Памятаеце хрэстаматыйны выраз класіка: паэтаў павінна быць шмат і розных? Як, зрэшты, і вершаў. Рыфмаваных азбук — таксама. І яны ёсць. І раней выходзілі (напрыклад, у Васіля Віткі, Артура Вольскага, Авяр’яна Дзеружынскага, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Мацвеенкі, Міколы Чарняўскага, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Уладзіміра Мазго і шэрага іншых паэтаў), а ў апошні час іх — нібы грыбоў у спрыяльную восень (прозвішчы нават пералічваць не буду). Як правіла, у вершаваных азбучных радках на пэўную літару апошняя паліграфічна выдзяляецца адрозным ад астатніх сваіх суседзяў колерам (часцей — тлустым чорным). Ды і самі літарныя вершы азбук сюжэтна ніяк не звязаны паміж сабой — хіба што тэматычна.
Кніга Святланы Богуш “Гарлачык для гусі”, якая пабачыла свет у “Выдавецкім доме “Звязда”, прыкметна вылучаецца сярод азбучных выданняў, бо аб’ядноўвае і адукацыйна-пазнавальную, і выхаваўчую функцыю. Больш за тое, гэта не проста азбука, а вершавана-маляваны Бусеў слоўнічак, як вольна пазначыла жанравую прыналежнасць кнігі сама аўтар. Хто не ведае нічога пра Бусю, патлумачу: гэта буслік. А яшчэ — аднайменны беларускамоўны часопіс для дашкольнікаў, у якім на працягу не аднаго года з нумара ў нумар Святлана Богуш прапаноўвала чытачам па вершы на кожную літару. Сабраныя пад адной вокладкай, яны стварылі такім чынам асобную кнігу — думаю, на радасць тым юным беларусам, хто любіць родную мову і хоча крыху папоўніць свой слоўнікавы запас.
Менавіта Буся, які з’яўляецца галоўным героем кнігі, і правядзе чытачоў па ўсіх літарах алфавіта, знітаваўшы іх праз сваю крылатую асобу такім чынам, што, пазнаёміўшыся з адной літарай, з нецярпеннем перагортваеш старонку ў чаканні, а што ж будзе далей. Вось чаму гэтае падарожжа з Бусем успрымаецца як захапляючая казка, дзе ёсць і завязка-запрашэнне: “Буслік Буся меў шмат спраў: // Ён свой слоўнічак ствараў. // Падбіраў рупліва словы // І нарэшце ўжо гатовы // З вамі ведамі дзяліцца” і, вядома ж, развязка: “Бусеў слоўнічак — палітра // Размаітых слоў і літар. // Іх чытай, запамінай, // Разам з Бусем вывучай”. Гэта не проста набор слоў, дзе ёсць пэўная літара, чым грашаць многія складальнікі падобных азбук, а і вобразныя малюнкі. Напрыклад, спынімся на літары м:
Махавік схаваўся ў мох,
Каб ніхто знайсці не змог.
Мітуслівыя мурашкі
Грыб масляк панеслі цяжкі.
Вось маленькі матылёк
Сеў на мулкі матузок.
А мядзведзь праходзіў міма,
Ля млына знайшоў маліны.
З Бусем чытачы не толькі спасцігнуць шмат слоў, асобныя з якіх, магчыма, дагэтуль не сустракаліся ім (а мусіць, на вялікі жаль, і іх бацькам). Часам аўтар проста называе словы праз коску (“Пачынаецца ўсё з а: // Алфавіт, асёл, аса, // Альт, арол, агрэст, альтанка, // Акуляры, арфа, арка”), а іншым разам, як бы шкадуючы сваіх чытачоў, каб яны не шукалі іх у слоўніку, дае тлумачэнні-падказкі. Вось толькі некалькі прыкладаў: “Ёсць на н такія словы: // Неўзабаве і нанова. // Неўзабаве — хутка значыць, // а нанова — перайначыць // І пачаць усё спачатку”; “Поўны месяц — гэта поўня”; “…на б багоўка — //наша божая кароўка”. А колькі слоў-назоўнікаў на тую ж літару п можна прыгадаць, апісваючы звычайную хату: “…ёсць падстрэшак і паддашак, // Пяць прыступак да парога, // Печ, паліцы і падлога. // Там — падмурак і парэнчы…”
Рыфмуе аўтар і некаторыя правілы беларускай мовы. Напрыклад: “…складовае у звычна // Пішам пасля гукаў зычных, // Нескладовае ж заўжды // За складовымі бяжыць!”. І тут жа прыводзіць яскравы прыклад, калі адны і тыя ж словы, у залежнасці ад займаемага месца ў сказе, пачынаюцца па-рознаму: “Ёсць… // Узыход, узвар, усмешка. // Але месцы перайначыш — // На ўзыходзе ўсмешку ўбачыш!” або: “Буся дзівіцца з таго, // Што так мала слоў на о. // Іх зусім няшмат, бо о // Пачынаць не любіць слоў, // А часцей за ўсё сабе // На падмогу кліча в”.
Запомняць чытачы і тое, што ы і мяккі знак ніколі не бываюць у пачатку слова (“Не шукай, усё дарма: // Слоў на ы зусім няма, // Бо заўжды мы пішам ы // Ці ў канцы слоў, ці ўнутры”; “Мяккі знак усё змякчае, // Слоў і ён не пачынае”).
Асобныя радкі Бусевага слоўнічка ўспрымаюцца як скорагаворкі: “Жораў жменю журавін // Жвава ў дзюбку сваю ўкінуў”, “Зязюля на золку // Заварвала зёлкі” або “Грак–гарэза гусь убачыў, // Для яе сарваў гарлачык”. У апошняй цытаце — навідавоку яшчэ і правіла этыкету для хлопчыкаў: маўляў, запамінайце, рыцары, як трэба шанаваць дам!
Між іншым Буся Святланы Богуш не толькі расказвае пра ўсё і ўсіх, з чым і з кім сустракаецца; ён імкнецца падключыць да размовы і саміх чытачоў, нават дае ім заданні: “З в вяргіня і валошка. // Слоў дабавіш яшчэ трошку?”; “Запомніш словы ўсе на і? // Тады хутчэй іх назаві!”; “Небасхіл і небакрай, // Словы з Бусем паўтарай”: “А што ёсць яшчэ на ш?”; “Ты таксама падбяры // Словы, у якіх ёсць ы”: “У гульні прымай удзел: // Дзе схавалася тут л?”
Слоўныя малюнкі паэтэсы Святланы Богуш цудоўна дапаўняюць ілюстрацыі вядомага ў Беларусі і за яе межамі кніжнага графіка Віталя Дударэнкі. Яны не статычныя, як гэта нярэдка здараецца з афармленнем падобнага кшталту кніг, а падмацаваныя мастакоўскай фантазіяй, даволі арганічна стасуюцца з тэкстам, у нечым нават развіваюць думку паэтэсы.
Анатоль ЗЭКАЎ.