Чароўная мазаіка, якая прыносіць радасць

З госцяй рубрыкі Аленай Яўгенаўнай Есіс дамовіліся сустрэцца каля метро, прайсціся да майстэрні, каб паглядзець на работы, выкананыя ў арыгінальнай тэхніцы аплікацыі з… апілак. Алена Есіс — майстар па вырабе дэкаратыўных пано з каляровых апілак. Першае ж дзіця, якое сустрэлася нам па дарозе ў школу, усміхаючыся і зазіраючы ў вочы педагогу, гучна павіталася, каб ніхто з навакольных не сумняваўся, што вось ён — дарослы чалавек, з якім яму цікава! “Гэта Даша Жданюк, ходзіць да мяне ў гурток”, — растлумачыла Алена Яўгенаўна. Наша госця — педагог дадатковай адукацыі, вядзе ў сярэдняй школе № 179 Мінска заняткі аб’яднання па інтарэсах “Чароўная мазаіка”. Для работы аб’яднання Алена Яўгенаўна стварыла аўтарскую праграму “Цуда-апілкі”, па якой і працуе з вучнямі.
“Мама Ніна Міхайлаўна часта нагадвае, што я з дзяцінства хацела быць педагогам. Збірала дзяцей у роднай вёсцы Карэнды і заўсёды знаходзіла, чаму іх навучыць”, — працягвае нашу размову Алена Есіс.

— А самі з задавальненнем вучыліся?
— Яшчэ з якім задавальненнем! Вельмі любіла і люблю вучыцца. У дзяцінстве многаму ў мамы вучылася або з яе дапамогай. Да гэтых часоў памятаю, як мы з ёй малявалі да ўрока кубак з кветачкамі. Мая матуля ўнікала ва ўсе мае справы, і я была гэтаму рада. Яна і сама выдатная рукадзельніца, творчы чалавек — вяжа, вышывае, спявае. У школьныя гады я шмат малявала, марыла паступаць у мастацкае вучылішча пасля 8 класа. Толькі ў такім узросце маме з татам страшна было мяне адпусціць у Мінск на вучобу. Палічылі, што я яшчэ вельмі малая для сталічнага самастойнага жыцця. Я з імі пагадзілася, не шкадую. Затое мая дачка Настачка, якая вучылася ў Інстытуце сучасных ведаў на спецыяльнасці “Дызайн адзення”, прафесійна малюе і дае мне кансультацыі па колеразнаўстве і іншых пытаннях, з якімі я да яе звяртаюся.

— Алена Яўгенаўна, як жа вы адшукалі ўласную сцяжыну ў выяўленчым мастацтве, бо тэхніка работы з апілкамі вельмі арыгінальная?
— Спачатку ў школе вяла аб’яднанне па інтарэсах “Папяровы горад”. Цудоўныя гарады ў нас з дзецьмі атрымліваліся. Аднак назіранні за нашай работай дазволілі зразумець, што цяжкавата дзецям згінаць кардон, матэрыял складана здабываць, ды і хацелася нечым новым заняцца, хлопчыкаў і дзяўчынак захапіць. Заўважала яшчэ, што дзецям цікава працаваць у тэхніцы аплікацыі, з сыпкімі матэрыяламі. Думала, што б падабраць сыпкае і даступнае для творчасці? А тут якраз муж Святаслаў Мікалаевіч рамонт балкона рабіў — пілаваў, габляваў. Утварыўся запас апілак. Вырашыла паспрабаваць зрабіць аплікацыю з гэтага даступнага матэрыялу. Намалявала эскіз мышкі, на клей па конутры сыпала апілкі, нават не фарбаваныя. Фактура, якая атрымалася, спадабалася. Выразала вочкі з каляровай паперы, прыклеіла. Менавіта з гэтай мышкі ўсё і пачалося. Яна ў мяне і да гэтага часу захоўваецца. А было гэта 15 гадоў назад. Потым рабіла з апілак выявы кветак, матылькоў, рыбак. Здагадалася апілкі пафарбаваць. Удасканальвалася ў гэтым захапленні і дзяцей вучыла тэхніцы.

— Ці спадабалася мужу ваша новае захапленне аплікацыяй з апілак?
— А як жа? Спадабалася. Ён заўсёды ацэньвае мае работы, ды яшчэ і натхняе на дасягненні ў гэтай галіне. Аднойчы сказаў, што не паверыць у тое, што я майстар аплікацыі з апілак, пакуль я не зраблю ў гэтай тэхніцы ікону. Сумнявалася, ці атрымаецца? Ці можна з апілак? Падумала-падумала і адважылася зрабіць Казанскую Божую Маці.

