Адна лыжка на дваіх

Высокія паказчыкі разводаў, шматлікія прыклады нараджэнняў па-за шлюбам, страта павагі дзяцей і падлеткаў да старэйшых — усё гэта стала рэаліямі сённяшняга часу, што дае многім падставы казаць аб крызісе сучаснай беларускай сям’і. Між тым так было не заўсёды. І ў пошуку рэцэпта сямейнага шчасця нялішне прыгадаць некаторыя традыцыі нашых продкаў.

Пытанне пра каханне

Выпадкі позніх шлюбаў адзначаліся ва ўсе часы. Аднак у нашых продкаў гэта было, хутчэй, выключэннем. Раней імкнуліся стварыць уласную сям’ю недзе ў 20-гадовым узросце, прычым да маладых прад’яўляліся пэўныя ўмовы. Паколькі ад будучай нявесты патрабаваўся пасаг, яна павінна была ўмець прасці, шыць, вышываць, вязаць, і чым прыгажэйшымі атрымліваліся ручнікі ці танчэйшай тканіна на сукенку, тым больш прывабнай выглядала дзяўчына ў вачах патэнцыяльных жаніхоў. У сваю ж чаргу хлопцу было неабходна даказаць бацькам сваёй выбранніцы, што ён самастойны, моцны і не гультаяваты мужчына, які можа і араць, і сена касіць, і дровы секчы, словам, рабіць усё сам у доме, на падворку і ў полі. — Безумоўна, звярталася асаблівая ўвага на цнатлівасць і стан здароўя будучых мужа і жонкі, — расказвае этнакультуролаг, аўтар шматлікіх кніг па традыцыйнай культуры беларусаў, старшы выкладчык кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аксана Катовіч. — Аднак беларусу проста так ніколі і нічога не давалася, таму менавіта працавітасць шмат у чым вызначала адносіны да дзяўчат і хлопцаў, для якіх ладзіліся выпрабаванні. Скажам, нявесце пасля першай ночы ў хаце жаніха першым чынам давалі даручэнне прынесці вядро вады з калодзежа і сачылі, каб з таго вядра не пралілося ніводнай кроплі. І толькі пасля гэтага пачыналі называць яе сапраўднай нявесткай. Усе вельмі пільна назіралі, як маладая ўмее завіхацца ля печы. А яшчэ ў доме свекрыві нявестцы давалі венік і глядзелі, як тая будзе замятаць падлогу — ад парога да чырвонага кута ці наадварот. І тут жа казалі: нявестка “прымяце” ў хату дабрабыт або “гэтая няўмека апошняе вымеце”.
Тэме кахання, асабліва нешчаслівага, прысвечана вялікая частка нашага фальклору. Вядома, кахання хацелі ўсе. Але матэрыяльны падмурак будучай сям’і выходзіў на першы план. І гэта тычылася прадстаўнікоў усіх саслоўяў, пацвярджэннем чаго з’яўляюцца і мележаўскія “Людзі на балоце”, і шматлікія прыклады дынастычных шлюбаў, якія браліся ў інтарэсах роду і дзяржавы.
— Падарункі на вяселле мелі асаблівае значэнне, і, што цікава, маладым імкнуліся дарыць свойскую жывёлу ці прылады, якія спатрэбяцца ў гаспадарцы, але не грошы, — заўважае Аксана Катовіч. — Эканамічны складнік прысутнічаў і ў адносінах паміж сем’ямі жаніха і нявесты. Бацькі маладых маглі загадзя вызначыць, хто дасць карову, а хто авечку, і на ўсякі выпадак пісьмова замацаваць гэта так званай “перадбрачный”. Інакш кажучы, па сутнасці скласці сучасную шлюбную дамову.

