Дыфтэрыя: пагроза побач

Дыфтэрыя ўяўляе сабой вострае інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам, аднак можна заразіцца і праз прадметы ўжытку, посуд і цацкі. Дыфтэрыя перадаецца ад хворых і бессімптомных носьбітаў (людзей, якія інфіцыраваны, але не праяўляюць сімптомаў). Цяжар хваробы абумоўлены вельмі атрутным таксінам, які выдзяляе дыфтэрыйная палачка. Часцей за ўсё пашкоджвае насаглотку, але нярэдка закранае гартань, бронхі, скуру і іншыя органы.

Інкубацыйны перыяд — ад 4 да 58 дзён. Першымі сімптомамі хваробы з’яўляюцца:

· тоўстыя налёты, якія пакрываюць горла і міндаліны;

· боль у горле і ахрыпласць голасу;

· павелічэнне лімфатычных вузлоў шыі і ацёк вакол іх (т.зв. бычыная шыя);

· цяжкае дыханне ці частае дыханне;

· гарачка і дрыжыкі з агульным недамаганнем.

У некаторых людзей дыфтэрыя выклікае толькі лёгкае захворванне з мінімальнымі сімптомамі ці прахо­дзіць зусім без сімптомаў. Такія заражаныя людзі, якія не ведаюць пра сваю хваробу, з’яўляюцца найбольш небяспечнымі распаўсюджвальнікамі дыфтэрыі, бо вядуць актыўны лад жыцця, кантактуюць з многімі людзьмі, распаўсюджваючы інфекцыю.

Пры адсутнасці якаснага лячэння дыфтэрыя можа прывесці:

· да праблем з дыханнем аж да смерці ад асфіксіі;

· да рознай ступені пашкоджванняў сэрца, якія ма­юць праяўленні ад нязначных змяненняў на ЭКГ да цяжкіх пашкоджванняў сэрца, застойнай сардэчнай недастатковасці і раптоўнай смерці;

· да пашкоджвання нервовай сістэмы, у тым ліку нер­ваў горла, у выніку чаго ўзнікаюць парушэнні глытання. Пры пашкоджванні нерваў канечнасці можа ўзнікнуць мышачная слабасць, пры пашкоджванні нерваў, якія адказваюць за дыханне, — параліч дыхальнай мышцы (дыя­фрагмы) і спыненне дыхання.

Правільнае лячэнне дазваляе большасці пацыентаў пазбавіцца ад захворвання без ускладненняў, але аднаўленне ад хваробы займае працяглы перыяд.

У мінулым, калі антыбіётыкі і вакцыны былі недаступныя, дыфтэрыя была распаўсюджаным захворваннем, асабліва сярод дзяцей ранняга ўзросту. Сёння гэтую хваробу можна не толькі эфектыўна лячыць, але і прадухіляць спецыяльнай вакцынай. У Рэспубліцы Беларусь вакцынацыя супраць дыфтэрыі праводзіцца ў дзіцячым узросце ў складзе камбінаваных вакцын у 2, 3, 4 месяцы, у 1, 5, 6 і 16 гадоў, у 11 гадоў — супрацьдыфтэрыйным анатаксінам, даросламу насельніцтву — з 26 да 66 гадоў кожныя дзесяць гадоў на бясплатнай аснове.

У выніку вакцынацыі на працягу перыяду 1980—2000 гг. агульная колькасць зарэгістраваных выпадкаў дыфтэрыі ў свеце была зніжана больш чым на 90%. Аднак захворванні па-ранейшаму з’яўляюцца сур’ёзнай праблемай дзіцячай смяротнасці ў краінах з недастатковым ахопам праграмамі імунізацыі, якая дасягае 5—10%. Распаўсюджванне дыфтэрыі можа аднаўляцца на тэрыторыях, дзе папуляцыйны імунітэт, сфарміраваны дзякуючы вакцыне, не падтрымліваецца на высокім узроўні, прыкладам чаго стала сітуацыя ва Украіне, дзе апошнія гады рэгіструюцца выпадкі захворвання (у 2019 годзе — 20 выпадкаў). У Рэспубліцы Беларусь, дзякуючы падтрыманню высокага ўзроўню папуляцыйнага імунітэту, выпадкі дыфтэрыі і слупняку не рэгіструюцца з 2011 года.

Аксана БАЯРКІНА,
урач-эпідэміёлаг супрацьэпідэмічнага аддзялення санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.