Едуць лэдзі на веласіпедзе…

Новыя гарадскія веладарожкі многіх з нас зрабілі калі не сапраўднымі велагоншчыкамі, то заўзятымі велааматарамі дакладна. Хто адмовіцца правесці гадзінку-другую сярод маляўнічых краявідаў на свежым паветры, ды яшчэ ў прыемнай кампаніі і з карысцю для здароўя? Пра тое, што дае такое баўленне часу прыгожай палове чалавецтва, мы раскажам у гэтым артыкуле.

Паездкі на веласіпедзе вельмі карысныя для нас, жанчын. Стройныя ногі, моцныя ягадзіцы, падцягнутыя спартыўныя сцёгны. Працяглыя веласіпедныя прагулкі з’яўляюцца цудоўнай трэніроўкай. На іх не толькі траціцца шмат энергіі — веласіпедная язда ўмацоўвае мышцы, робіць постаць рэльефнай, а сэрца — вынослівым. Акрамя таго, яна дазваляе палепшыць каардынацыю і спрыт. Веласіпедныя прагулкі — паспяховая прафілактыка варыкознага расшырэння вен. Падобная трэніроўка паляпшае кровазварот ва ўсім целе, таму яна таксама з’яўляецца выдатнай прафілактыкай вегетасасудзістай дыстаніі.
Падчас язды трэніруецца вестыбюлярны апарат, паляпшаецца кровазабеспячэнне малога таза. Таму многія раяць займацца гэтым відам спорту маладым жанчынам. Язда на веласіпедзе карысная тым, хто жадае скінуць лішнія кілаграмы. Пры руху спальваецца вялікая колькасць тлушчаў, асабліва ў вобласці сцёгнаў. Калі хочаце пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў, варта зрабіць веласіпедныя прагулкі рэгулярнымі.
Чым больш і далей вы будзеце катацца, тым больш цікавага і пазнавальнага вы ўбачыце, пазнаёміцеся з новымі людзьмі і мясцовасцю, пашырыце свой кругагляд.
На дарозе здараюцца сітуацыі, калі трэба хутка зрэагаваць і ўмомант прыняць рашэнне. Дзякуючы гэтаму аматары веласіпедных падарожжаў трэніруюць сваю рэакцыю. Але будзьце асцярожныя, рухаючыся на веласіпедзе па горадзе, не забывайце аб Правілах дарожнага руху.
Прагулкі ўмацоўваюць кволую жаночую нервовую сістэму, здымаюць стрэс, дораць выдатны настрой і зарад бадзёрасці. Свежае паветра і фізічная актыўнасць прыводзяць да выпрацоўкі эндарфінаў. У выніку пасля прагулкі вы будзеце ў выдатным настроі і забудзецеся аб прыкрых няўдачах.
Язда на веласіпедзе нават для вачэй карысная. Калі мы разглядаем дарогу і мясцовасць вакол, то трэніруем мышцы вачэй. Так зніжаецца рызыка развіцця блізарукасці і дальназоркасці.
Каб не адчуваць нязручнасцей падчас язды, выбірайце веласіпед з жаночым сядзеннем. Для тых, хто любіць камфорт ва ўсім, выдатным варыянтам стане жаночая мадэль з нізкай рамай. На такім веласіпедзе можна катацца нават у спадніцы. На кожную прагулку надзявайце ахоўныя сродкі: накаленнікі, налакотнікі і шлем. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя пальчаткі, дзякуючы якім рукі не будуць саслізгваць з руля. Калі ёсць акуляры, то можна скарыстаць іх, каб абараніць свае вочы ад пылу і сонечных промняў. Заяўляю вам цалкам аўтарытэтна: калі ў жанчыны ёсць “правільны” веласіпед, уся неабходная экіпіроўка і выбрана добрае месца для катання, то такі спорт будзе аказваць на яе толькі станоўчы ўплыў.
Пачынайце трэніроўкі з 15—30 хвілін у дзень, прыбаўляючы паступова па 5—10 хвілін. І спыняйцеся на дасягнутым у выпадку болю ў мышцах ног і суставах. Прыслухайцеся да свайго арганізма, дайце яму прывыкнуць да павелічэння інтэнсіўнасці нагрузак.
Наша парада: перад тым, як сесці на веласіпед, папрысядайце і трохі разагрэйце мышцы. Праедзьце на веласіпедзе пару кіламетраў улегцы, не даючы нагрузку на ногі.
І яшчэ. Як у любым спорце, пасля веласіпеднай прагулкі не варта адразу налягаць на бутэрброды. Лепш пачакаць на працягу гадзіны ці паўтары. Таксама не варта адпраўляцца катацца на веласіпедзе адразу ж пасля прыёму ежы. Хай пройдзе хаця б хвілін сорак. Але бутэлечка з вадой у дарозе не перашкодзіць, асабліва калі вы мяркуеце, што затрымаецеся надоўга.
Трохі пра супрацьпаказанні. Язда на веласіпедзе не рэкамендуецца людзям з захворваннямі вестыбюлярнага апарату, а таксама пры некаторых формах скаліёзу і міжпазванковых грыжах.
Засталося дадаць: сачыце, каб транспартны сродак быў у спраўным стане (працавалі тармазы, не хісталіся руль і сядзенне), рэгулярна рабіце тэхнічны агляд свайго “жалезнага каня” — і пазнавальныя прагулкі з відавочнай карысцю для здароўя вам забяспечаны!

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.