“Разбіла мне сэрца дыцэнтра”

У гады майго дзяцінства гэтая арыгінальная кветка так і называлася — разбітае сэрца. Расла яна амаль на кожным падвор’і і разрасталася так хутка, што яе нават высялялі за плот. Асабліва яе ніяк не даглядалі, расла сама па сабе. А потым на даволі працяглы перыяд гэтая кветка была забыта.

Зараз дыцэнтра, так яна называецца па-навуковаму, перажывае другое нараджэнне. Выведзена шмат новых гібрыдаў, і расліну можна падабраць як для вялікага кветніка, так і для мініяцюрнай клумбы.
Дыцэнтра — гэта кветка пяшчотна-зялёнага колеру з шызаватым разным лісцем і вельмі арыгінальнымі суквеццямі. Яны напамінаюць невялікія прыплюснутыя кулончыкі-сэрцайкі, сабраныя ў дугападобныя панікаючыя гронкі. Суквецці ўзвышаюцца над разным перыстым лісцем. Ніжняя частка ружовай кветкі злёгку прыадкрытая, і з яе бачна белая кропелька з жоўтымі тычынкамі, падобная на слязу. Кветкі маюць тонкія чаранкі і нават пры лёгкім подыху ветрыку грацыёзна пагойдваюцца. З-за такіх суквеццяў у народзе дыцэнтру і празвалі “разбітае сэрца”.
У вясковых кветніках расла так званая дыцэнтра вялікапышная, расліна даволі вялікіх памераў вышынёй каля метра. Зараз яе выкарыстоўваюць у якасці саліцёра на клумбе. Абапал можна пасадзіць нарцысы, цюльпаны, прымулы.
Сёння вялікім попытам у кветкаводаў карыстаецца дыцэнтра прыгожая — невялікая, да 40 см у вышыню, раслінка з белымі альбо ружовымі суквеццямі. Такая дыцэнтра расце і на маёй клумбе. Калі ў вас некалькі кусцікаў дыцэнтры прыгожай, можаце выкарыстаць яе ў якасці бардзюра.
Дыцэнтра не патрабуе нейкага асаблівага догляду. У пачатку цвіцення яе можна падкарміць настоем каравяку (1:10), а пасля раз у два-тры тыдні поўным мінеральным удабрэннем. Увосень зямлю пад кветкай можна замульчыраваць.
“Разбітае сэрца” не патрабуе частага дзялення. Кветку можна не турбаваць пяць-шэсць гадоў — менавіта такі працяглы перыяд яна не губляе сваіх дэкаратыўных якасцей. Пасля гэтага дыцэнтру трэба падзяліць, інакш тоўстае карэнішча можа загнівацца, і расліна загіне. Рабіць гэта лепш ранняй вясной, калі кветка толькі пачынае паказвацца на паверхні. Расліны трэба акуратна выкапаць, каля сутак пачакаць, каб карэнне менш ламалася, і падзяліць на патрэбную колькасць дзялянак. Яны павінны мець тры-чатыры парасткі. Можна рабіць гэтую працэдуру і ў другой палове жніўня — пачатку верасня. Размнажаецца дыцэнтра і сцябловымі чаранкамі. У пачатку мая наразаюцца чаранкі вышынёй 15—29 см і заглыбляюцца ў грунт на глыбіню каля 5 см. Лепш гэта зрабіць у парніку, дзе больш высокая вільготнасць. Можна вырасціць дыцэнтру з насення, якое высяваецца ў лютым — сакавіку. Усходы трэба чакаць доўга — ад 20 да 30 дзён. Зацвітае такая дыцэнтра на трэці год.
У розных краінах існуюць свае легенды, звязаныя з гэтай кветкай. Напрыклад, у Францыі дыцэнтру называюць сэрцайкам Жанеты. Дзяўчына па імені Жанета заблудзілася ў лесе. Там яе выпадкова знайшоў юнак-паляўнічы. Жанета закахалася ў яго, але хлопец кахаў іншую. Жанета заплакала, і там, дзе падалі яе слёзы, выраслі кветкі дыцэнтры.

Для таго каб расліна радавала сваёй дэкаратыўнасцю, трэба

правільна падабраць для яе месца. Кветка любіць лёгкі паўцень, на сонцы яна мае патрэбу ў багатым паліве і хутчэй адцвітае. Адцвіўшыя суквецці трэба своечасова выдаляць. Глеба пажадана не вельмі цяжкая — увогуле гэта датычыць большасці кветак.
Важнае пытанне — зімоўка. Дыцэнтру можна злёгку прыкрыць сцёбламі адцвіўшых шматгадовых кветак. Яна не вельмі баіцца маразоў, але ў выпадку ўкрыцця зацвіце раней і будзе больш пышнай.
Зацвітае дыцэнтра ў другой палове мая, а пры цёплай вясне і раней, і цвіце каля двух месяцаў. Пасля адцвітання не губляе сваёй дэкаратыўнасці яшчэ працяглы час з-за прыгожага разнога лісця.

Работы ў чэрвені

Чэрвень — спрыяльны час для пасеву двухгадовых і шматгадовых кветак. Высявайце на разводачную градку рудбекію, гайлардыю, фіялку, гваздзік турэцкі і інш.
Калі стаіць спякотнае надвор’е, палівайце пасадкі адцвіўшых цыбульных — крокусаў, цюльпанаў, нарцысаў. Цюльпаны выкопвайце пасля пажаўцення лісця, пазней вы проста іх не знойдзеце. Нарцысы можаце не турбаваць 3—4 гады.
У першай дэкадзе высаджвайце карэнішчы кан, клубні вяргінь.
Палівайце і старанна рыхліце аднагадовыя і шматгадовыя кветкі. Калі ідуць дажджы, рыхліце зямлю, каб пазбегнуць загнівання карэнішчаў.

Гравілат чылійскі

Некалькі гадоў назад я на кветкавым рынку папрасіла бабулю прадаць мне невысокую, простую ў вырошчванні шматгадовую кветку. Бабуля прапанаваламне кусцік, нечым падобны на герань. На наступны год парастак зацвіў цёмна-аранжавымі дробнымі кветачкамі. Цвіў ён з сярэдзіны мая да канца чэрвеня.
Потым у кветкавым часопісе я даведалася, што называецца кветка гравілат чылійскі, а ў народзе — чырвоная шапачка. Гравілат размнажаецца як дзяленнем куста, так і насеннем. Насенне высяваецца ў адкрыты грунт з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны ліпеня. Усходы паяўляюцца праз 10 дзён. Да канца верасня кветка ўтварае разетку, якую можна перасадзіць на пастаяннае месца. Гравілат чылійскі добра выглядае ў якасці бардзюрнай кветкі. Можна пасадзіць яго побач з хостамі, асцільбамі, папараццю. Сваю дэкаратыўнасць захоўвае і пасля цвіцення. Добра пераносіць цень, што робіць яго незаменнай кветкай у цяністым кветніку.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.