуе да сябе ўвагі і штодзённага догляду. Аднак у педагагічных вышэйшых навучальных установах не выкладаюць асновы пастаноўкі голасу, а штодзённая педагагічная практыка гаворыць аб тым, што настаўнікі ўдзяляюць голасу вельмі мала ўвагі. Што асабліва важна ведаць педагогам пра свой голас, якія прафілактычныя меры пажадана выконваць, каб пазбегнуць галасавых праблем, а калі такія здараюцца, куды звяртацца па спецыялізаваную прафесійную дапамогу, разам з намі разбіраецца загадчык фаніятрычнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі Наталля Канойка.

Першыя сігналы праблем з голасам

Па словах спецыяліста, менавіта педагогі з’яўляюцца самымі “складанымі” пацыентамі, паколькі звяртаюцца па медыцынскую дапамогу не адразу, а калі праблема з голасам існуе ўжо працяглы час, іншы раз некалькі месяцаў ці гадоў, тлумачачы гэта адсутнасцю часу. У гэтым выпадку справіцца з хваробай часам бывае вельмі складана: лячэнне зацягваецца надоўга. Таму неабходна звяртацца да доктара ўжо пры першых сігналах захворвання галасавой сістэмы: цяжкасць пры гаварэнні, асіпласць, адчуванне “макраты” на складках, жаданне адкашляцца нават пры невялікай галасавой нагрузцы, а пры доўгай размове — пяршэнне ў горле, адчуванне “камяка ў горле”, страта голасу да шэпту. Павінны насцярожыць змены тэмбру голасу, калі ён становіцца больш нізкім, грубым ці пісклявым, а таксама любыя іншыя галасавыя расстройствы, якія доўжацца больш за адзін-два тыдні. Многія педагогі лічаць ахрыпласць голасу сваёй нормай, адказваючы на пытанне доктара: “Што ў вас з голасам?” — “Гэта ў мяне прафесійнае”.
Пажадана не зацягваць з візітам да доктара. Для таго каб трапіць да фаніятра, неабходна спачатку звярнуцца да лор-доктара па месцы жыхарства, які і вызначыць далейшыя вашы дзеянні і пры неабходнасці выдасць накіраванне ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі, які знаходзіцца ў Мінску па адрасе: вуліца Сухая, 8 (сайт цэнтра
www.lor.by). У фаніятрычным аддзяленні кансультацыйнай паліклінікі РНПЦ отарыналарынгалогіі працуюць 3 урачы-фаніятры, 2 фанапеды-моўнікі і адзіны ў рэспубліцы фанапед-вакаліст.
У Віцебску, Гомелі, Брэсце і Магілёве існуюць абласныя фаніятрычныя кабінеты, дзе таксама можна атрымаць спецыялізаваную фаніятрычную дапамогу.

