Бананавы рай

Бананы — гэта смачна, іх можна купіць практычна ў любым магазіне нашай краіны ў любую пару года. Існуе велізарная колькасць дэсертаў з іх выкарыстаннем. Бананы ідэальныя для хуткіх перакусаў і ў якасці ежы для дзяцей. Вось, уласна кажучы, і ўсё, што большасць з нас ведае аб гэтым фрукце, які даўно стаў для нас звыклым.

Для пачатку банан — гэта шматгадовая трава, на якой растуць ягады. Так-так, менавіта трава. Батанікі лічаць банан травой, таму што сцябліна гэтай расліны не мае драўніны. На зрэзе “ствала” няма малюнка гадавых кольцаў, як у дрэў, і ў яго няма галін. З карэнішча адразу вырастае ліст, згорнуты ў шчыльную трубку. Паступова трубка пашыраецца, і з яе адзін за адным вырастаюць наступныя лісты, шчыльна прыціснутыя знізу адзін да аднаго, што і стварае ўражанне “ствала бананавага дрэва”.

Па-другое, ягадай батанікі лічаць банан таму, што костачкі ў яго раскіданыя па ўсёй мякаці, гэтак жа як і ў кавуна, які, калі вы не ведалі, таксама з’яўляецца ягадай. Праўда, раскіданыя — гэта не зусім правільнае азначэнне. Дакладней, яны размяшчаюцца ў пэўным парадку. “Дазвольце, якія костачкі? У банане іх няма”, — запярэчыце вы. І будзеце мець рацыю. Вы ж не ведалі, што да нас прывозяць бананы толькі безнасенных сартоў. Вы заўважалі калі-небудзь маленькія чорныя кропкі на зрэзе бананавай мякаці? Вось гэта і ёсць костачкі. Толькі, канечне, з іх не вырасце банан, калі іх пасадзіць у зямлю. Сапраўднае бананавае насенне нашмат большае, у яго вельмі цвёрдая абалонка, якую перад высадкай крыху разбураюць, каб насенне хутчэй набрыняла і дало расток. У сапраўдным насенным банане можа быць да сарака костачак. Уявіце сабе, колькі разоў вам давялося б выплёўваць костачку, каб з’есці адзін банан? Ды прасцей з’есці яблык. Вось таму і вывелі безнасенныя сарты.

Банан быў “яблыкам разладу”: з-за яго пачыналіся сапраўдныя войны і здзяйсняліся дзяржаўныя перавароты, банан станавіўся рухавіком тэхнічнага прагрэсу і дзякуючы яму адбываліся сапраўдныя перавароты ў культуры многіх краін.

Банан па-лацінску Musa sapientum, што азначае “фрукт мудрага чалавека”.

Гэты салодкі ласунак прыйшоў да нас з Паўднёвай Індыі. Найстаражытнейшыя згадкі пра гэтую расліну сустракаюцца ў будысцкіх тэкстах, якія датуюцца VІ стагоддзем да н.э. Зараз у Індыі вырошчваюць больш бананаў, чым у любой іншай краіне свету. Дарэчы, жыхары гэтай краіны да гэтага часу лічаць, што Адама і Еву змей спакушаў менавіта бананам, а не яблыкам.

Банан — адна з найстаражытнейшых раслінных культур. Першымі ацанілі яго смакавыя якасці старажытныя егіпцяне. Яны вырошчвалі больш за 40 відаў гэтых пладоў. У егіпцян банан лічыўся лекавай раслінай. А каб нашчадкі ведалі, як трэба вырошчваць і выкарыстоўваць бананы, яны ўпрыгожылі сцены Фіваў малюнкамі-дапаможнікамі па развядзенні гэтай травы. Адным з першых еўрапейцаў, які прыахвоціўся да бананаў, быў Аляксандр Македонскі. У 327 годзе да нараджэння Хрыстова ён паспрабаваў гэтую салодкую ягаду ў Індыі, падчас свайго знакамітага паходу. Легенда гаворыць, што вялікаму палкаводцу вельмі спадабаўся салодкі плод, і ён распарадзіўся ў далейшым уключаць яго ў рацыён сваіх воінаў, для падтрымання баявога духу.