— На маю думку, Алена, цудоўна атрымалася! Тонка, прыгожа, шыкоўна! А дзе вы экспануеце свае работы?
— На розных гарадскіх выставах. Апошні раз на свяце горада. А з дэманстрацыяй іконы нават такі цікавы выпадак здарыўся. Мы ўстанавілі выяву Ефрасінні Полацкай (выстава была на вуліцы). Сонца так ярка асвятляла ікону, промні адлюстроўваліся стразамі, якімі я ўпрыгожыла выяву, што мая карціна проста ззяла і зачароўвала. Вадзіцель, які дастаўляў на выставу экспанаты, спыніўся і застыў на месцы, не працягваючы рух, пакуль не нагледзеўся на маю работу, як ні сігналілі яму іншыя вадзіцелі, якія таксама дастаўлялі экспанаты.

— Алена Яўгенаўна, а што дзеці вашага творчага аб’яднання любяць рабіць?
— Многае. Практычна ўсё ім цікава. Ды і вучні ходзяць да мяне рознага ўзросту — ад 1-га да 10-га класа. Больш за тое, часам бацькі і бабулі захапляюцца разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Малышам прапаноўваю спачатку простыя выявы — прадметы, але яны хочуць хутчэй перайсці да сюжэтаў. Зараз многія вучні пачатковай школы працуюць над навагодняй тэматыкай. Любяць дзеці і жывёл адлюстроўваць. З задавальненнем працавалі вясной над ваеннай тэматыкай, удзельнічалі ў конкурсе “Паклонімся вялікім тым гадам”. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі хочуць выканаць аплікацыю — выяву беларускіх герба і сцяга. Зараз дзецям вельмі падабаецца асенняя тэма. У нашай установе адукацыі цэлая выстава на другім паверсе прысвечана прыгажосці гэтай пары года. (У дзяцей сапраўды цудоўна атрымліваецца працаваць у тэхніцы аплікацыі з апілак. Работы выкананы з душой, з асабістым эмацыянальным стаўленнем да тэм, якія раскрываюцца. Мяне асабліва ўразілі дзіцячыя работы “Адвечная песня” і “Жанчына-салдат” васьмікласніц Карыны Алексяюк і Эміліі Юсубавай, “Конь” трэцякласніка Яўгена Вількоўскага. — С.Р.)

— Алена Яўгенаўна, напэўна, вы атрымліваеце адабрэнне і падтрымку адміністрацыі школы, бацькоў, дзяцей, сваёй сям’і. Наколькі гэта важна для вас?
— Важнейшага няма нічога. Без цікавасці іншых да тваёй творчасці не нараджаецца натхненне. Дзякуй дырэктару школы № 179 Галіне Мікалаеўне Іўлевай, якая лічыць нашы пано візітнай карткай навучальнай установы. Удзячна калегам, бацькам за цікавасць да дзіцячай і маёй творчасці. Дзякуй дзецям, якія натхнёна і ўпарта працуюць над сваімі сюжэтамі. Часам вахцёр гаворыць мне: “Алена Яўгенаўна, бяжыце хутчэй да майстэрні, вашы дзеці там ужо сабраліся і прагнуць ствараць!” Часам удзельнікі аб’яднання па інтарэсах не хочуць пакідаць свае работы, нават каб паесці ў сталовай. Даводзіцца ўгаворваць. Фронт работ у нас з дзецьмі вялікі. Мы прымаем удзел у многіх конкурсах: “Выконваю законы дарог”, “Ратавальнікі вачамі дзяцей”, “Калядныя фантазіі”, “Найлепшае слова на зямлі — “мама”, “Звярок не цацка”…

— У людзей, якія ствараюць, заўсёды прынята пытацца пра планы на будучыню. Мы не будзем выключэннем. Як вы плануеце, Алена, развівацца ў творчасці? Пра што марыце?
— Планую асвоіць з дзецьмі новую тэму “Знакі задыяка”, бо адчуваю, што яна іх цікавіць. Сама мару брацца за ўсё больш сур’ёзныя карпатлівыя работы, бо чым складаней, тым больш падабаецца мне іх ствараць. Мару паехаць са сваімі работамі на “Славянскі базар” выставіцца ў “Горадзе майстроў” у Віцебску.
Чытаючы кнігі водзываў пра работы Алены Есіс, рукапісную і электронную, разумееш, што не толькі ў нашай краіне ёсць прыхільнікі яе творчасці. Сярод знаўцаў работ — прафесійныя мастакі і дызайнеры Беларусі, Расіі. Ёсць запіс у кнізе водзываў і ад удзячнага наведвальніка выставы з кіпрскага горада Ларнака. З Чэхіі, куды на творчы конкурс былі адпраўлены работы вучняў Алены Яўгенаўны Есіс, прыйшлі падзячныя пісьмы педагогу.Завяршыць аповед пра Алену Есіс лепш за ўсё цытатай з водзываў гледачоў: “Ад карцін немагчыма адарвацца. Іх хочацца разглядаць і разглядаць. Брава Алене Яўгенаўне і яе вучням!”

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.