Гейхера

Пра існаванне такой дэкаратыўналісцевай расліны, як гейхера, я даведалася каля дзесяці гадоў назад. У адным з кветкавых каталогаў убачыла гэтую прыгажосць з цёмна-бардовым лісцем і ажурнымі мяцёлкамі кветканосаў. Калі пачала цікавіцца садовымі раслінамі больш актыўна, шукала яе на рынках. На жаль, яна не так распаўсюджана, як, напрыклад, хоста, таму і прадаецца нячаста, ды і кошт даволі высокі. Але аднойчы мне пашанцавала. У адной знаёмай у кветніку побач з шыкоўнай хостай рос нейкі заморак бардовага колеру. Разгледзеўшы яго бліжэй, я зразумела, што гэта і ёсць гейхера. Так яна з’явілася і ў мяне.

Аднойчы пачула ад жанчыны-кветкавода: “У мяне ўсе кветкі любімыя”. І, сапраўды, гэта кветкавод ад бога. Але вось у мяне ёсць расліны, якія я люблю больш за іншых. І гейхера нечым мяне зачапіла. Можа, справа ў тым, што ў мяне яна расце на беднаватай глебе, на сонечным месцы і пры гэтым добра выглядае. Тую ж хосту ніяк не ўберажэш у спякотным ліпені ад падсыхання кончыкаў лісця. А гейхера такая ж прыгожая, як і ў дождж. Увогуле зараз можна знайсці гейхеры ўсіх колераў вясёлкі, хіба што няма толькі сіняй.
Селекцыянеры вывелі тэракотавыя, аранжавыя, цёмна- і светла-зялёныя гейхеры. Гэтая расліна настолькі самадастатковая, што з яе можна нават стварыць монасад.
Расліна аддае перавагу добра дрэніраваным, паветрапранікальным, умерана ўгноеным глебам. Калі глеба гліністая, цяжкая, для яе паляпшэння трэба дабаўляць пясок. Пры ўнясенні ў глебу вапны колер лісця становіцца больш выразным.
У мяне гейхера расце на сонечным месцы. І ўсё ж спецыялісты раяць выбіраць месца ў паўцені. Лепш за ўсё, калі ўчастак будзе асвятляцца ў ранішнія гадзіны. Поўны цень пераносяць толькі некалькі гатункаў, астатнія могуць згубіць карункі на лісцевых пласцінках. Увогуле, калі вы пасадзілі гейхеру і яна па нейкіх прычынах выглядае прыгнечанай, проста перасадзіце яе на іншае месца. Увесну, для таго каб расліна хутчэй прачнулася, пасля адтайвання глебы паліце яе цёплай вадой.
Падкормкі для гейхеры павінны быць рэдкія, таму што ў прыродных умовах, а гэта атлантычнае ўзбярэжжа ЗША і Мексікі, яна расце ў асноўным на бедных глебах. Можна два-тры разы падкарміць попелам.
Гейхера з бардовым лісцем добра зімуе без укрыцця. А вось гібрыды са светлым лісцем і маладыя саджанцы лепш укрыць сцёбламі шматгадовых кветак, якія адцвілі. У адрозненне ад хосты, якая гіне ад першых замаразкаў, гейхера яшчэ доўга застаецца прыгожай.
Гейхеру можна размножыць некалькімі спосабамі. На трэцім–чацвёртым годзе жыцця, калі агаляецца аснова хмызняку, яе можна падзяліць. Рабіць гэта лепш вясной, у канцы красавіка–маі, калі глеба дастаткова прагрэлася. Можна і ўвосень, да сярэдзіны кастрычніка. Я аднойчы пры дзяленні адарвала некалькі лісцяў і пасадзіла іх у цяністае месца, добра паліўшы. Яны таксама прыжыліся.
Можна размножыць гейхеру і насеннем. Калі рабіць гэта вясной, то яе вырошчваюць як звычайную рассаду. Насенне прарастае каля трох тыдняў, падросшыя парасткі пікіруюць і высаджваюць у больш прасторныя ёмістасці, а потым у адкрыты грунт. Сваёй дэкаратыўнасці яны дасягнуць на трэці год. Можна пасадзіць і пад зіму ў прамерзлую глебу. У такім выпадку трэба адзначыць месца пасадкі, каб не пашкодзіць увесну.
Родзічы гейхеры — гейхерэлы і ціяркі. Калі ў гейхеры лісце толькі сваімі абрысамі падобнае да лісця клёна, то ў ціяркі гэтае падабенства выражана больш ярка. Для ціярак характэрна наяўнасць бардовага, цёмна-чырвонага альбо амаль чорнага малюнка на жылках зялёнага ліста. Многія гатункі не страчваюць сваю прывабнасць нават зімой і іх нетрывіяльнае лісце эфектна выглядае на фоне снегу. Гейхерэла падобная да гейхеры, але больш мініяцюрная.
У маім кветніку гейхера расце побач з хостай. Калі дазваляюць памеры кветніка, можна зрабіць рабатку (доўгую паласу, якая абрамляе кветнік альбо дарожку) з адных гейхер альбо ўпярэмешку з хостамі. Гейхера падыходзіць у якасці суседкі і асцільбе. Высакарослыя гатункі добра глядзяцца з геранямі, дэкаратыўнымі злакамі, асакой. Бардовалісцевую гейхеру можна пасадзіць на першым плане побач з лілейнікамі аранжавага і жоўтага колеру, нават з ружай пастэльных адценняў.
Ціяркі можна выкарыстаць у якасці глебапокрыўнай культуры. Асабліва прыгожа яны выглядаюць у час цвіцення, утвараючы пышныя дываны пад дрэвамі. У суседзі ім падыходзяць невысокія папаратнікі, хосты, восеньская шматгадовая астра. Вельмі неардынарнае спалучэнне гейхеры з бардовым лісцем з серабрыстай цынерарыяй.

Ала ШАЎЦОВА.