Не трэба спрачацца за лідарства

Звычайны сёння малюнак: падчас вяселля на парозе дома, рэстарана ці кавярні маладых сустракаюць хлебам-соллю. Хлеб прапануюць разламаць. І той, каму дастанецца большы кавалак, нібыта будзе галоўным у сям’і.
— Тут ёсць адразу дзве памылкі, — зазначае Аксана Катовіч. — Па-першае, нашы продкі хлеб акуратна разразалі, ламалі яго толькі на хаўтурах, каб спыніць наступную смерць. У спрадвечнай традыцыі каравай з соллю на вяселлі прымалі як самы важны падарунак, цалавалі і ставілі на стол перад маладымі, каб аддзяліць іх прастору ад прасторы гасцей, пры гэтым соль выконвала ролю абярэга. А другая памылка — у імкненні жаніха і нявесты адхапіць сабе як мага большы кавалак. Падобных спрэчак за лідарства ўвогуле быць не павінна, у сям’і муж з’яўляецца галоўным па вызначэнні. Таксама не павінна існаваць і вясельнай завядзёнкі выпівання з туфліка нявесты. Бо такім чынам падкрэсліваецца падпарадкаванасць жаніха. Мы міжволі робім з мужчыны падабцасніка, а потым пачынаем наракаць на яго безыніцыятыўнасць і нерашучасць.
Таксама сумніўнай з’яўляецца распаўсюджаная сёння практыка выкрадання нявесты на вяселлі. Аксана Катовіч падкрэслівае, што гэтага абраду няма ні ў адным з вядомых апісанняў вясельных звычак канца XIX — пачатку XX стагоддзя, зробленых рознымі аўтарамі і ў розных рэгіёнах нашай краіны. Раней было так: пасля вянчання рукі жаніха і нявесты звязваліся поясам ці невялікім ручніком, каб паміж маладымі не прайшоў ні кепскі, ні добры чалавек, і ў тым ліку іх бацькі. Маладыя павінны былі заўсёды знаходзіцца разам — у такой сітуацыі ніякай гаворкі аб “выкраданні” ісці не магло.
Не меншае здзіўленне даследчыка традыцыйнай культуры выклікае цяперашняя завядзёнка кідаць нежанатым хлопцам такую даволі інтымную рэч, як падвязка нявесты. А плюс да таго ўзнікаюць пытанні наконт кідання ў натоўп дзяўчат букета кветак, які падарыў жаніх. Зрабіць гэта для нявесты — значыць, аддаць каханне і павагу мужа сваім сяброўкам. У мінулыя часы эстафету замужжа “перадавалі” праз вянок і вэлюм, якія пасля першай шлюбнай ночы з галавы нявесты здымала свякроў і дазваляла літаральна на некалькі хвілін прымераць спачатку шаферцы, а затым астатнім дзяўчатам. Пасля гэтага вянок і вэлюм мацавалі ў чырвоным куце на 40 дзён.
— Я так шмат кажу аб неабходнасці памятаць пра традыцыйныя вясельныя абрады зусім не выпадкова, бо іх выкананне з’яўляецца своесаблівым праграмаваннем будучага жыцця сям’і, — адзначае Аксана Катовіч. — Нельга разлічваць на тое, што мы адкінем убок вопыт нашых продкаў і будзем жыць у шлюбе доўга і шчасліва. Сям’я можа распасціся ўжо праз 2—3 гады, і тут не выратоўвае нават вянчанне, якое, дарэчы, таксама неабходна заслужыць. Каб атрымаць блаславенне Бога, трэба спачатку вытрымаць невялікі пост і паспавядацца. Сёння мы чамусьці лічым, што дастаткова проста схадзіць у царкву, і можна ператвараць само вяселле ў забаўляльны спектакль, банкет з ракой гарэлкі, якую ў тым ліку п’юць маладыя. Між тым раней жаніх і нявеста ніколі не дакраналіся да моцных напіткаў, бо ў іх была іншая мэта — нарадзіць здаровае дзіця. Скажу больш: часта на ўрачыстым стале перад маладымі стаяла толькі каша з маслам і ляжала адна лыжка на дваіх.

Казкі з сэнсам

Галоўным сэнсам стварэння сям’і быў працяг роду. Да гэтай справы нашы продкі падыходзілі звышадказна. Існавала залатое правіла: браць шлюб толькі ў час, калі ідзе ў рост месяц. Бо тады з улікам цыкла цяжарнасці жанчыны атрымлівалася, што таксама ў перыяд месяцовага росту павінны з’явіцца дзеці. А маладзіковыя дзеці маюць моцнае здароўе і доўга жывуць.
— Паколькі субота з’яўляецца памінальным днём, вянчанні праходзілі па нядзелях, а першая шлюбная ноч выпадала на час з панядзелка на аўторак, — кажа Аксана Катовіч. — І зноў жа з даволі канкрэтнай мэтай. На працягу тыдня два запар “мужчынскія” дні былі толькі аднойчы — гэта менавіта панядзелак і аўторак. Таму перыяд паміж імі лічыўся найбольш спрыяльным для пачатку жыцця першынца-хлопчыка — прадаўжальніка роду. І, дарэчы, для з’яўлення першынца мужчынскага роду выкарыстоўваліся іншыя сродкі. У прыватнасці, перад першай шлюбнай ноччу на ложак маладых на некалькі хвілін садзілі маленькага хлопчыка або клалі пад той жа ложак мужчынскія прылады працы.
Асобна варта спыніцца на выхаванні дзяцей. Найперш яно будавалася на казках, аповедах, песнях маці. І ў гэтым выпадку існавала строгая градацыя ў залежнасці ад узросту дзіцяці. Адразу пасля нараджэння малое чула калыханкі-забаўлянкі. А далей, калі трэба было вучыцца вымаўляць гукі, на дапамогу прыходзілі скорагаворкі і чыстагаворкі.
— Дзіця падрастала, і маці пачынала расказваць яму забаўлянку пра сароку, якая кашу варыла, дзетак карміла, але не ўсіх — без пачастунку заставаўся той, хто дроў не насіў і печку не тапіў, — працягвае Аксана Катовіч. — У выніку ж на падсвядомым узроўні маленькаму дзіцяці, якое яшчэ, як казалі, “упоперак лаўкі ляжыць”, ужо закладвалі думку, што ўсё даецца выключна дзякуючы працы.
Калі дзіцяці спаўнялася 3—4 гады, яно натуральна пачынала задаваць пытанні — чаму і навошта? І тады героямі аповедаў станавіліся ліса, заяц, воўк, мядзведзь. Па вельмі простай прычыне: нашы продкі былі перакананы, што абмяркоўваць паводзіны дарослых у прысутнасці дзяцей нельга. Таму гаворка аб суседцы, якая можа штосьці сцягнуць са двара, ішла з выкарыстаннем вобраза лісіцы-хітрыцы, а пра нядбайнага і някемлівага суседа намякалі, напрыклад, праз галоўных герояў казкі пра вяршкі і карэньчыкі.
— Асаблівыя адносіны да дарослых уласцівыя традыцыйнай культуры беларусаў, — падкрэслівае Аксана Катовіч. — Калі ў нашым дзяцінстве маці ішла на бацькоўскі сход, мы хваляваліся, што яна пачуе ад настаўніка, словы і ўчынкі якога ніколі не абмяркоўваліся і не ставіліся пад сумненне. Цяперашняя пазіцыя многіх бацькоў значна адрозніваецца: маўляў, маё дзіця мае рацыю ў любой сітуацыі, а вінаваты класны кіраўнік або дырэктар школы. У выніку такіх падыходаў мы губляем спрадвечныя традыцыі. А з імі і павагу да старэйшых.

