Універсальная МУЛЬТЫгаспадыня

Сучасная гаспадыня, нават тая, якая вельмі любіць гатаваць, не заўсёды можа знайсці час на працяглую вахту ля пліты. У дапамогу ёй ствараюцца шматлікія кухонныя “гаджэты”. Цяпер рынак бытавой тэхнікі ўсё больш напаўняецца ўніверсальнымі кухоннымі прыборамі, якія могуць выконваць мноства функцый. Першае месца сярод разумных кухонных “гаджэтаў” па праву займае мультыварка — незаменная памочніца ў гатаванні.

Калі коратка, то мультыварка — гэта ёмістасць з антыпрыгарным пакрыццём (керамічным або тэфлонавым), якая выконвае функцыю тэмпературнай апрацоўкі гародніны, мяса, рыбы, прыгатавання выпечкі і г.д. Увесь працэс у мультыварцы адбываецца за кошт награвальных элементаў, якія раўнамерна награваюць герметычную ёмістасць. Пры гэтым час гатавання істотна скарачаецца пры захаванні карысных уласцівасцей і якасцей прадуктаў.
Стандартная мультыварка абсталявана мікрапрацэсарам, які забяспечвае кантроль неабходнага ціску і тэмпературы. Многія лічаць, што мультыварка практычна нічым не адрозніваецца ад параваркі. Так, мультыварка гэтак жа, як і параварка, праводзіць паравую апрацоўку ежы, але ў параварцы пара выходзіць праз адтуліны, а мультыварка не дае вільгаці выпарацца і не мяняе смакавыя якасці страў. Так што адрозненне відавочнае.

Сяброўка па кухні

Значыць, вы вырашылі купіць мультыварку. Выдатнае рашэнне! Яно дазволіць вам больш часу праводзіць з дзецьмі, больш чытаць і адпачываць ад працэсу гатавання. Чаму? Таму што гатаваць за вас будзе ваша новая сяброўка па кухні. Яна справіцца. Праверана на ўласным вопыце.
Пакуль вы яшчэ не купілі мультыварку, а толькі выбіраеце патрэбную мадэль і ідэальныя суадносіны “цана-якасць”, улічыце некалькі важных момантаў.
Першае. Аб’ём чашы мультываркі вар’іруецца ад двух з паловай да шасці літраў. У тэорыі сямейнай пары дастаткова будзе мультываркі з аб’ёмам чашы 2,5—3 літры, а вялікай сям’і падыдуць мадэлі з максімальным аб’ёмам чашы — 5—6 літраў. Універсальным лічыцца сярэдні аб’ём ёмістасці чашы — 3—4,5 літра. Аднак як досыць прасунуты “юзер” рэкамендую браць мультыварку з чашай большага аб’ёму — будуць улічаны і нечаканыя госці, і прыступы нечаканага голаду.
Другое. Мультываркі істотна адрозніваюцца адна ад адной па аб’ёме функцый. Як правіла, яны абсталяваны некалькімі стандартнымі праграмамі гатавання ежы, але ёсць і мадэлі з пашыранымі магчымасцямі і вялікай колькасцю спецыяльных праграм (у маёй мультыварцы 42 праграмы). Асабіста для мяне самымі зручнымі функцыямі з’яўляюцца адтэрміноўка старту і аўтаматычны рэжым падагрэву прыгатаванай ежы. Дзякуючы таймеру адтэрміноўкі старту я гатую цудоўны сняданак… яшчэ ўвечары. Мая сям’я раніцай есць кашу, таму мультыварка абуджае нас на досвітку апетытным і салодкім пахам дзяцінства. Прычым мультыварка зварыць кашу, апавясціць пра гэта і будзе захоўваць кашу цёплай у аўтаматычным рэжыме. Не трэба спяшацца, можна зварыць свежую каву і паснедаць у зручны час.
Трэцяе. Важна ўлічыць смакавыя прыхільнасці людзей, для якіх мультыварка будзе гатаваць.
Рэжым “Суп” падыдзе кожнай сям’і, у гэтым рэжыме можна гатаваць не толькі булёны і супы, але і ўзвары, напоі.
Рэжым “Пара” прызначаецца выключна для гатавання на пары: можна гатаваць рыбу, катлеты, паравое мяса, манты і дыетычныя стравы.
Рэжым “Смажанне” можа актыўна выкарыстоўвацца для гатавання адбіўных, стэйкаў і біфштэксаў. Від прадукту (напрыклад, мяса, рыба, гародніна) можна выбраць дадаткова.
Рэжым “Варка” — універсальная праграма, з дапамогай якой гатуюцца гарніры, кашы, морапрадукты і мясныя стравы, плоў і малочныя кашы.
Рэжым “Паста” падыдзе аматарам макароны, пасты, пельменяў, хінкалі, варэнікаў і г.д.
У рэжыме “Выпечка” можна прыгатаваць не толькі пірагі, бісквіты, кексы, але і суфле, фантастычна смачнае запечанае мяса, рыбу і гародніну. Галоўнае, што трэба ўлічыць, — на пірагах не будзе апетытнай карычневай скарыначкі, але на смак гэта ніяк не паўплывае. Смак у пірагоў і кексаў з мультываркі проста чароўны.
Рэжым “Тушэнне” прызначаны для гатавання дыетычных страў, а таксама квашаніны або заліўнога.
У маёй мультыварцы ёсць яшчэ асаблівы рэжым “Мультыкухар” (можа яшчэ называцца “Мультышэф”), які пакідае мне як гаспадыні “месца для манеўру”: можна самастойна выставіць тэмпературу ад 35 да 165 градусаў. Гатуючы ў гэтым рэжыме, я сама выбіраю тэмпературу гатавання. Паверце, гэта вельмі зручна. А як яшчэ прыгатуеш сапраўдны жывы ёгурт, калі патрэбна тэмпература 35 градусаў на 5—6 гадзін?

