Педагог мае патрэбу ў этычнай абароне

Галоўнай прадпасылкай паспяховага выканання педагогам яго прафесійных функцый з’яўляецца асабістая педагагічная культура — інтэграцыя, сінтэз прыродных і набытых асобасных уласцівасцей, якія забяспечваюць высокі ўзровень дзейнасці педагога. Важная аснова прафесійнай культуры педагога — педагагічная этыка, што вызначае маральныя пазіцыі, якімі неабходна кіравацца педагогу ў працэсе зносін з навучэнцамі, іх бацькамі, калегамі.

Аўтарытэт педагога, яго маральны статус у калектыве навучэнцаў і калег — гэта своеасаблівая форма дысцыпліны, пры дапамозе якой ён рэгулюе паводзіны выхаванцаў, уплывае на іх перакананні. Яго ўзровень вызначаецца глыбінёй ведаў, эрудыцыяй, майстэрствам, адносінамі да работы і г.д. У складзе асноўных элементаў педагагічнага такту выкладчыка можна назваць паважлівыя адносіны да асобы, высокую патрабавальнасць, уменне зацікаўлена слухаць суразмоўцу і суперажываць яму, ураўнаважанасць і самавалоданне, дзелавы тон у адносінах, прынцыповасць без упартасці, уважлівасць і чуласць у адносінах да людзей і г.д.
У прафесійным абавязку педагога запраграмавана асаблівая патрабаванасць да сябе, імкненне да папаўнення прафесійных ведаў і павышэння педагагічнага майстэрства, неабходнасць паважлівых і патрабавальных адносін да навучэнцаў і іх бацькоў, уменне вырашаць складаныя сітуацыі і канфлікты, якія ўзнікаюць у працэсе навучання. Але часам узнікаюць сітуацыі, у якіх і сам педагог мае патрэбу ў этычнай абароне.
Этычная абарона — адна з разнавіднасцей аховы асобы ад замаху на яе годнасць. Яна выконвае тры асноўныя функцыі: па-першае, ахоўвае асобу педагога ад зняваг; па-другое, прапаноўвае суразмоўцы (дзіцяці, бацькам, калегам) іншыя паводзіны ў сітуацыі, якая склалася; па-трэцяе, дае суразмоўцу шанс, узвышаючы ў цяжкі для яго момант, дае магчымасць умацаваць узаемаадносіны.
Дзеці дрэнна ўсведамляюць маральна-псіхалагічную шкоду, якую яны наносяць, таму педагог можа абараніцца скрытым спосабам. Прызначэнне педагагічнай этычнай аховы ў выніку зводзіцца да здольнасці дзіцяці асэнсоўваць зробленае ці тое, што робіцца, у адносінах да іншага чалавека.
Спосабы этычнай абароны дапамогуць не толькі абараніць годнасць педагога, але і захаваць годнасць дзіцяці. А гэта заўсёды вядзе да паляпшэння ўзаемаадносін, павышае планку ўзроўню зносін.

Мяккія спосабы абароны
1. Просьба паўтарыць словы, якія быццам бы былі незразумелымі. Выкарыстоўваюцца парадыгмы: “Даруй, я не зразумеў…?”, “Не пачуў, ты не мог бы паўтарыць?”, “Як ты сказаў?”. Звычайна крыўдзіцель не ў стане пасля такіх пытанняў весці зносіны на абраным ім узроўні.
2. Дэкларуецца немагчымасць той формы зносін, якую прапаноўвае партнёр. “Гэта ты мне?” (міміка недаўмення; пластыка пошуку: каму адрасаваны такі зварот? Але без кпінаў, пагарды).
3. Дэманстрацыя партнёру іншай формы зносін (культурнай). Парадыгма: “Калі я цябе правільна зразумеў…”, і дадаецца тое, што сказаў партнёр, але ўжо ў этычнай форме (дапамагае вывесці на больш высокі ўзровень зносін).
4. Спасылка на асобасныя асаблівасці — дэкларацыя асобасных якасцей, якія не дазваляюць чалавеку весці зносіны на зададзеным узроўні: “Я не прывык да такога…”, “Мне заўсёды няёмка…”, “Я так выхаваны, што не магу…”. Суб’ект быццам шкадуе, што не можа падтрымаць зносіны на зададзеным узроўні, але гэты жаль цвёрды і няўхільны.
5. Апраўданне паводзін — спосаб, які ўзвышае партнёра, прызнае яго вартасці. “Верагодна, ты хацеў…”, “Напэўна, ты думаў…”. Партнёр як бы бачыць у люстэрку свае добрыя магчымасці. Крыўдзіцель міжволі пагаджаецца з пазітыўнымі прапановамі, і ўзровень зносін падымаецца.
6. Праяўленне добразычлівасці — спосаб вясёлага ігнаравання таго, што адбылося. Канцэнтрацыя ўвагі на дэталях. “Як добра, што ты нагадаў мне…”, “Калі б не ты, я б не заўважыў…”, “Дзякуй, што сказаў мне пра гэта”, “Які ты ўважлівы да мяне…”.

Жорсткія формы абароны
Такія формы абароны могуць выкарыстоўвацца толькі ва ўзаемаадносінах са старшакласнікамі. Іх выкарыстоўваюць рэдка, паколькі ў выніку камунікацыя часова перарываецца.
1. Велікадушнае дараванне — бачная пакорлівасць грубасці партнёра, які пакуль не можа паводзіць сябе іначай. “Калі табе так хочацца…”, “Калі толькі так ты і ўмееш…”, “Калі гэта прыносіць табе пачуццё задавальнення…”. Гэта моцнае ўздзеянне, якое не прадугледжвае далейшых зносін ці высвятлення адносін.
2. Супастаўленне вартасцей партнёра з яго паводзінамі. Парадыгма гэтага спосабу: “Ты такі… (разумны, прыстойны), а…”. Апошняя частка фразы недагаворана, яе дагаворвае, дадумвае крыўдзіцель.
3. Пакінуць сам-насам — спосаб жорсткі і лаканічны. Разрыў адносін “тут і цяпер”. Адказнасць за зробленае перакладваецца на партнёра. Выкарыстоўваюцца парадыгмы: “Верагодна, ты не здольны зразумець, што ты сказаў”, “Шкада, што ты не ўсведамляеш, што зараз адбылося”, “Ты не разумееш, што зрабіў”.
Выкарыстоўваючы спосабы этычнай абароны, важна прасачыць, каб педагог не скочваўся ў гразкае балота павучанняў і адкрытай ацэнкі, не павышаў голас, не губляў самавалодання. І памятайце галоўнае: нават абараняючыся, вы закліканы развіваць асобу выхаванца, паколькі педагог — эталон для пераймання.

Алена БАЧЫЛА,
выкладчык БНТУ.