З камандзіроўкамі і самастойна я аб’ехаў амаль усю Еўропу і з кожнай краіны прывозіў рэцэпт традыцыйнай стравы. Сёння падзялюся з вамі рэцэптам, прывезеным са Швецыі. Рыба — асноўны прадукт нацыянальнай шведскай кухні. Святочнае застолле ў гэтай краіне традыцыйна пачынаецца з падачы некалькіх відаў рыбных закусак.
Чаму мяне зацікавіла гэтая закуска, можна зразумець, паглядзеўшы на фота. Думаю, вы адразу пагодзіцеся са мной, што такі торт будзе не толькі ўпрыгажэннем стала, але і цэнтральнай стравай на ім. Госці будуць прасіць яшчэ кавалачак, а вы — прымаць кампліменты. І ніхто, акрамя нас з вамі, не здагадаецца, што гатаваць яго прасцей простага.
Такім чынам, прапаную згатаваць рыбны закусачны торт. Для начынкі буду выкарыстоўваць тунцовы крэм і кавалачкі слабасалёнай сёмгі. Дарэчы, сёмгу можна ўзяць і вэнджаную, будзе смачней. Сырная начынка будзе складацца са сметанковага сыру ў двух варыянтах: з перцам чылі і з зелянінай кропу. Калі ў вас няма магчымасці набыць гатовы сыр з дабаўкамі, зрабіце яго самі: у адну частку сметанковага класічнага сыру дабаўце дробна нарэзаны свежы кроп, у другую — молаты перац чылі і крыху чырвонай папрыкі.
У Швецыі ў продажы ёсць спецыяльны хлеб для бутэрброднага торта ў выглядзе доўгіх пласцін. Я ж прыстасаваў для гэтага звычайны тоставы хлеб. Колькасць інгрэдыентаў у маім рэцэпце разлічана дзесьці на 12 дарослых порцый, але вы смела можаце зменшыць яе ўдвая. Адразу хачу даць падказку: калі вам не падыходзяць некаторыя прадукты ці вы любіце эксперыментаваць, інгрэдыенты можна замяняць. А калі кошт тунца “кусаецца”, можаце купіць дзве бляшанкі кількі ў тамаце, здрабніць блэндарам і дабавіць у атрыманую масу некалькі лыжак маянэзу. Так вы атрымаеце рыбны крэм з вельмі прыемным смакам.
Нам спатрэбіцца:
· тоставы хлеб — 32 кавалкі;
· сёмга слабасалёная — 400 г;
· маянэз — 10 ст.л.;
· тунец ва ўласным соку — 300 г;
· агурок — 3 шт.;
· сыр сметанковы — 400 г (+ кроп, перац чылі молаты, папрыка молатая);
або:
· сметанковы сыр з кропам — 200 г;
· сметанковы сыр з перцам чылі і папрыкай — 200 г.
Для ўпрыгожвання торта:
· крэм-чыз — 50 г;
· пучок кропу;
· памідоры чэры, пажадана рознага колеру — 8—15 шт.;
· ікра ласасёвых рыб — 130 г;
· крэветкі — 100 г;
· аліўкі — 12 шт.
· зялёная салата — 3—4 вялікія лісты;
· слайсы радысак, каб зрабіць бутоны кветак, — 3—4 шт.;
· лімон — 2—4 паўкольцы.
Выкладваем хлеб (папярэдне абрэзаўшы скарынку) у форме квадрата або прамавугольніка, як вам больш падабаецца. Змазваем маянэзам. Можна замяніць маянэз смятанай або несалодкім ёгуртам.
Цяпер робім праслойку з тунцовага крэму. З кансерваванага тунца зліваем вадкасць, дабаўляем 1 ст.л. маянэзу і чорны молаты перац. Добра вымешваем крэм відэльцам (можна блэндарам). Акуратна выкладваем крэм на хлеб і раўнамерна размяркоўваем па паверхні. Наступны слой — хлеб. Потым слой сметанковага сыру з перцам. Зверху на сыр кладзём лустачкі свежага агурка, змазваем маянэзам. І зноў пласт сыру, але ўжо з кропам. Слабасалёную сёмгу наразаем на невялікія палоскі, частку якіх можна пакінуць для ўпрыгожвання торта, але мне больш падабаецца, калі на торце выкладзены крэветкі.
А зараз пачнём упрыгожваць. Для гэтага можна выкарыстоўваць агародніну, морапрадукты, садавіну. Я буду выкарыстоўваць памідоры чэры (двух колераў), аліўкі, радыску, зялёную салату, чырвоную ікру, крыху крэветак і крэм-чыз (з яго раблю стужку насадкай “пялёстак”).
Гатовы закусачны торт адпраўляем на пару гадзін у халадзільнік настаяцца, а затым падаём на стол.
Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.