Хлебапечка, ёгуртніца, фрыцюрніца і г.д.

Вельмі важны пры выбары мультываркі параметр магутнасці. Ад яго залежыць хуткасць прыгатавання ежы. Магутнасць мультыварак вагаецца ад 500 Вт да 1400 Вт. Чым большая магутнасць агрэгата, тым менш часу патрабуецца для гатавання ежы. Зразумела, што больш магутная мультыварка будзе больш каштаваць.
Чаша як элемент мультываркі, які сама актыўна выкарыстоўваецца, павінна быць якаснай і зручнай. Добра зарэкамендавалі сябе керамічныя чашы: яны выкананы са сплаву, які валодае добрай зносаўстойлівасцю. (За два гады вельмі актыўнага карыстання керамічная чаша маёй мультываркі выглядае як новая.) Вытворцы, вядома ж, парэкамендуюць вам купіць дадатковую чашу: маўляў, яе можна выкарыстоўваць тады, калі вы лянуецеся памыць папярэднюю. Асабіста я не адчувала нязручнасці ў тым, каб пасля кожнага прыгатавання ежы вымыць чашу мультываркі. Выбіраць вам. Тым больш што чашы мультыварак рэкамендуецца мыць пасля кожнага выкарыстання, а не захоўваць у іх гатовыя стравы ў халадзільніку.
Выбіраючы мультыварку, не палянуйцеся дасканала вывучыць канструкцыю гэтага агрэгата. Вельмі важным момантам з’яўляецца наяўнасць здымнай і разборнай накрыўкі, такую мультыварку прасцей мыць і чысціць. Не ўяўляю, як мучаюцца гаспадыні, калі ім даводзіцца мыць заляпаную ежай накрыўку мультываркі, якую немагчыма зняць і вымыць пад струменем вады. Клапан пары таксама павінен быць здымным і разборным.
Провад мультываркі павінен быць досыць доўгім, каб было зручна ўключаць прыбор у сетку. І яшчэ. Гэты провад асабіста ў мяне так і хацеў упасці на ўключаную газавую пліту. Будзьце ўважлівыя.
Звярніце ўвагу на падрабязнасць інфармацыі, якая выводзіцца на дысплэй: чым больш просты і інфарматыўны дысплэй, тым лягчэй кіраваць мультываркай. Вам жа не ў космас на ёй ляцець.
Цяпер многія вытворцы бытавой тэхнікі выпускаюць мультываркі. Самымі папулярнымі на айчынным рынку з іх з’яўляюцца Panasonic (менавіта гэтая кампанія вынайшла мультыварку), Philips, Polaris, Brand, Redmond і інш.
Сучасная мультыварка зможа прыгатаваць усё, што вам захочацца пакаштаваць, уключаючы смажаныя, вараныя, паравыя стравы, а таксама супы, ёгурты, варэнне, кампоты і г.д. Гэта прылада, з якой вы ніколі не прападзяце, нават калі акрамя мультываркі ў вас на кухні нічога няма. Не трэба купляць хлебапечку — мультыварка прыгатуе найсмачнейшы хлеб. Навошта траціцца на фрыцюрніцу — бульбу фры можна гатаваць і ў мультыварцы.
Калі ў сям’і ёсць маленькія дзеці, то акрамя найсмачнейшай малочнай кашы для сваіх любімых малышоў можна прыгатаваць у мультыварцы агароднінныя і фруктовыя пюрэ, карысныя тушаныя стравы без алею, булёны, супы і натуральныя ёгурты без шкодных кансервантаў і фарбавальнікаў. Можна і прастэрылізаваць дзіцячы посуд — вельмі карысная ўласцівасць.
У канцы хачу працытаваць вядомую расійскую пісьменніцу Дар’ю Данцову, якая таксама любіць гатаваць у мультыварцы. “У мультыварцы ніколі не бывае нясмачна”, — прыблізна так гаворыць яна. Паспрабуйце, вам дакладна спадабаецца.

Наталля ДЗМІТРЫЕВА.