Першыя бананавыя плантацыі з’явіліся ў Кітаі ў ІІ стагоддзі да н.э. З Кітая і Індыі пачнецца трыумфальнае шэсце расліны па іншых краінах Азіі. Арабскія гандляры рабамі і паляўнічыя за слановай косцю завезлі расліну банана ў Афрыку. Там ён лёгка акліматызаваўся і распаўсюдзіўся настолькі шырока, што праз некалькі стагоддзяў афрыканцы ўжо лічылі, што іх кантынент — радзіма банана. Такая думка існуе да гэтага часу і ва ўсім свеце. Афрыканцы дадаюць бананы ва ўсе стравы — у амлет, у таматны суп, у кашу і г.д. Аднак большая частка ўраджаю ва Угандзе ці Бурундзі, дзе расце паўсотні сартоў, ідзе на выраб… піва, у якім да 28% алкаголю! Толькі ў пачатку ХV стагоддзя банан трапіў у Новы Свет. Францысканскі манах Тамаза дэ Берланга, будучы архіепіскап Панамы, у 1516 годзе залажыў побач з манастыром на востраве Санта-Дамінга ў Карыбскім моры першую бананавую плантацыю. Тады яшчэ бананы лічыліся плебейскай ежай і кармілі імі толькі нявольнікаў і жывёлу.

Бананавы кекс

Нам трэба:

4 сярэднія вельмі спелыя бананы

100 г сметанковага масла

1 шклянка цукру

2 яйкі

2 шклянкі мукі

1 чайная лыжка разрыхляльніку

шчопаць солі

1/4 шклянкі малака

У працэсе:

Старанна размяць бананы відэльцам. Распусціць масла і выліць у міску. Нагрэць духоўку да 180 градусаў. Дабавіць у міску цукар, змяшаць з распушчаным маслам, дадаць, не перастаючы памешваць, яйкі, прасеяную муку, соль, малако і ў апошнюю чаргу — пюрэ з бананаў (пажадана дадаваць інгрэдыенты менавіта ў такім парадку). Вылажыць цеста ў форму. Выпякаць 35—40 хвілін, пакуль не зарумяніцца (час указаны арыенціровачна і залежыць ад духоўкі, велічыні формы і г.д.). Калі падасца, што верх занадта румяны, а кекс яшчэ не прапёкся, прыкрыйце яго лістом фольгі і працягвайце выпякаць. Гатоўнасць правяраецца зубачысткай. Уваткніце яе ў цэнтр кекса, калі сухая — гатова. Кекс атрымліваецца пахучым і сакавітым, смак незвычайны. Вельмі важна праявіць вытрымку, даць кексу астыць і дайсці да кандыцыі ў форме. Ні ў якім разе НЕ рэзаць і НЕ есці гарачым.

З ХVІ стагоддзя бананы пачынаюць культываваць у Іспаніі на архіпелагу Гран-Канарыя, а крыху пазней адтуль яны трапілі на Антыльскія астравы. Самы вялікі востраў Гран-Канарыі — Тэнерыфе — не толькі месца паломніцтва турыстаў, але і найбуйнейшая на архіпелагу бананавая плантацыя. Першыя бананавыя расліны з’явіліся на Тэнерыфе шмат гадоў назад. Іх завезлі на востраў гвінейцы ў ХVІ стагоддзі. Але іх плады нельга было спажываць у сырым выглядзе. Бананы сушылі, а потым малолі. Атрымлівалася салодкая мука, якую выкарыстоўвалі для выпечкі кандытарскіх вырабаў. У 1855 годзе французскі консул на Тэнерыфе Сабіна Бертэла прывёз на востраў бананавыя расліны з Кітая. Гэта быў іншы сорт бананаў, на латыні называўся Musa acuminata, па-нашаму — Кавендыш. Яшчэ іх называюць карлікавымі ці цукровымі бананамі. Плады гэтых раслін меншыя, чым афрыканскія, але затое нашмат саладзейшыя. А па каларыйнасці адзін такі банан адпавядае біфштэксу. Калі ў вас будзе магчымасць, то абавязкова паспытайце гэты сорт. Такія бананы можна знайсці толькі ў Іспаніі, бо для працяглай транспарціроўкі яны непрыгодныя.

