Гіперактыўнае дзіця — норма ці паталогія?

У сем’ях, дзе ёсць гіперактыўныя дзеці, бацькі сутыкаюцца з цэлым шэрагам праблем ва ўзаемаадносінах з імі. Адной з асноўных прычын такога становішча з’яўляецца сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю (СДУГ).

Праблемныя паводзіны дзяцей са СДУГ абумоўлены функцыянальнай несфарміраванасцю пэўных зон галаўнога мозга, што праяўляецца нястрыманай зваротнай рэакцыяй часцей пры добрым інтэлекце. Праявы СДУГ у дзяцей адрозніваюцца разнастайнасцю:
*дэфіцыт увагі праяўляецца надзвычайным адцягваннем увагі, няздольнасцю доўга факусіравацца на чымсьці адным, асабліва не вельмі цікавым, несабранасцю, “лунаннем у аблоках”;
*павышаная рухальная актыўнасць праяўляецца ў тым, што такому дзіцяці цяжка ўседзець на месцы, яно ўвесь час знаходзіцца ў руху, як быццам да яго прымацаваны маторчык; праяўляе бязмэтную рухальную актыўнасць; часам назіраюцца неспакойныя рухі ў кісцях і ступнях; імкнецца некуды, часта без усякага страху і з “нулявым” інстынктам самазахавання;
*імпульсіўнасць праяўляецца крайняй нецярплівасцю, дзіця ўвесь час умешваецца ў гутарку, гульню іншых дзяцей, з цяжкасцю чакае сваёй чаргі ў розных сітуацыях, часта бывае балбатлівым, часам вядзе сябе, як клоўн, можа імпульсіўна ўдарыць, не думаючы пра наступствы;
*часта назіраецца парушэнне сну, павышаная стамляльнасць, упартасць і негатывізм.
Прасочваецца пэўная залежнасць паміж наяўнай у дзіцяці сімптаматыкай і яго ўзростам. Як правіла, нарастанне сімптомаў СДУГ прымеркавана да пачатку наведвання дзіцячага садка (ва ўзросце 3 гадоў) або школы (6—7 гадоў). Падобная заканамернасць можа быць звязана з няздольнасцю цэнтральнай нервовай сістэмы спраўляцца з новымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца дзіцяці ва ўмовах павелічэння псіхічных і фізічных нагрузак. У школьнікаў на першы план выступаюць праблемы ў навучанні і парушэнне паводзін, характэрны слабая псіхаэмацыянальная ўстойлівасць пры няўдачах, няўпэўненасць у сабе, заніжаная самаацэнка, запальчывасць, задзірлівасць, апазіцыйныя і агрэсіўныя паводзіны. У падлеткавым узросце ў шэрага дзяцей нарастаюць парушэнні паводзін, агрэсіўнасць, цяжкасці ва ўзаемаадносінах у сям’і і школе, пагаршаецца паспяховасць, што ў далейшым можа прывесці да цяжкасцей у выбары і засваенні прафесіі, да парушэння грамадскіх правіл паводзін. У сувязі з гэтым намаганні бацькоў і спецыялістаў павінны быць накіраваны на своечасовае выяўленне і карэкцыю СДУГ, звядзенне да мінімуму ўздзеяння фактараў, якія пагаршаюць праявы СДУГ і здольны трансфармаваць гэтыя праявы з мінімальных у вельмі драматычныя.
Да ўрачоў варта звяртацца тады, калі педагогі і бацькі не спраўляюцца самі з гэтай праблемай. Да 2—3 гадоў павышаная рухальная актыўнасць, імпульсіўнасць могуць быць варыянтам нармальнага развіцця. Калі ж гіперактыўнасць захоўваецца, важна звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Сярэдні ўзрост звароту — 5—6 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце асабліва важна звярнуцца да спецыялістаў для таго, каб удакладніць ступень выражанасці праблемы і магчыма пайсці ў школу крыху пазней, пасля 7 гадоў. Важна не разлічваць на тое, што дзіця само зразумее, што добра і што дрэнна, трэба кантраляваць іх паводзіны і фарміраваць знешняе асяроддзе пастаянна.

Правілы для бацькоў гіперактыўных дзяцей

1. Устанавіць кантакт. З гіперактыўнымі дзецьмі вельмі цяжка. Такія дзеці нецярплівыя і пазбягаюць сітуацый напружання: ім прасцей адмовіцца, чым пачынаць нешта рабіць. Яны прыроджаныя “апазіцыянеры”: у іх заўсёды спачатку “не”. Яны ўмеюць дабівацца свайго. Адстойваючы свае пазіцыі, яныф здольны страціць кантроль над сваімі эмоцыямі, тады неабходны час, каб супакоіцца (дзве хвіліны памножаныя на ўзрост дзіцяці) і толькі затым варта пагаварыць з ім.
2. Выконваць закон пастаянства правіл: калі нельга, то нельга заўсёды.
3. Парадак і бяспека.
4. Рэжым ва ўсім. Паводзіны дзяцей са СДУГ і эфектыўнасць іх навучання часта вызначаюцца энергетычным станам дзіцяці: у сітуацыях, калі дзіця стамілася, яно становіцца некіруемым. Важна сачыць за тым, каб дзіця высыпалася і дастатковы час бывала на свежым паветры. Зносіны з камп’ютарам у гэтым выпадку павінны быць зведзены да мінімуму.
5. Правіла “куліка”: хваліць часцей, чым крычаць. Дзеці са СДУГ маюць “арэлі настрою”. Ім часта бывае сумна, яны асабліва маюць патрэбу ў новых уражаннях і не ўмеюць адкладваць задавальненне на потым. Важна гэта разумець, выкарыстоўваць у выхаванні і навучанні розныя прыёмы заахвочвання, прычым неадкладныя.
6. Знайсці тое, што ў дзіцяці добра атрымліваецца.
7. Накіроўваць энергію дзіцяці ў патрэбнае рэчышча. З гэтымі дзецьмі асабліва важна займацца: аддаваць у спартыўныя секцыі, творчыя студыі.
8. Знаходзіць магчымасць адпачыць ад гіперактыўнасці дзіцяці. Гіперактыўных дзяцей не вельмі любяць навакольныя, але самае страшнае, калі дзіця пачынаюць вінаваціць там, дзе яно не вінаватае. Тады дзіця пачынае верыць, што яно дрэннае і перастае старацца.
Важна, каб бацькі дапамагалі свайму дзіцяці, прымалі яго такім, якое яно ёсць, захоўвалі веру ў яго, верылі, што іх дзіця добрае, спагадлівае, вельмі творчае.

Ганна СУПОНЕНКА,
загадчыца аддзела медыцынскай рэабілітацыі 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.