Адсутнасць кантролю з боку бацькоў, бестурботнасць, невыкананне правілаў бяспекі з боку дзяцей — гэтыя дзве прычыны сталі вынікам таго, што ўжо ў самым пачатку канікул адбыліся непапраўныя і трагічныя выпадкі.
8 чэрвеня ў Магілёве некалькі падлеткаў купаліся на Дняпры. Месца для адпачынку не прызначана — метраў пяць ад берага зусім плытка, далей ляжыць некалькі аўтапакрышак, за імі глыбокая яма-вір. Менавіта ў гэтым злашчасным месцы хлопцы, забаўляючыся, ныралі. Але адзін з іх, нырнуўшы чарговы раз, на паверхні не з’явіўся. Выкліканыя па трывозе ратавальнікі Дняпроўскай станцыі прыбылі праз некалькі хвілін, але хлапчук да таго часу ўжо быў мёртвы.
9 чэрвеня ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці патануў дзесяцігадовы хлопчык. І ў гэтым выпадку хлопчыкі і дзяўчынкі купаліся на рацэ без нагляду дарослых.
У перыяд летніх канікул дзеці адпраўляюцца на адпачынак у вёскі да бабуль і дзядуляў, на дачу. У працах і клопатах дарослым не заўсёды хапае часу ўсачыць за дзецьмі, папярэдзіць, пракантраляваць.
2 чэрвеня трагедыя адбылася ў в.Падгорная Стаўбцоўскага раёна. У дзяжурную службу МНС паступіла паведамленне пра задымленне ў жылым доме. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС суседзі вынеслі з дома загінуўшага падлетка.
Паважаныя дарослыя, нагадайце дзецям аб правілах паводзін на вадаёмах:
* ні ў якім выпадку дзіця не павінна знаходзіцца каля ракі ці возера адно;
* калі вы не можаце суправаджаць дзіця на вадаём, папрасіце каго-небудзь з суседзяў, сваякоў. Галоўнае, каб дзеці не заставаліся ля вады адны;
* растлумачце дзіцяці, што яго бяспека залежыць ад яго, таму яно павінна быць асцярожным і выконваць правілы паводзін на вадзе;
* растлумачце дзіцяці, што, калі яно добра плавае, не трэба хваліцца гэтым перад сябрамі і ладзіць спаборніцтвы;
* папярэдзьце, што плаваць можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, ні ў якім разе не заплываць за буйкі, не падплываць да катараў (суднаў і г.д.);
* плаваць на надзіманых матрацах, аўтамабільных камерах трэба толькі ўздоўж берага, калі плаўсродак перавернецца, можна заўсёды выбрацца з вады на бераг;
* раскажыце пра небяспеку гульняў на вадзе (што нельга паднырваць пад тых, хто купаецца, хапаць за ногі, тапіць, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе);
* раскажыце дзіцяці, што, калі хтосьці тоне, трэба выклікаць ратавальнікаў па тэлефоне 101 або 112.
* Тлумачце сваім дзецям, што, перш чым кудысьці пайсці, яны павінны сказаць пра гэта дарослым;
* у выпадку, калі дзеці ідуць гуляць, вы павінны ведаць, дзе і з кім яны будуць знаходзіцца;
* паспрабуйце даваць дзецям пасільныя заданні і прагаварыце, чым яны будуць займацца ў вашу адсутнасць;
* не дазваляйце дзецям (дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту) у вашу адсутнасць карыстацца самастойна газавымі і электрычнымі прыборамі;
* дзеці павінны ведаць, як з вамі звязацца, калі нешта адбылося;
* яшчэ раз нагадайце, што ў выпадку пажару або іншай сур’ёзнай сітуацыі можна звярнуцца па дапамогу, патэлефанаваўшы па тэл.101 (112).
Напярэдадні дзесяцікласнік прыехаў на дачу і знаходзіўся там адзін. Як высветлілася, падлетак збіраўся прапаліць у печы. На наступны дзень раніцай суседскі хлопчык зайшоў па сябра, каб разам паехаць у школьны лагер. Аднак дом быў зачынены, а юнак не адгукаўся. Суседзі, падышоўшы да дома, адчулі слабы пах дыму і выбілі ўваходныя дзверы. На падлозе каля канапы знайшлі хлопца без прыкмет жыцця, пра што паведамілі ў МНС. Як мяркуецца, смерць наступіла ў выніку атручэння чадным газам з-за заўчаснага закрыцця засаўкі коміна печы.
13 чэрвеня каля в.Альгова Віцебскага раёна ў пясчаным кар’еры загінуў дзесяцігадовы хлопчык. Як высветлілася, у кар’еры глыбінёй 15 метраў гулялі трое дзяцей. У выніку абвальвання пяску на плошчы 100 квадратных метраў аднаго з дзяцей засыпала. Ратавальнікі дасталі дзіця з-пад паўтараметровага пласта пяску, на жаль, нягледзячы на рэанімацыйныя мерапрыемствы, медыкі канстатавалі смерць.
Запалкі дзецям не цацкі. На жаль, гэтая ўсім вядомая фраза не губляе сваёй актуальнасці. Прыкладаў, калі агонь у руках дзяцей станавіўся прычынай пажару, дастаткова, таксама нямала выпадкаў, калі ў выніку гульняў з агнём дзеці атрымлівалі сур’ёзныя апёкі або траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Вельмі часта дзеці “эксперыментуюць” з лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі, іншымі небяспечнымі рэчывамі, і наступствы гэтага заўсёды прадказальна сумныя.
Гэтай зімой у пасёлку Праўдзінскі Пухавіцкага раёна вучні 7 класа, гуляючы ў двары, вырашылі праверыць наяўнасць бензіну ў кінутым легкавым аўтамабілі. Калі адзін з хлапчукоў паднёс запалку да гарлавіны бензабака, адбылася ўспышка пары бензіну. З тэрмічным апёкам твару, валасяной часткі галавы І—ІІІ ступені (4% цела) падлетак быў шпіталізаваны.
Паважаныя бацькі, падумайце яшчэ раз, ці ўсё вы зрабілі для таго, каб адпачынак вашага дзіцяці быў бяспечным?
Іна ЧУГАЙ,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.