Заваяваўшы ўсю Азію, Афрыку і Лацінскую Амерыку, банан застаўся невядомы жыхарам Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Падарожнікі, якія пабывалі ў краінах, дзе расце райскі плод, з захапленнем расказвалі пра яго. “Ён салодкі, як мёд, але, з’еўшы яго, адчуваеш сябе, быццам добра паабедаў!” — казалі яны. Шчасліўчыкам, якім давялося паспытаць райскі плод, можна было толькі пазайздросціць, бо прывезці банан з далёкіх земляў было немагчыма. Ягады саспявалі раней, чым іх дастаўлялі да бліжэйшага марскога порта, а там яны проста гнілі. Справа ў тым, што ў тропіках у той час немагчыма было праехаць нават на кані, што ўжо казаць пра перавозку нейкіх грузаў.

Невядома, колькі яшчэ часу банан заставаўся б здабыткам адных толькі афрыканцаў і лацінаамерыканцаў, калі б не два эмігранты з Усходняй Еўропы — Самуіл Жамурай і Мінор Кейт. Яны прыехалі ў Лацінскую Амерыку, каб пакаштаваць банан. Але, убачыўшы, наколькі непатрабавальная гэтая сельскагаспадарчая культура і які ўраджай збіраюць земляробы круглы год, яны вырашылі, што неабходна тэрмінова наладжваць шляхі зносін для гандлю. Вярнуўшыся ў ЗША, яны знайшлі банк, які пагадзіўся выдаць ім крэдыт, і пачалі будоўлю.

Хутка непраходныя джунглі Эквадора і Коста-Рыкі пакрыліся сеткай вузкакалейнай чыгункі. Потым прыйшла чарга велізарных тэрыторый, на якіх зараз размяшчаюцца Калумбія, Панама, Гандурас і Гватэмала. Такім чынам, праблема транспарціроўкі была вырашана. Бананы збіралі зялёнымі, і яны даспявалі ў дарозе — некалькі гадзін у цягніку да ўзбярэжжа, а потым некалькі дзён у труме парахода.

У 1876 годзе ў Філадэльфіі прайшла выстава, прысвечаная стагадоваму юбілею з дня абвяшчэння незалежнасці Злучаных Штатаў. На ёй быў прадстаўлены новы трапічны фрукт. Яго загортвалі ў навошчаную паперу і прадавалі па дзесяць цэнтаў за штуку. Столькі ж каштаваў літр малака ці кубак піва. І хутка жыхары ўсёй Паўночнай Амерыкі прывучыліся яго спажываць.

Усяго праз 4 гады пасля выставы Злучаныя Штаты імпартавалі 16 млн “бананавых суквеццяў” (велізарная галінка, усеяная бананавымі гронкамі). У 1951 годзе замест суквеццяў пачалі выкарыстоўваць плоскія 18-кілаграмовыя ці 14-кілаграмовыя скрынкі, якія застаюцца стандартнай упакоўкай і цяпер.

Тым часам у Лацінскай Амерыцы пачалася самая сапраўдная бананавая ліхаманка. Трапічны плод аказаўся выратаваннем для мясцовых жыхароў. У забытых Богам куточках Лацінскай Амерыкі ствараліся плантацыі, і туды адразу ж праводзіліся электрычнасць і тэлеграф, адчыняліся школы для дзяцей, гандлёвыя крамы і бары. Лацінаамерыканцы ведаюць мноства рэцэптаў гарачых страў з гэтых пладоў. З бананаў пякуць аладкі, якія замяняюць хлеб, ці кладуць іх у суп замест бульбы. Бананы смажаць і падаюць да мяса ў якасці гарніру, узбіваюць з бананаў кактэйлі. На Кубе да мяса вам пададуць бананы фры. А ў Венесуэле можна паспытаць бананавы рыс. Рыба па-інданезійску варыцца і падаецца разам з бананамі.

