Асенняя сімфонія пазнацветаў

У Старажытнай Грэцыі лічылі, што асенні пазнацвет з’явіўся дзякуючы Персефоне, дачцэ Геі, багіні зямлі. Легенда расказвае, быццам, не ведаючы, куды дзелася яе дачка, Гея была вельмі засмучана, таму ўсе расліны вакол пачалі вянуць і гінуць, з дрэў асыпалася лісце, усё пажухла і стала маркотным. Выкрадзеная богам падземнага царства прыгажуня Персефона паслала кветкі пазнацвету асенняга на зямлю як прывітанне сваёй засмучанай маці. Убачыўшы кветкі, багіня зямлі здагадалася, што гэта дачка дае ёй вестку аб тым, дзе яе шукаць.

Для нас ужо даўно стала звычкай праводзіць зіму з цвіценнем веснавых першынцаў — пралесак, крокусаў, гусінай цыбулі жоўтай. З году ў год іх кароткае, але яркае з’яўленне ажыўляе зімовую спячку і прымушае захапляцца гэтым надзвычайным цудам прыроды. А ўвосень мы любуемся цвіценнем пазнацвету.
Назва кветкі вельмі дакладна адлюстроўвае яе сутнасць. Зусім не ў час раскрывае яна свае яркія званочкі, здзіўлена гледзячы на мяцежныя чароды жоўтага лісця пад косымі пырскамі першага асенняга дажджу. Наўрад ці хто-небудзь застанецца абыякавым, пабачыўшы гэты маленькі цуд. Пазнацвет часта называюць асеннім крокусам, ён сапраўды вельмі падобны на крокус (шафран), які расцвітае адразу ж пасля сходу снегу. Сапраўднае ж яго батанічнае імя — колхікум, і адносіцца ён да сям’і лілейных. Простыя і махровыя кветкі званочкавай або лейкападобнай формы рэдка бываюць жоўтымі, у асноўным белымі, ружовымі, бэзавымі, ліловымі, пурпурнымі і фіялетавымі. Вясной з цыбуліны пазнацвету з’яўляюцца шырокія лісты даўжынёй да 30 см, а між імі — плады, якія сфарміраваліся ўвосень: зялёныя каробачкі павольна ўзнімаюцца на сцябле, а пасля паспявання раскрываюцца, вызваляючы чырванавата-карычневае насенне. Паспяванне плода адбываецца за кошт пажыўных рэчываў клубнецыбуліны, якая паступова высільваецца, але ў гэты ж час ля яе асновы фарміруецца ад 1 да 3 маладых цыбулінак. Да сярэдзіны лета плод канчаткова паспявае, і старая цыбуліна адмірае цалкам, лісты засыхаюць, а маладыя цыбулінкі дасягаюць максімальных памераў і пачынаюць укараняцца. З надыходам асенняга вільготнага надвор’я яны выкідваюць кветкі, а працэс зноў паўтараецца. Ёсць сярод пазнацветаў і віды, якія цвітуць вясной: пазнацвет анкарскі, пучкаваты, водалюбівы, венгерскі і жоўты. Вясной іх кветкі ўтвараюцца адначасова з лісцем, а перыяд вегетацыі не вельмі адрозніваецца ад іншых кветак. Але ў культуры большай папулярнасцю, канечне, карыстаюцца віды, якія цвітуць увосень: пазнацвет цёмна-пурпурны, асенні, асаблівы, яркі і Борнмюлера. Іх цвіценне працягваецца часам да самых замаразкаў. Пры спрыяльных умовах адліг кветкі і лісце ў пазнацвету могуць з’яўляцца нават зімой.

Пасадка і догляд

Пасадку пазнацвету рэкамендуецца праводзіць у перыяд спакою. Насенне пасля паспявання можа ўтвараць самасеў (не вельмі багаты), таму іх збіраюць і высяваюць на асобную градку. Такім чынам рэкамендуецца вырошчваць толькі віды, якія не ўтвараюць даччыныя цыбуліны (пазнацвет жоўты). Астатнія віды лепш размнажаць вегетатыўна — даччынымі цыбулінамі. Справа ў тым, што пазнацветы, якія выраслі з насення, зацвітаюць толькі на 6—7 год, што, натуральна, не вельмі задавальняе кветкаводаў. Насенне трэба сеяць адразу пасля збору або вясной пасля 4—6 месяцаў стратыфікацыі. Расці пазнацвет можа практычна ў любой пажыўнай водапранікальнай глебе, і асаблівага догляду сеянцы не патрабуюць: прарэджванне пры разрастанні, перыядычнае паліванне да адмірання лісця, выдаленне пустазелля і ўкрыццё на зіму.
Варта звярнуць увагу, што ўсе часткі пазнацвету (любога віду) атрутныя і работы па доглядзе за ім рэкамендуецца праводзіць у пальчатках.
Вырошчванне пазнацветаў з цыбулін — занятак больш просты і цікавы, бо даволі буйная цыбуліна пры ранняй пасадцы можа выкінуць кветку ўжо ў першы год. Для пасадкі не абавязкова выбіраць пастаяннае месца, бо пры доўгім (больш за 5—6 гадоў) вырошчванні пазнацвету на адным месцы драбнеюць яго даччыныя цыбулінкі і, адпаведна, кветкі. Таму аптымальна расліну трэба перасаджваць (рассаджваць) кожныя 2—3 гады.
Месца для колхікуму варта падбіраць сонечнае або ў лёгкім паўцені, у цені пад дрэвамі ён становіцца лёгкай здабычай для смаўжоў. Пры выбары месца пасадкі звычайна падбіраюць і “суседзяў”, якія б своечасова прыкрывалі недэкаратыўнае лісце пазнацвету, якое жаўцее: ядловец, марознік, півоня. Можна пасяліць колхікум і ў альпінарый, ракарый, ля вадаёма.

