Ад лялькі Барбі да цукерачнага карабля

Цукерачна-букетны перыяд — так гавораць пра час, калі адносіны людзей, якія адчуваюць адно да аднаго сімпатыю, самыя яркія і афарбаваны ў радасныя тоны. У нашай рубрыкі сёння менавіта такі час, але толькі не ў пераносным сэнсе, а ў самым прамым. Чаму? А таму што ў Кацярыны Вікенцьеўны Бурак, педагога ясляў-сада № 137 Мінска, справа па душы так і называецца — “Букеты, або Кампазіцыі з цукерак”. Цукеркі і самі па сабе добрыя, любімыя дзецьмі і дарослымі, а складзеныя ў букеты або ў арыгінальныя кампазіцыі выглядаюць і ўспрымаюцца як маленькі цуд.

— Кацярына Вікенцьеўна, як нарадзілася такое незвычайнае захапленне?
— Убачыла ў інтэрнэце фатаграфіі букетаў з цукерак, выкананых іншымі, захапілася і сама стала вучыцца гэтай справе. Пачала з простага: з вырабу кветак з цукерак. Гэта былі ружачкі: з тонкай гафрыраванай паперы пялёсткі, а ўнутры асяродак — цукерка. Першыя вырабы падарыла маім бацькам. Ім спадабалася. Натхнёная поспехам, працягнула вучыцца, праглядаючы вучэбныя ролікі ў інтэрнэце. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі, дзе працую, праводзіліся кірмашы, святы для дзяцей і бацькоў. Гэтыя падзеі стымулявалі развіццё маёй творчасці. Па сваёй ініцыятыве зрабіла да дзіцячага ранішніка, прысвечанага 8 Сакавіка, цукерачныя кветачкі, якія дзеці потым дарылі сваім мамам у дадатак да выкананых танцаў і песень.

— А былі іншыя сюрпрызы для дзяцей і бацькоў?
— Былі. Вельмі спадабалася мне ідэя вырабу імправізаванага торта з кардонных каляровых скрыначак. Скрыначка выглядае як кавалачак торта, усярэдзіне якой — сюрпрыз. Напрыклад, калі дзіця выбрала чырвоную скрыначку — у ёй пажаданне здароўя і вітамінка, а калі жоўтую, то там пажаданне салодкага жыцця і цукерка, калі блакітную, то ўсярэдзіне каляровыя крэйды і пажаданне яркага жыцця.

— Як ставяцца калегі да вашага захаплення?
— Ім падабаецца тое, што я раблю. У нас творчы і дружны калектыў. Захапленне іншых акрыляе, хочацца зноў шукаць ідэі і ўвасабляць іх.

— Калегі просяць вас навучыць іх ствараць букеты з цукерак?
— Вучняў на рабоце ў мяне няма. Нашы педагогі самі шмат чаго ўмею ць, у кожнага сваё захапленне. Затое дома ў мяне ёсць маленькая вучаніца — гэта дачушка Альбіна. Мы рабілі разам для яе дзетсадаўскай групы цукерачныя сюрпрызы. Цяпер ужо як першакласніца Альбіна атрымала грамату пераможцы школьнага конкурсу “Восеньскія фантазіі”, прысвечанага Дню горада, за нашу сумесную работу. Альбіна займаецца ў танцавальнай студыі. Калі мы з дачкой падарылі нашаму педагогу кампазіцыю ў выглядзе торта з букетам з цукерак, яна, натхнёная нашым падарункам, прыдумала і паставіла танец “Ласуны”. А я для ўсіх удзельнікаў гэтага танца зрабіла рэквізітныя тарты. Дзеці з задавальненнем выконвалі танец. Ды яшчэ, дзякуючы гэтым тартам, пакуль чакалі выступлення, нашы дзеці вылучаліся ў зале яркімі кропкамі. Мама аднаго хлопчыка з нашай танцавальнай студыі таксама захапілася стварэннем кампазіцый з цукерак. Дома ў мяне ёсць галоўны памочнік і натхняльнік — муж Дзмітрый Мікалаевіч. Ён падтрымлівае мяне ва ўсім, дапамагае рабіць загатоўкі: выразае, шліфуе, выточвае. І, вядома, ганарыцца нашымі з дачкой умелымі рукамі.

— Кацярына, а ў дзяцінстве, як і ваша дачка, любілі нешта ствараць сваімі рукамі?
— Не. У дзяцінстве я шмат часу аддавала вучобе, іграла на фартэпіяна, спявала. І толькі калі стала дарослай, захапілася стварэннем букетаў з цукерак. Майму захапленню адзін год. Дарэчы, як толькі стала рабіць кампазіцыі з цукерак, то мы ў сям’і сталі іх менш есці. Цікавы эфект, нечаканы.

— Якія букеты з цукерак любімыя? Якія засталіся ў памяці ярчэй, чым астатнія?
— Канечне, цукерачныя архідэі для мамы, тапіярый з цукеркамі, выкананы з дачкой, кампазіцыя ў беларускім нацыянальным стылі, цукерачны ананас, які абрамляе шампанскае, навагодні вянок. Не выключана, што з-за гэтага ўдалага навагодняга цукерачнага вяночка і год быў добрым.

— Напэўна, родныя і сябры атрымліваюць у падарунак вашы вырабы?
— Канечне, атрымліваюць. І вельмі радуюцца такім падарункам. Сябры з Расіі атрымалі ў падарунак кампазіцыю з цукерак у абгортках, малюнкі на якіх маюць нацыянальны беларускі каларыт, на гадавіну вяселля сяброўкі падарыла кампазіцыю з галубкамі. У мяне дома амаль не засталося цукерачных букетаў, таму што ўвесь час знаходзіцца нагода для падарункаў добрым людзям. Часта я падбіраю вобразы, колеры, арыентуючыся на густы чалавека, якому рыхтую падарунак.

— Што адчувае чалавек, ствараючы цукерачныя букеты?
— Радуецца прыгажосці, чакае радасці чалавека, які атрымае букет, супакойваецца, паляпшае настрой, самаадчуванне.

— Якія ў вас планы на будучыню ў сувязі са справай па душы?
— Канечне, рабіць падарункі да Дня настаўніка! Хачу штосьці зрабіць з цукерак на марскую тэму. Якраз калега прывезла мне з летняга адпачынку прыгожых ракавінак. Яшчэ хачу атрымаць статус рамесніка.

— Якія парады можаце даць нашым чытачам, якія возьмуць з вас прыклад і захочуць ствараць букеты з цукерак?
— Набыць клеявы пісталет. Працаваць толькі з гэтым інструментам. Аднойчы атрымалася так, што, ствараючы прыгожы ананас з цукерак увечары, змацоўвала кампазіцыю без інструмента, а раніцай знайшла толькі горку цукерак, якія рассыпаліся. Фантазіруйце і не бойцеся брацца за выкананне самых розных вобразаў — ад лялькі Барбі да цукерачнага карабля. Ну а самае галоўнае — працуйце з добрым настроем!

Святлана РАДЗЬКОВА.