Правілы для захавання здаровага голасу

1. Варта пазбягаць пераахаладжэння, рэзкай змены тэмператур, скразняку, не гаварыць на марозе.
2. Запаленне горла, якое цягне за сабой парушэнне голасу, можа ўзнікнуць і ад перагравання. Злоўжыванне гарачай ежай і напіткамі прыводзіць да стойкага, хранічнага запалення верхніх дыхальных шляхоў.
3. Ніколі нельга нагружаць свой голас падчас хваробы. І ніколі ні пры якіх абставінах — фарсіраваць гук!
4. Паветра ў памяшканні, дзе працуеце, павінна быць не сухім, не пыльным, і тэмпература яго павінна быць не ніжэй чым +15°С.
5. Напружаная галасавая нагрузка ў дзень не павінна складаць больш за 3—4 гадзіны.
6. Фізічнае перанапружанне і нервовае раздражненне негатыўна ўплываюць на якасць голасу.
7. Пажадана абмяжоўваць ці выключыць ужыванне вострых прыпраў, саленняў, марынаваных страў, семак, арэхаў, газіраваных напіткаў, кавы ў вялікай колькасці.
8. Здаровы сон: недасыпанне дрэнна адбіваецца на голасе.
9. Жанчынам варта памятаць, што падчас менструацыі ў гартані адбываюцца змены, падобныя на запаленне, таму ў гэтыя дні варта адмовіцца ад павышанай галасавой нагрузкі.
Асаблівую ўвагу звяртае Наталля Канойка на тое, што ацяпляльны сезон — неспрыяльны час для нашага голасу, таму што ў памяшканнях паветра становіцца сухім. Слізістая верхніх дыхальных шляхоў, асабліва гартані, “баіцца” сухасці. У гэтым выпадку можна зрабіць самае элементарнае: пакласці вільготны ручнік ці пялёнку на батарэю і тым самым увільгатніць паветра. Яшчэ адзін негатыўны момант: кантраст тэмператур на вуліцы і ў памяшканні. Пасля таго як доўга гаварылі, трэба пачакаць 15—20 хвілін, каб “разгарачаная” слізістая глоткі і гартані прыйшла ў норму, а ўжо потым выходзіць на вуліцу. Тое ж актуальна і ў адваротнай паслядоўнасці: не варта нагружаць галасавыя складкі пасля таго, як увайшлі ў будынак з марозу, арганізм павінен прывыкнуць да рэзкай змены тэмператур, адаптавацца.
Пра шкоду алкаголю і тытуню ведаюць нават дзеці. Ад таксічнага дзеяння нікаціну гіне галасавая мышца, складкі губляюць эластычнасць, незваротна пагаршаецца голас. Да таго ж курэнне выклікае кашаль, сухасць ці, наадварот, павышанае выдзяленне макроты, развіваецца хранічнае запаленне верхніх дыхальных шляхоў. Моцныя алкагольныя напіткі не сумяшчальныя не толькі з работай настаўніка, але і з работай галасавога апарату: яны апякаюць слізістыя гартані і глоткі, а яшчэ алкаголь пашырае крывяносныя сасуды, выклікаючы ацёчнасць тканак, галасавая нагрузка ў такім стане шкодная: голас губляе палётнасць, вынослівасць, яркасць.

Прычыны парушэнняў голасу

Прастуда — зразумелая і частая прычына галасавых парушэнняў. Праблемы ўзнікаюць пасля перанапружання голасу, крыку, ляманту, віску, размовы ў шумных абставінах. Таксама частымі прычынамі галасавых парушэнняў служаць стрэс, страх, сухое ці халоднае паветра ў памяшканні, працяглая прастуда. Гэта асноўныя фактары.
Але ў фарміраванні голасу чалавека ўдзельнічае не толькі гартань, але і іншыя органы і сістэмы нашага арганізма. Ад іх стану залежыць здароўе нашага галасавога апарату. Вострыя і хранічныя хваробы носа і каляносавых пазух, павялічаныя адэноіды могуць надаваць голасу непрыемнае насавое адценне, рабіць яго цьмяным, слабым, невыразным. Хворыя, карыёзныя зубы нярэдка выклікаюць хранічныя захворванні міндалін, запаленне слізістай глоткі, што таксама прыводзіць да расстройства галасавой функцыі.
Вельмі сур’ёзныя праблемы з голасам могуць ствараць хваробы страўнікава-кішачнага тракту, а менавіта гастраэзафагеальны рэфлюкс, пры якім кіслае змесціва страўніка трапляе ў стрававод, раздражняе слізістую глоткі і гартані, выклікаючы іх стойкія змяненні.
Варта памятаць, што гартань — гармоназалежны орган: яна чуйна рэагуе на змены ўзроўню гармонаў у крыві, асабліва палавых і шчытападобнай залозы. Гэтым тлумачацца ў прыватнасці змены голасу ў перыяд палавога сталення (мутацыя) ці, наадварот, інвалюцыйныя змены ў пажылым узросце. У жанчын гартань асабліва тонка рэагуе на ваганні ўзроўню палавых гармонаў, таму што ў строме галасавых складак у вялікай колькасці прадстаўлены рэцэптары эстрагенаў. Пры стойкіх праблемах з голасам неабходна выключыць паталогію шчытападобнай залозы.
Таксама могуць паўплываць на якасць голасу сасудзістыя, псіханеўралагічныя расстройствы, алергія, генетычныя хваробы, агульнае аслабленне арганізма (гіпавітаміноз, гіпатанія і інш.).
Такім чынам, парушэнне голасу, не звязанае з яўнымі прыметамі прастуды ці якое захоўваецца пасля ліквідацыі прымет запалення, павінна быць прычынай для абследавання, і пачынаць яго трэба з наведвання отарыналарынголага.

Іна ХАЗЕЕВА.