Сухая выганка

Пазнацвет валодае незвычайнай здольнасцю зацвітаць нават без зямлі і вады. Дастаткова пакласці адну або некалькі цыбулін у прыдатную дэкаратыўную пасудзіну — і чакайце кветак! Пасля “сухога” цвіцення расліны ўсё ж варта высадзіць у сад, дзе яны адразу ж укараняцца.

Прыблізна ў сярэдзіне ліпеня, калі плады пазнацвету паспеюць, а лісце пажаўцее і ляжа на зямлю, цыбуліны можна выкапаць. Таму што “сядзяць” яны звычайна глыбока — на 30—35 см, капаць трэба акуратна. Клубнецыбуліны злёгку вызваляюць ад зямлі, выдаляюць старыя цыбуліны і рэшткі лісця. Пакрываючыя лускі не знімаюць і не вельмі коратка зразаюць утвораныя імі трубкі. Цыбуліны прамываюць у звычайнай вадзе, пратручваюць у моцным растворы марганцоўкі і прасушваюць да пасадкі (мінімум 2—3 дні) пры тэмпературы каля 24°С у сухім месцы, якое праветрываецца, у цені. Пасадку праводзяць да сярэдзіны жніўня, пры больш позніх тэрмінах клубнецыбуліны могуць выкідваць бутоны проста ў хатніх умовах і ў суровыя зімы замярзаць. Глыбіню пасадкі рэгулююць з улікам памераў цыбулін: дробныя паглыбляюць на 8—12 см, буйныя — на 12—15 см, між імі пакідаюць адлегласць 15—10 см. Пры перасадцы на ранейшае месца ў глебу дадаткова ўносяць вядро перагною і паўвядра пяску. Глебу па меры неабходнасці перыядычна паліваюць, для падтрымання дэкаратыўнасці кветкі пазнацвету, якія вянуць, зразаюць. У зімовы перыяд пасадкі прыкрываюць пластом лісця, а вясной ахоўваюць ад застою талых вод. У маі расліны двойчы падкормліваюць слабым растворам дзіванны (1:20) або комплекснымі ўгнаеннямі.

Выганка пазнацвету

Буйныя (ад 3 см у дыяметры) цыбуліны пазнацвету таксама можна выкарыстоўваць для зімовай выганкі, прычым пасля гэтага іх не трэба будзе выкідваць, як гэта звычайна адбываецца з іншымі цыбульнымі. Выкапаныя летам добра прасушаныя клубнецыбуліны змяшчаюць у халаднаватае цёмнае месца, а за месяц да чаканага цвіцення саджаюць у скрыні (вазоны) з урадлівай глебай, перыядычна паліваюць і трымаюць у паўцені ва ўмовах сярэдняй хатняй тэмпературы да з’яўлення парасткаў. Потым скрыні пераносяць на добра асветленае месца, дзе пазнацветы зацвітаюць. З адной цыбуліны можа з’яўляцца па чарзе некалькі кветак, таму скрыні прыбіраюць толькі пасля поўнага адцвітання. Зімой у хатніх умовах ёмістасці з пазнацветамі пакідаць не рэкамендуецца, бо ім для нармальнага развіцця патрэбны халаднаваты перыяд спакою. Скрыню можна вынесці на балкон, але лепш — прыкапаць у садзе або прысыпаць снегам — так клубнецыбуліны дакладна не вымерзнуць, вясной абрастуць пышным лісцем і змогуць даць патомства.

Прыгожы пазнацвет атрутны

Атрутная нават вада, у якой стаялі кветкі. У садзе мы вырошчваем нямала атрутных раслін, у тым ліку аканіт, ворлікі, марознік, ландышы, наперстаўку, і, як правіла, яны нікога не палохаюць. А вось да пазнацвету стаўленне насцярожанае. Магчыма, віной гэтаму выпадкі, калі сакавітае, апетытнае на выгляд лісце лічылі за мядзведжую цыбулю з усімі сумнымі наступствамі, якія адсуль вынікаюць. Будзьце асцярожныя!

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца біялогіі і хіміі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*