За апошнія 10 гадоў, па даных афіцыйнай статыстыкі, у дзяцей да 14 гадоў назіраецца выяўленая ўстойлівая тэндэнцыя росту першасных хвароб вачэй і іх прыдаткавага апарату, у тым ліку міяпіі. У цэлым распаўсюджанасць парушэнняў зроку склала 99,9 на 1000 абследаваных, г.зн. прыкладна кожнае дзясятае дзіця пакутуе ад парушэнняў зроку. Насцярожвае яўны рост парушэнняў зроку сярод дашкольнікаў.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што большасць хвароб і станаў, якія выклікаюць парушэнне зроку і слепату, можна папярэдзіць ці лёгка вылечыць пры дапамозе вядомых і недарагіх мер, таму важнае значэнне набывае першасная і другасная прафілактыка.
Як жа дапамагчы свайму дзіцяці захаваць добры зрок?
Нельга нядбайна ставіцца да аглядаў афтальмолага. Спецыяліст дапаможа выявіць праблему на пачатковай стадыі і пры своечасова прынятых мерах хваробу можна папярэдзіць. Таксама своечасовае лячэнне хваробы можа знізіць колькасць ускладненняў.
Важна не даваць вачам ператамляцца, абавязкова трэба чаргаваць перыяды зрокавай нагрузкі з гімнастыкай для вачэй для прафілактыкі зрокавай стомленасці. Пасля 15—20 хвілін работы з электроннымі прыладамі надыходзяць першыя прыкметы зрокавай стомленасці. Натуральна, што нельга дапускаць бескантрольнага прагляду тэлевізара, карыстання камп’ютарам і электроннымі прыладамі. Адлегласць ад вачэй да манітора рэгламентуецца дыяганаллю экрана і яго адрознівальнай здольнасцю. Схема работы за камп’ютарам для малодшых школьнікаў: 15 хвілін работы, 30 хвілін адпачынку. У сярэдняй ці старшай школе: 30 хвілін работы, 10 хвілін перапынку.
У перапынках мэтазгодна выкарыстоўваць зрокавую гімнастыку, гэта нескладаныя практыкаванні для вачэй, якія дапамогуць захаваць зрок. Вось некаторыя прыклады практыкаванняў:
1. На працягу 10 секунд заплюшчваць і расслабляць вочы.
2. Не паварочваючы галавы, паглядзець направа і зафіксаваць позірк на лік 1—4, потым паглядзець перад сабой удалячынь на лік 1—6, аналагічным чынам праводзяцца практыкаванні, але з фіксацыяй позірку ўлева, уверх і ўніз. Паўтарыць 2 разы.
3. Глядзець удалячынь на працягу 1 хвіліны, потым памаргаць вачыма на працягу 20 секунд, потым “паскакаць вочкамі з лесвіцы” — рухаць вачыма ўверх-уніз на працягу 10 секунд.
Гэта толькі невялікая колькасць прыкладаў практыкаванняў для зрокавай гімнастыкі.
Чытанне і выкананне дамашняга задання таксама не павінна адбывацца бескантрольна. Самым правільным месцам для чытання з’яўляюцца спецыяльна падабраныя пад дзіця стол і крэсла. Дзіця павінна сядзець з сагнутымі нагамі, датыкаючыся да падлогі, спіна прамая, адлегласць да кнігі 40—50 см, кніга павінна размяшчацца пад нахілам, напрыклад, на спецыяльнай падстаўцы. Для асвятлення лепш выкарыстоўваць натуральнае святло. Калі дзіця праўша, святло павінна падаць злева. Пры выкарыстанні штучнага асвятлення важна дабіцца дастатковай інтэнсіўнасці святла, памяшканне не павінна быць паўзмрочным, лепш пазбегнуць утварэння дадатковых ценяў у зоне чытання. Неабходна рабіць перапынкі пасля кожных 30 хвілін чытання ці выканання дамашняга задання.
Нельга не сказаць аб правільным харчаванні: для падтрымання зроку важна ўжываць дастатковую колькасць вітаміну А (400—700 мкг у суткі), крыніца яго — рыбін тлушч, печань, малако, яйкі, і бэта-караціну (да 5 мг у суткі) — аранжавая гародніна і садавіна, галоўным чынам морква. Каб лепш засвойваўся вітамін А, прадукты лепш ужываць з дабаўленнем алею. Таксама мэтазгодна ўжываць дабаўкі з лютэінам.
Таццяна КАЗАК,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.