Вострыя кішэчныя інфекцыі

Лета — спрыяльны час не толькі для адпачынку, але і, на жаль, для размнажэння ўзбуджальнікаў розных хвароб, у першую чаргу вострых кішэчных інфекцый.

Па даных САЗ, штодзённа ў свеце рэгіструецца 275 мільёнаў дыярэйных захворванняў у дзяцей і дарослых. Хварэюць людзі практычна ва ўсіх краінах свету незалежна ад сацыяльнага становішча, нацыянальнасці, расы, полу і ўзросту. Захворванні рэгіструюцца паўсюдна на працягу года, часцей у вясенне-летні перыяд.
Вострыя кішэчныя інфекцыі — гэта група заразных хвароб, якія пашкоджваюць кішэчны тракт. Самае “бяскрыўднае” — так званае харчовае атручэнне, а самыя небяспечныя — халера, брушны тыф, батулізм, сальманелёз, бруцэлёз, іерсініёз.
Крыніцай кішэчных інфекцый з’яўляюцца хворыя людзі, бактэрыяносьбіты, грызуны, гельмінты, неапрацаваная агародніна і садавіна, прадукты, якія хутка псуюцца ці няправільна захоўваюцца. Узбуджальнікамі кішэчных інфекцый могуць быць: бактэрыі (халера, дызентэрыя, брушны тыф), таксіны (батулізм), а таксама вірусы (энтэравірус, ротавірус) і г.д. Хворыя і носьбіты інфекцый выдзяляюць мікробы ў навакольнае асяроддзе з рвотнымі масамі, мачой, экскрэментамі. Яны ўстойлівыя ў навакольным асяроддзі, жывуць, не баяцца холаду, аднак, аддаюць перавагу цяплу і вільгаці. Могуць доўга захоўвацца на руках, посудзе, цацках, прадметах ужытку, у глебе, вадзе. Многія з іх могуць размнажацца ў прадуктах харчавання пры хатняй тэмпературы і нават пры нізкай тэмпературы.
Пры кіпячэнні і апрацоўцы дэзынфіцыруючымі сродкамі мікробы гінуць.
Небяспечная доза для дзяцей нашмат меншая, чым для дарослых, таму і цячэнне хваробы больш цяжкае: хутчэй надыходзіць абязводжванне, таксіны пашкоджваюць галаўны мозг і іншыя жыццёва важныя органы дзіцяці.
Дызентэрыя можа пачацца пасля ўжывання сырадою (некіпячонага малака), тварагу, смятаны, прыгатаваных у хатніх умовах. Кішэчную палачку знаходзяць у няякасным кефіры, ёгурце. Стафілакок любіць торты з крэмам, глазураваныя сыркі. А сальманэла (іх каля 400 відаў) трапляе праз яйкі, курынае мяса, сасіскі, дрэнна памытыя ці памытыя бруднай вадой агародніну і зеляніну. Даказана, што максімальная колькасць мікробаў жыве на грашовых купюрах, на ручках прадуктовых калясак у гіпермаркетах, дзе сядзяць маленькія дзеці падчас “шопінгу”.
Дыярэя віруснай прыроды (энтэравірус, ротавірус) пачынаецца востра, хутка распаўсюджваецца. Пасля клінічнага выздараўлення чалавек можа быць бессімптомным носьбітам і працягваць выдзяляць вірусы ў навакольнае асяроддзе. Таму адначасова могуць хварэць усе члены сям’і і арганізаваныя дзіцячыя калектывы (класы, дзіцячыя сады, летнікі).
З моманту трапляння мікробаў у арганізм праходзіць ад 6 да 48 гадзін. Прыкметы вострай кішэчнай інфекцыі: млоснасць, ваніты, дрыжыкі, гарачка, схваткападобныя болі ў жываце, рэдкі стул, паніжаны апетыт, смага. Дыягназ паставіць доктар, якога неабходна неадкладна выклікаць да хворага.
Калі заражэнне ўсё-такі адбылося, і ў доме з’явіўся хворы з расстройствам кішэчніка, неабходна прытрымлівацца наступных правіл:
* хворага ізаляваць у асобнае памяшканне і выклікаць урача;
* выдзеліць хвораму асобны посуд; пасля догляду хворага, старанна мыць рукі з мылам;
* абеззаражваць посуд і іншыя прадметы кіпячэннем;
* даглядаць хворага павінен адзін чалавек;
* хворага неабходна шчодра паіць кіпячонай вадой, глюкоза-солевым растворам і рысавым адварам;
* нельга займацца самалячэннем; забаронена рабіць клізму, прымаць аспірын, леваміцэцін, тэтрацыклін;
* абмежаваць наведванне хворага.
Асноўныя правілы папярэджання кішэчных інфекцый:
* захоўваць правілы асабістай гігіены, старанна мыць рукі перад ядой і яе прыгатаваннем; вучыць дзяцей правілам асабістай гігіены;
* трымаць у чысціні кухню, жыллё і прылеглыя тэрыторыі, абеззаражваць нечыстоты;
* выкарыстоўваць толькі свежыя прадукты, не купляць іх у запас; захоўваць правілы кулінарнай апрацоўкі; сырыя і гатовыя прадукты захоўваць асобна;
* агародніну і садавіну мыць, абліваць кіпнем, экзатычныя фрукты і агародніну з краін Азіі, Афрыкі можна ўжываць толькі пасля тэрмічнай апрацоўкі;
* ваду з адкрытых вадаёмаў перад ужываннем абавязкова кіпяціць. Старацца, каб пры купанні вада не трапляла ў рот. Карыстацца вадой у бутэльках;
* набываць прадукты ў магазінах ці спецыяльна абсталяваных рынках;
* не ўжываць у ежу незнаёмыя грыбы;
* малако і тварог, купленыя ў прыватніка, абавязкова апрацоўваць тэрмічна, бо ў іх могуць быць бацылы туберкулёзу, бруцэлёзу ці вірусы клешчавага энцэфаліту;
* змагайцеся з мухамі: сядаючы на прадукты, яны заражаюць іх мікробамі; хавайце прадукты ад насякомых, грызуноў і свойскіх жывёл;
* яйкі перад ужываннем трэба мыць шчоткай. Варыць не менш як 30 хвілін (сальманэла можа быць у жаўтку).
Гэтыя нескладаныя правілы дазволяць пазбегнуць захворванняў і распаўсюджання іх сярод іншых людзей. Вы засцеражаце сябе ад кішэчных інфекцый, захаваеце і ўмацуеце сваё здароўе.

Юлія ЖЫБУЛЬ,
загадчык 1-га педыятрычнага аддзялення
15-й гарадской паліклінікі Мінска.