Дапамагае кінезіялогія

Вопыт выкарыстання элементаў кінезіялогіі ў выхаваўча-адукацыйным працэсе ў дашкольных установах добра вядомы і паказаў ужо сваю выніковасць. Для нас, педагогаў-дашкольнікаў, якія працуюць з дзецьмі з парушэннямі маўлення і зроку, магчыма выкарыстоўваць багаты патэнцыял гэтага напрамку дзейнасці ў карэкцыйнай і лячэбна-аднаўленчай рабоце.

Мы пераканаліся, што выкарыстанне сістэмы кінезіялагічных практыкаванняў, гульняў у карэкцыйнай рабоце з дашкольнікамі з парушэннямі зроку і маўлення спрыяе развіццю пазнавальных працэсаў, зрокавага ўспрымання, агульнай і дробнай маторыкі, павышэнню разумовай працаздольнасці, сінхранізацыі работы паўшар’яў галаўнога мозга, зняццю эмацыянальнага напружання, замацаванню навыкаў арыенціроўкі ў вялікай і малой прасторы, фарміраванню полісенсорнага ўспрымання.

Прывяду некалькі прыкладаў. Комплексы практыкаванняў плануюцца і праводзяцца на падгрупавых і індывідуальных занятках у якасці арганізацыйнага моманту, дынамічнай паўзы, зрокавай і пальцавай гімнастыкі. Яны дазваляюць павышаць рухальную актыўнасць дзяцей на занятках, падтрымліваць цікавасць, вырашаць карэкцыйныя і лячэбна-аднаўленчыя задачы.
На кожным этапе лячэння дзіцяці на карэкцыйных занятках праводзяцца кінезіялагічныя гульні і практыкаванні, якія спрыяюць замацаванню вынікаў апаратнага лячэння зроку. На першым этапе лячэння ўключаем у заняткі гульні і практыкаванні, якія садзейнічаюць актывізацыі дзейнасці амбліяпічнага вока. Так, падчас зрокавай нагрузкі дзеці выконваюць заданні па раскладванні дробных прадметаў. Дзіцяці прапаноўваецца разабраць фасолю і гарох, якія ляжаць на талерках. Узяць правай рукой фасолю і пакласці яе справа на парожнюю талерку. Левай рукой узяць гарох і пакласці яго на іншую талерку злева. Рукі працуюць адначасова. Для ўскладнення можна браць правай рукой фасолю і выкладваць на левую талерку, а левай рукой выкладваць гарох на правую талерку. Гэтыя практыкаванні сінхранізуюць работу паўшар’яў, павышаюць вастрыню зроку і паляпшаюць зрокава-рухальную каардынацыю.

На другім этапе плануюцца практыкаванні, якія замацоўваюць вынікі. З гэтай мэтай дзяцей вучаць, напрыклад, накладваць адзін малюнак на іншы, падбіраць каляровы малюнак да контуру або сілуэта, дакладна сумяшчаючы іх (“Пастаў машыну ў гараж”, “Кураня ў яйку”, “Знайдзі па контуры, сілуэце”, “Закінь шарык”). Гэтыя практыкаванні развіваюць міжпаўшарныя сувязі, спрыяюць ліквідацыі вугла касавокасці.

На наступным этапе праводзім з дзецьмі гульні і практыкаванні “Сіметрычныя малюнкі”. Маляванне ў паветры абедзвюма рукамі адначасова геаметрычных фігур (квадрат, круг, прамавугольнік, авал і г.д.).

Практыкаванне “Люстраное маляванне”. Маляванне на аркушы паперы алоўкамі (фламастарамі) у вертыкальнай або гарызантальнай плоскасці адначасова абедзвюма рукамі люстрана-сіметрычных ліній (вертыкальных, гарызантальных, хвалістых), прадметаў. Можна намаляваць абедзвюма рукамі адначасова любыя геаметрычныя фігуры, а затым зафарбаваць іх кропкамі або вертыкальнай ці гарызантальнай штрыхоўкай. Гэтыя практыкаванні фарміруюць зрокава-маторную каардынацыю, увагу, памяць і разумовыя аперацыі.

Замацаванне вынікаў лячэбна-аднаўленчай работы мае лагічны працяг пры выкарыстанні комплексаў зрокавай гімнастыкі, якія маюць месца на кожных карэкцыйных занятках. Яны праводзяцца для падрыхтоўкі зрокавага апарату да работы або для зняцця зрокавага напружання, а таксама развіцця вокарухальных мышцаў, што асабліва важна пры касавокасці.

Практыкаванне “Гарызантальная васьмёрка”. Выцягнуць перад сабой правую руку на ўзроўні вачэй, пальцы сціснуць у кулак, пакінуць выцягнутымі ўказальны і сярэдні. Намаляваць у паветры знак бясконцасці як мага большага памеру. Сачыць вачыма за кончыкамі пальцаў, не паварочваючы галавы. Вочы і пальцы рухаюцца плаўна без спынення. Для выканання гэтага практыкавання можна выкарыстоўваць белы ліст шчыльнай паперы з намаляванай на ім “гарызантальнай васьмёркай” зялёнага колеру. Практыкаванне паўтарыць па 3—5 разоў кожнай рукой, затым паўтарыць гэты рух абедзвюма рукамі.

Практыкаванне “Вялікія павароты”. Стоячы на прамых нагах, павольна паварочвацца ўсёй верхняй часткай цела. Пры павароце ў адзін бок пятку процілеглай нагі адарваць ад падлогі. Глядзець мякка і расслаблена, не фіксуючы позірк. Паўтарыць некалькі разоў у павольным тэмпе. Для ўскладнення паднесці далоні да твару, шырока растапырыўшы пальцы. Уявіць, што пальцы — гэта плот. Павольна паварочваць галаву і, “праходзячы міма плота”, глядзець скрозь пальцы ўдалячынь.

Практыкаванне “Пальмінг”. Пакласці на заплюшчаныя вочы далоні рук (пальцы скрыжаваўшы на лбе). Папярэдне разагрэць рукі (церці адна аб адну). Працягласць практыкавання 1—2 мінуты.

У выніку выкарыстання кінезіялагічных практыкаванняў у рабоце з дашкольнікамі з парушэннямі зроку можна адзначыць пэўную станоўчую дынаміку.

Для эфектыўнага выкарыстання кінезіялагічных практыкаванняў неабходна наяўнасць пераемнасці ў рабоце ўсіх спецыялістаў, а самае важнае, на мой погляд, гэта ўключэнне бацькоў у сумесную дзейнасць з дзецьмі.

Ганна ПАТАНЕЙКА,
настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага ясляў-сада № 81 Гродна
для дзяцей з парушэннямі зроку.