Бананы па-карыбску

Нам трэба:

2 спелыя бананы

паўкубка апельсінавага соку

1 ч.л. цукру

1 ст.л. сметанковага масла

вяршкі/смятана/ёгурт

У працэсе:

Наразаем банан на кружочкі. У патэльні распускаем масла, абсмажваем бананы на сярэднім агні з абодвух бакоў каля хвіліны, пакуль яны не стануць мяккімі. Выліваем у патэльню апельсінавы сок і сыплем цукар. Усё гэта перамешваем і яшчэ каля хвіліны праграваем. Соус загусцее. Усё! Выкладваем на талеркі, падаём з чым-небудзь нейтральным ці зусім без нічога. Мне падабаецца есці з малочнымі прадуктамі. Яны адцяняюць кіславата-салодкі смак бананаў. Можна падаць бананы да блінчыкаў.

У 1899 годзе вытворцы бананаў з Лацінскай Амерыкі аб’ядналіся ў “Юнайтэд Банан Компані”. Фірма і па сёння застаецца вядучым сусветным экспарцёрам бананаў — цяпер яны прадаюцца пад гандлёвай маркай “Чыкіта”.

“Пачысці на снеданне спелы плод. Пакладзі яго на вялікую талерку і пакладзі зверху столькі джэму з апельсінавымі цукатамі, каб ён быў закрыты цалкам. Потым расцісні банан і змяшай яго з джэмам. Адпраў пакаёўку і загадай слугам не трывожыць цябе. Еш павольна, запіваючы ласунак маленькімі глыткамі чорнай кавы…”

Аўтарам гэтага рэцэпта выступае не хто іншы, як сам сэр Чарльз Дарвін.

Крыху пазней другі не менш вядомы чалавек вынайдзе свой рэцэпт прыгатавання банана.

“Звечара змяшайце паўкубачка густых вяршкоў і дзве лыжкі цёмнага рому. Вялікі банан нарэжце кружочкамі і заліце вяршкамі. Раніцай сервіруйце на снеданне, пасыпаўшы цукрам, карыцай і арэхамі”.

Гэты рэцэпт, як і “Маніфест Камуністычнай партыі”, — дзецішча самога Карла Маркса. Адзін з першых камуністаў вельмі любіў гэты заморскі плод. Ён, дарэчы, у той час толькі з’явіўся ў Вялікабрытаніі і каштаваў немалых грошай. Нават у Лондане бананы прадавалі толькі ў адным магазіне — універмагу “Хэрадс”. Сёння рацыён англічан, гэтак жа як і еўрапейцаў, немагчымы без бананаў, хаця яны з’явіліся ў Еўропе нашмат пазней, чым іншыя заморскія прадукты: какава, кава і тытунь.

Аб з’яўленні бананаў у Германіі ходзяць легенды. Вось адна з іх. Гары Лемке, гаспадар магазіна каланіяльных тавараў з Гамбурга, адчуў незвычайны салодкі водар на сваім складзе. Ён спыніўся і пачаў прынюхвацца. Незвычайны пах прывёў яго да кучы пустых скрынак з-пад чаю. Лемке паклікаў рабочых і распарадзіўся прыбраць скрынкі. Як жа ўсе здзівіліся, калі ў кутку ўбачылі сук, пакрыты жоўтымі фруктамі. І тут Лемке ўспомніў, што некалькі тыдняў назад нейкі капітан прывёз з далёкага плавання галінку бананавага дрэва. Плады былі зялёныя і зусім нясмачныя, нават горкія. “Што за экзотыка?” — абурана падумаў тады Лемке і закінуў пальму ў далёкі куток. А цяпер фрукты проста раставалі ў роце і незвычайна соладка пахлі. Лемке хутка знайшоў таго капітана, і праз два месяцы на прылаўках яго магазіна красаваліся ярка-жоўтыя гронкі бананаў.