У працы і ў свяце

Важнай асаблівасцю беларускай сям’і было строгае размеркаванне роляў. Усе прытрымліваліся пэўных норм паводзін, кожны ведаў свае хатнія абавязкі і нават сваё месца за агульным сталом. Пры гэтым было прынята, што бацька меў права на першую лыжку і першы кавалак хлеба. А калі гаспадар заканчваў абед, тое ж павінны былі зрабіць і ўсе астатнія. — У сям’і муж быў як быццам правай, а жонка — левай рукой. Бо ў традыцыйным уяўленні правы бок атаясамліваецца з рухам наперад, а левы — са стабільнасцю, спакоем, раўнавагай, — тлумачыць Аксана Катовіч. — Звярніце ўвагу: у звычайнай сялянскай хаце печка знаходзілася злева ад уваходу, бо гэта месца працы гаспадыні, а варштат мужа стаяў справа, бліжэй да вокнаў. Менавіта гэтым правілам “дзяўчыны — злева, а хлопцы — справа” карысталіся нашы продкі, калі перад вяселлем павязвалі ручнікі (у жанчыны вузел ручніка быў пад левай рукой, у мужчыны — пад правай), і менавіта так сёння прышываюцца гузікі на жаночым і мужчынскім адзенні.
Праца сям’і была цяжкай. Але ў той жа час яна аб’ядноўвала ўсіх разам, як і агульныя святы. Яны адзначаліся па-рознаму і практычна без гарэлкі. А вось песень было шмат. На жаль, канстатуе Аксана Катовіч, з цягам часу раскладка змянілася кардынальна, і спрацаваў закон прыроды: пустое месца нечым запаўняецца. Мы перасталі спяваць і пачалі піць, іншы раз зашмат.
— Калі разглядаць сітуацыю скасавання шлюбу і стварэння новай сям’і, то раней такія выпадкі таксама адзначаліся, але разводаў было значна менш, — адзначае Аксана Катовіч. — Здаралася, што жонка, якой кепска жылося ў сям’і мужа, вярталася да сваіх бацькоў. І тыя яе прымалі. Вось толькі далейшы лёс гэтай жанчыны аказваўся незайздросным. Калі ёй нават і спачувалі, то ўсё роўна другі раз замуж бралі вельмі рэдка. Шансы пабудаваць новае шчасце былі амаль нулявымі, жанчына заставалася адзінокай. Вось чаму сярод вялікай колькасці слоў, якія гучалі падчас вяселля, асноўным было пажаданне “шчасця і долі”, у Беларусі часта спявалі: “Татулька мой родненькі, // Не надзяляй мяне ні хлебам, ні соллю, // Ні хлебам, ні соллю, ні золатам, ні серабром, // Надзяляй мяне і доляй, і шчасцем!”

Даведка

Аксана Веніямінаўна КАТОВІЧ нарадзілася ў Баранавічах Брэсцкай вобласці. Закончыла Баранавіцкае педвучылішча і Брэсцкі педінстытут імя А.С.Пушкіна (педагогіка і методыка пачатковай адукацыі), магістратуру Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (беларуская літаратура), аспірантуру аддзела фалькларыстыкі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі (фалькларыстыка). Разам з вядомым беларускім этнакультуролагам Іванам Іванавічам Круком з’яўляецца суаўтарам кніг “Залатыя правілы народнай культуры”, “Колесо времени: традиции и современность”, “Мікольская свяча” і інш., серыі кніг “Беларускі народны каляндар”. Апошняе аб’ёмнае выданне — “Белорусская свадьба в пространстве традиционной культуры”.

Сяргей ГРЫБ.