Піць і сабе не нашкодзіць

Мозг рэагуе на недахоп вады цэлым комплексам непрыемных адчуванняў: слабасцю, недамаганнем, пачуццём стомленасці, нечаканымі прылівамі крыві да твару, успышкамі раздражнення і нават бескантрольнага гневу, неспакоем і дэпрэсіяй. Акрамя таго, з’яўляюцца болі ў суставах і пазваночніку, расстройствы страўнікава-кішачнага тракту (запоры, пякотка, спазмы), парушаюцца функцыі імуннай сістэмы — і гэта яшчэ не поўны пералік форм пратэсту вашага арганізма.

Залішняе спажыванне вады пагаршае страваванне, павялічвае агульны аб’ём цыркулюючай крыві, стварае дадатковую нагрузку на сардэчна-сасудзістую сістэму і ныркі, узмацняе вывядзенне з мачой і потам жыццёва неабходных для арганізма мінеральных рэчываў. Таму піць вадкасці трэба ні многа ні мала, а па індывідуальнай пітной норме — так называецца колькасць вады, неабходнай арганізму для падтрымання водна-салявога балансу на працягу сутак. Норма залежыць ад надвор’я, узросту, бытавых умоў, а таксама характару і складанасці работы, якая выконваецца.
У сярэднім даросламу чалавеку ў камфортных умовах неабходна 35—40 мл вады на 1 кг масы цела ў суткі. Пры спакоі ў камфортных умовах трэба піць прыкладна 2,5 л у суткі, пры рабоце сярэдняй складанасці — да 4 л, ва ўмовах клімату марскіх курортаў — 5 л, пры знясільваючай рабоце пад пякучым сонцам пітная норма можа дасягаць 6,5 л.
Калі выпіваць па 5—7 літраў вады ў дзень, як рэкамендуюць аматары аздараўленчага галадання, то разам са шлакамі з арганізма можна вымыць карысныя мінералы і мікраэлементы. Празмернае спажыванне вадкасці выклікае, як правіла, прывыканне.
А калі піць мала, па 2—3 шклянкі ў спякотны дзень, то з-за пастаяннага дэфіцыту вады могуць узнікаць запоры, не кажучы ўжо пра парушэнне работы печані і нырак. Абязводжванне прыводзіць да павышанай стамляльнасці і страты скурай пругкасці, гладкасці і бляску. Пры тэмпературы навакольнага паветра вышэй за 32 градуса рэзка ўзмацняецца секрэцыя потавых залоз. Пры гэтым адбываецца дэмінералізація арганізма, у першую чаргу выводзяцца іоны натрыю, калію, магнію, медзі, цынку, хлору і інш., а таксама водараспушчальныя вітаміны (С, В1, В6, РР і інш.) і арганічныя кіслоты. Пры працяглым водным галаданні абязводжванне арганізма можа выклікаць і больш цяжкія наступствы: пры страце вады больш за 20% ад масы цела наступае смерць.
Гарачым летам, асабліва на адпачынку ў краінах з гарачым кліматам, пажадана спаталяць смагу толькі пасля ежы і строга абмяжоўваць прыём вадкасці ў прамежках паміж прыёмамі ежы. У камфортных тэмпературных умовах рэкамендуецца выпіваць 6—7 шклянак вады ў дзень.
Пры пераграванні арганізма прыходзіць так званы кіслотны апетыт. Для піцця ў спякоту рэкамендуюцца напіткі, якія разам з мікраэлементамі ўтрымліваюць комплекс арганічных кіслот (лімонную, аскарбінавую, малочную і інш.): свежыя сокі, морсы, кампоты і настоі з сухафруктаў (асабліва алычы). Пры гэтым узмацняецца слінааддзяленне, якое звычайна тармозіцца пры высокай тэмпературы навакольнага паветра, і знікае сухасць у роце, а таксама памяншаецца колькасць выпіваемай вадкасці (у 1,7—1,9 разу ў параўнанні з прыёмам звычайнай вады). Ідэальна падыходзіць чорны або зялёны чай з лімонам. Калі кіслотнасць страўніка паніжаная, выбірайце апельсінавы, грэйпфрутавы або нават лімонны сок, калі павышаная — агароднінныя, напрыклад, маркоўны ці капусны.
Па меры нарастання смагі неабходна выпіваць не больш за 200—300 мл за раз (папярэджваючы непрыемныя адчуванні, якія ўзнікаюць пры перапаўненні страўніка). Пасля наведвання пляжа або лазні рэкамендуецца дзяліць прыём вадкасці на дробныя порцыі.
Не піце салодкія газаваныя напіткі. Любы газаваны напітак абязводжвае арганізм і, раздражняючы слізістую страўніка, выклікае лжывае пачуццё голаду.
Добра праганяюць смагу кісламалочныя напіткі: абястлушчаны кефір, кумыс, малочная, а таксама разведзеная вадой сыроватка. Але самае правільнае рашэнне — піць чыстую ваду пакаёвай тэмпературы. Яна нармалізуе абмен рэчываў, спрыяе зніжэнню вагі, танізуе і ўвільгатняе скуру, робіць яе больш устойлівай да цэлюліту.
За 20—30 хвілін да абеду можна выпіць поўную шклянку вады. Гэта выкліча выпрацоўку страўнікавага соку, танізуе жоўцевы пузыр і падрыхтуе стрававальную сістэму да прыёму ежы. Непасрэдна падчас ежы і адразу пасля яе піць не рэкамендуецца — гэта можа прывесці да ўздуцця жывата, а з часам дабавіць лішнія кілаграмы. Для таліі будзе лепш, калі за ежай вы вып’еце як мага менш. Праз 1,5—2 гадзіны пасля ежы страўнік заканчвае ператраўляць змесціва — тады і можаце спаганяць смагу.

Надзея СКРЫННІК,
загадчык аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.