Магазін “Лемке і сыны” стаяў на набярэжнай Юнгфернштыг, якую ведалі ва ўсёй Германіі як кірмаш нявест. Дзяўчаты на выданні, шпацыруючы там, лічылі сваім абавязкам з’есці хоць бы адзін банан. Бо да таго часу ён паспеў стаць ужо гваздом сезона. У модных магазінах прадаваліся сумачкі ў выглядзе банана, нашыйныя хусткі і шалі, “згорнутыя ў банан”, і нават капелюшы, упрыгожаныя бананамі з пап’е-машэ. Але ў Германіі банану выпала цяжкае “жыццё”. У 1933 годзе пачалася антыбананавая кампанія. У прэсе адно за адным пачалі з’яўляцца жахлівыя паведамленні. У іх гаварылася, што трохгадовае дзіця памерла, удавіўшыся бананам, што малады мужчына быў дастаўлены ў бальніцу з дыягназам “заварот кішак у выніку пераядання бананаў”. Медыкі пераконвалі жыхароў краіны ў тым, што нічога больш шкоднага, чым банан, не існуе. Перавагу рэкамендавалася аддаваць нацыянальным фруктам. “Сапраўдны патрыёт есць нямецкія яблыкі”, “Мы ж не малпы: клубніцы лепшыя, чым бананы”, — вось што чыталі немцы пад шыльдамі магазінаў, у якіх прадавалі фрукты.

А вось званне бананавай сталіцы Еўропы дасталося Парыжу: менавіта ў гэтым горадзе пачалася “кар’ера” банана як аб’екта сучаснай культуры. У 1903 годзе са стапеляў сышоў першы грузавы карабель з трумам, які ахалоджваўся. Карабель называўся “Венера” і курсіраваў паміж эквадорскім портам Гуаякіль і Марсэлем. Новы фрукт трывала ўвайшоў у жыццё французаў. Банан стаў неад’емнай часткай мастацкіх салонаў. З бананам у руцэ на вернісажы прыходзілі Сальвадор Далі і малады Пабла Пікасо. Нацюрморты з бананамі пісалі Вінцэнт Ван Гог і Анры Русо.

Банан у еўрапейскай культуры яшчэ і эратычны сімвал. Ён стаў такім дзякуючы адной амерыканскай дзяўчыне з горада Сен-Луі. Яе імя — Жазэфін Бейкер. Гэта знакамітая ў свой час танцорка і спявачка. Яна дабілася славы, выканаўшы нумар пад назвай “Рэвю негр”, які паказваў афрыканскі рытуальны танец. Гэты танец выклікаў грандыёзны фурор, таму што выконвала яго дзяўчына, апранутая ў адну толькі спаднічку з бананаў.

У 20-я гады мінулага стагоддзя “бананавы танец” танцавалі па ўсёй Еўропе, называючы яго “шымі”.

А з 1994 года і па сёння працягваецца так званы “бананавы канфлікт” паміж ЕС і Злучанымі Штатамі. Апошнім часам спрэчка пагражае перарасці ў сапраўдную “бананавую вайну”. Справа ў тым, што ЕС абкладвае вялікімі падаткамі бананы з краін, якія знаходзяцца пад уплывам амерыканскага ўрада. Гэта нявыгадна для Амерыкі, бо пакупнікі аддаюць перавагу больш танным “еўрабананам”. У 1995 годзе ў ЕС быў уведзены стандарт бананаў, якія прадаюцца ў Еўропе. Яны павінны быць 20 см у даўжыню і 27 мм у дыяметры. Бананы з Лацінскай Амерыкі звычайна меншыя. “Калі еўрапейцы будуць працягваць палітыку дыскрымінацыі ў адносінах да амерыканскага гандлю, гэта пацягне за сабой аналагічныя меры ў адносінах да еўрапейскіх фірм у Злучаных Штатах”, — гаварылася ў асабістым пасланні прэзідэнта Клінтана, адрасаваным знешнегандлёвай палаце пры Еўрапарламенце.

Канфлікт яшчэ не вырашаны, паглядзім, чым усё скончыцца — будуць у Еўропе прадаваць “амерыканскія” бананы ці “еўрапейскія”.

Па даных статыстыкі, цяпер штогод у свеце вырошчваецца звыш 42 млн тон бананаў. Дзве трэці сусветнай вытворчасці прыпадае на Лацінскую Амерыку. Буйнейшыя краіны — вытворцы бананаў на сённяшні дзень — гэта Эквадор, Коста-Рыка, Калумбія, Дамініканская Рэспубліка, Венесуэла, Панама, Гандурас, Кітай і Індыя.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.